Каму замінаў Камітэт супраць катаванняў

У Расіі працягваецца барацьба з праваабаронцамі. Чарговай ахвярай стала Міжрэгіянальная грамадская арганізацыя «Камітэт супраць катаванняў». Што стаіць за пераследам? Пра гэта — юрыст Камітэта Альбіна Мударысава.



pikiet_ich_pytali.jpg

— Старшыня «Камітэта супраць катаванняў» Ігар Каляпін заявіў аб хуткай ліквідацыі арганізацыі. Ці значыць гэта, што цяпер такі важны кірунак праваабарончай дзейнасці бу­дзе згорнуты?

— Працаваць з ганебным кляймом «замежны агент» для нас непрымальна, таму на маючай адбыцца канферэнцыі нашай арганізацыі будзе пастаўлена пытанне аб ліквідацыі. Але мы ні ў якім разе не збіраемся згортваць дзейнасць. Мы працягнем займацца абаронай правоў чалавека, але ўжо ў новым фармаце. Ліквідацыя — гэта вымушаная мера. Мы нічые не агенты. Наадварот, працуем па заявах расійскіх грамадзян, якія пацярпелі ад незаконнага гвалту з боку прадстаўнікоў улады. Аказваем ім юрыдычную і медыцынскую дапамогу.

— Наколькі запатрабаваная дзейнасць камітэта? Ці шмат было зваротаў?

— На жаль, зваротаў вельмі шмат, людзі скардзяцца на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў паліцыі, а таксама шматлікія скаргі на парушэнні правоў чалавека паступаюць з месцаў зняволення. Так, за 2014 год у Арэнбургскае аддзяленне Камітэта супраць катаванняў са скаргамі на парушэнні правоў чалавека звярнуўся 31 чалавек, за перыяд са студзеня па чэрвень 2015 года — 16 чалавек. Апошні час паступаюць скаргі на хуткую медыцынскую дапамогу. Распавяду гісторыю Ларысы Нікіцінай. Яе брата, Аляксандра Лапаціна, шпіталізавала «хуткая», а праз паўгадзіны труп Аляксандра быў знойдзены каля смеццевых бакаў непадалёк ад бальніцы. На жаль, гэта не адзінкавы выпадак, калі лекары «хуткай» аказваюцца аб’ектам скаргаў.

Кожная заява, якая паступае ў Камітэт, — гэта заўсёды цяжкая, поўная трагізму гісторыя чалавека, які сутыкнуўся з несправядлівасцю і беззаконнем. Камітэт супраць катаванняў дапамог аднавіць правы шматлікім нашым заяўнікам.

al_bina_mudarisava.jpg

Альбіна Мударысава

— Якія найбольш гучныя справы ўдалося выйграць?

— У Ніжагародскай вобласці, дзе знаходзіцца галаўны офіс Камітэта, найбольш гучнымі справамі з’яўляюцца справы Аляксея Міхеева, Вольгі Маславай, Сяргея Ляпіна, Аляксандра Навасёлава. Раскажу пра кожнага з іх сцісла.

Аляксей Міхееў быў западозраны ў згвалтаванні і забойстве дзяўчыны. У ходзе допытаў да Міхеева былі ўжытыя катаванні, у выніку чаго ён быў вымушаны напісаць «яўку з пакаяннем», а затым выкінуўся з акна, атрымаўшы пры падзенні шэраг цяжкіх траўмаў. На наступны дзень пасля гэтага дзяўчына, у забойстве якой прызнаўся Міхееў, вярнулася дадому. Рашэннем Еўрапейскага суда па правах чалавека Міхееву прысуджана кампенсацыя ў памеры 250 000 еўра. Двое міліцыянтаў атрымалі па 4 гады пазбаўлення волі.

Вольга Маслава прыйшла ў пракуратуру як сведка па крымінальнай справе, але падвергнулася неаднаразовым катаванням і згвалтаванням супрацоўнікамі пракуратуры і міліцыі. Рашэннем Еўрапейскага суда па правах чалавека Маславай прысуджана кампенсацыя ў памеры 70 000 еўра.

Сяргей Ляпін падвергнуўся катаванням электрычным токам у міліцыі для выбівання прызнальных паказанняў у здзяйсненні злачынства. Страсбургскі суд прызнаў факт катаванняў Сяргея, а таксама ўсталяваў, што следчыя органы не правялі эфектыўнага расследавання па гэтым факце. Яму прысуджана кампенсацыя ў памеры 45 000 еўра.

Аляксандра Навасёлава выкралі супрацоўнікі міліцыі, адвезлі ў лес і катаваннямі прымусілі прызнацца ў замаху на забойства. Аляксандр, спалохаўшыся за сваё жыццё, быў вымушаны напісаць яўку з павіннай. Пазней усе абвінавачванні з Аляксандра былі знятыя, а ўсё тое, што адбылося з ім, было растлумачана як «аператыўны эксперымент». ЕСПЧ у сваёй пастанове прызнаў, што Навасёлава катавалі прадстаўнікі дзяржавы, абавязаўшы Расію выплаціць Навасёлаву 27 500 еўра.

Кампенсацыі людзі атрымалі дзякуючы дзейнасці нашага Камітэта.

Не магу не расказаць пра нашы арэнбургскія справы. Справа Сяргея Іванова адрозніваецца ад большасці «катавальных» спраў, тым што аднаўленне яго правоў мы дамагліся на нацыянальным узроўні. Сяргей быў спынены супрацоўнікамі паліцыі для праверкі дакументаў, якіх у яго пры сабе не аказалася. Сяргей прапанаваў праваахоўнікам праехаць да яго дадому за пашпартам. Супрацоўнікі паліцыі пагадзіліся, і Сяргей сеў у аўтамабіль, але яго тут жа пачаў збіваць адзін з паліцэйскіх. Пасля гэтага Сяргей быў праапераваны, і яму была выдаленая селязёнка. Раённым судом г. Арэнбурга Іванову была прысуджана кампенсацыя ў памеры 300 000 000 рублёў, а вінаваты ў катаваннях быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Электрычным токам катавалі і Аляксандра Ждана, які быў сведкам па крымінальнай справе. У выніку ў яго здарыўся інсульт, і самі паліцэйскія былі вымушаныя адвезці яго ў шпіталь. Больш за 5 гадоў следчыя органы адмаўлялі Аляксандру ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Аднак пасля падачы скаргі ў ЕСПЧ, справа была ўзбуджаная. На дадзены момант крымінальная справа знаходзіцца ў судзе на стадыі судовага следства. Перад судом паўсталі 2 абвінавачаных.

А вось Аляксей Сухаў вяртаўся дадому ў пасёлак Прыгарадны пасля навучання на вадзіцельскіх курсах. Недалёка ад дома яго спынілі двое супрацоўнікаў паліцыі, якія вырашылі абшукаць Аляксея. Падчас ператрусу Сухаў убачыў, што яму спрабуюць засунуць у кішэні каноплі. Аляксей пачаў гучна крычаць і абурацца незаконнымі дзеяннямі праваахоўнікаў, спрабуючы прыцягнуць увагу, аднак крыкі не дапамаглі, і паліцэйскія жорстка збілі мужчыну, пасля чаго адвезлі на мясцовыя могілкі, паабяцаўшы, што «там яго і прыкапаць». Крымінальная справа па заяве Аляксея была ўзбуджаная толькі па заканчэнні 3-х гадоў. На дадзены момант яна знаходзіцца ў судзе на стадыі судовага следства. Перад судом паўсталі 2 абвінавачаных.

— У Расіі ўжо больш за 50 некамерцыйных арганізацый прызнаныя «замежнымі агентамі». Сярод іх — не толькі Камітэт супраць катаванняў, але і такія вядомыя арганізацыі, як «Грамадскі вердыкт», «Мемарыял», «Юрыкс» (Юрысты за канстытуцыйныя правы і свабоды), «Агора» і «Экаабарона!-Жэнсавет», «Салдацкія маці Санкт-Пецярбурга». Ці значыць гэта, што ўлада бачыць асноўную пагрозу свайго існавання ў выкананні правоў чалавека?

— Вельмі спадзяюся, што гэта не так! Думаю, што праваабарончыя арганізацыі робяць галоснымі «хворыя» тэмы для дзяржавы, прыцягваючы ўвагу СМІ, паколькі без грамадскага рэзанансу дамагчыся выніку бывае вельмі складана. У большасці выпадкаў толькі пад пільнай увагай грамадскасці атрымоўваецца дамагчыся аднаўлення правоў чалавека. Прадстаўнікам улады нашмат прасцей круціць па «зомбі-скрынях» заказныя навіны аб праблемах напрыклад, на Украіне, чым казаць пра ўласныя, і ўжо тым больш вырашаць іх. А калі прызнаць арганізацыю, якая прыцягвае ўвагу грамадства да такой праблемы як, напрыклад, катаванні, ды яшчэ і змагаецца з гэтыя жахлівай з’явай, замежным агентам, то і давер да гэтай арганізацыі будзе мінімальным. Думаю, для большасці расіянаў тэрмін «замежны агент» успрымаецца адназначна негатыўна — гэта вораг, дыверсант і інш. Адпаведна, закон аб замежных агентах і стаў масавай зброяй супраць праваабарончых арганізацый, якія прыцягваюць увагу грамадскасці да існуючых праблем.