ЕС правядзе надзвычайную сустрэчу па праблемах нелегальнай міграцыі
Еўракамісія мае намер правесці надзвычайную сустрэчу па пытаннях нелегальнай міграцыі і падрыхтаваць новую еўрапейскую стратэгію.
Еўрапейская камісія абвясціла ў нядзелю, 19 красавіка, пра намер правесці надзвычайную сустрэчу кіраўнікоў МЗС і МУС краін ЕС у сувязі з масавай гібеллю мігрантаў у Міжземным моры.
"Рэальнасць суровая і нашы дзеянні павінны быць выразнымі. На карту пастаўленыя жыцці людзей, і Еўрапейскі саюз мае маральны і гуманітарны абавязак дзейнічаць", — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Еўрапейскай камісіі. У ёй таксама паведамляецца, што Еўракамісія праводзіць кансультацыі з краінамі ЕС, з еўрапейскімі і міжнароднымі арганізацыямі для падрыхтоўкі новай еўрапейскай стратэгіі па міграцыі, якая можа быць прынята ўжо ў сярэдзіне траўня.
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Федэрыка Магерыні паведаміла, што пытанне міграцыі ўвойдзе ў парадак дня чарговай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін ЕС, якая адбудзецца 20 красавіка ў Люксембургу. Магерыні мае намер выступіць з шэрагам прапаноў, якія тычацца Лівіі, праз якую праходзіць асноўны маршрут перапраўкі нелегальных мігрантаў. Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд заявіў пра неабходнасць пашырыць выратавальную місію ў Міжземным моры. У якасці мер, якія дапамогуць выправіць сітуацыю з масавай гібеллю мігрантаў, Аланд назваў павелічэнне колькасці вартавых караблёў і ўзмацненне патрулявання самалётамі пагранічных службаў.
Папа Рымскі Францыск таксама заклікаў прыняць рашучыя меры, каб прадухіліць масавую гібель у Міжземным моры бежанцаў з Паўночнай Афрыкі, якія спрабуюць дабрацца ў Еўропу. "Выказваю маю шчырую боль перад тварам такой трагедыі і абяцаю маліцца за загінулых і іх сем'і. Заклікаю міжнародную супольнасць з рашучасцю і гатоўнасцю распачаць дзеянні, каб прадухіліць паўтарэнне падобных трагедый", — заявіў Францыск, звяртаючыся з традыцыйнай нядзельнай пропаведдзю да вернікаў, якія сабраліся на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, перадае Deutsche Welle.
Як паведамляла рэдакцыя "НЧ", у ноч на нядзелю 19 красавіка, у 200 км на поўдзень ад італьянскага вострава Лампедуза затанула рыбацкае судна — на борце было блізу 700 бежанцаў. Вядома, што выжылі 28 чалавек.
У аперацыі пошуку бяруць удзел італьянскія караблі, ваенна-марскія сілы Мальты і камерцыйныя караблі. Лампедуза ў апошнія гады стала цэнтрам прыцягнення нелегальных мігрантаў з Паўночнай Афрыкі.