Іспанія. Свінняў больш, чым грамадзян

У Іспаніі нечакана выявілі цікавы факт — колькасць свінняў упершыню ў гісторыі большая за колькасць іспанцаў.

p1020839.jpg

Такім чынам, на прыкладна 47 мільёнаў грамадзян краіны прыпадае 50 мільёнаў парсюкоў. І гэта яшчэ не фінал. Пачынаючы з 2013-га на ўнутраным рынку назіраецца вялікі попыт на свініну. 

Падаецца, такі трэнд трэба толькі вітаць, але ў яго ёсць і адмоўныя бакі. Кожная свіння ў дзень выпівае па 15 літраў вады, што пагражае водным рэсурсам краіны. Нітраты, якія ўтрымліваюцца ў фекаліях, актыўна прасочваюцца ў глебу і атручваюць яе, сцвярджаюць эколагі. 

Найбольш арыгінальная крытыка гучыць з боку змагароў з ксенафобіяй. Яны лічаць вытворчасць свініны крыніцай міжнацыянальнай варожасці, паколькі мігранты з мусульманскіх краінаў не ядуць свініны і, адпаведна, адчуваюць сябе адчужанымі ад іспанскай грамады. 

Аднак наўрад ці гэтыя аргументы паўплываюць на вытворчасць мяса. У тым ліку таму, што іспанцы вельмі любяць стравы са свініны. 

Па сутнасці, гэта частка нацыянальнай ідэнтычнасці. Невыпадкова падчас сярэднявечных войнаў з арабамі публічнае ўжыванне свініны было адным з сімвалаў іспанскага і хрысціянскага супраціву.

Паводле іспанскай прэсы