«Грузінская мара» прайшла па краі, перамагаючы рух Саакашвілі
Пасля падліку 99,92% галасоў у Грузіі на муніцыпальных выбарах лідзіруе кіруючая партыя «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія». Паводле даных ЦВК, яна набірае 46,65%.
На другім месцы — апазіцыйная партыя «Адзіны нацыянальны рух», створаная былым прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. У яе 30,7% галасоў, перадае Радыё Свабода.
Старшыня кіруючай партыі Іраклі Кабахідзэ, каментуючы на брыфінгу папярэднія вынікі муніцыпальных выбараў, распавёў, што «Грузінскай мары» ўдалося перамагчы ў 44 выбарчых акругах з 64.
На выбарах мэра Тбілісі, паводле ЦВК, наперадзе былы футбаліст і дзейны кіраўнік гораду Каха Каладзэ — ён набраў 45,3% галасоў. Яго апанент Ніканор Мелія атрымаў 34,3% галасоў выбарнікаў. Гэта азначае, што з вялікай верагоднасцю на выбарах мэра Тбілісі будзе другі тур.
Паводле папярэдняй інфармацыі, акрамя сталіцы другі тур пройдзе яшчэ ў пяці буйных гарадах краіны.
У суботу, 2 кастрычніка, грамадзяне Грузіі галасавалі за 64 мэра, а таксама 2068 членаў 64 гарадскіх і муніцыпальных сходаў (як па прапарцыйнай, так і па мажарытарнай сістэме).
Напярэдадні выбараў у краіну вярнуўся экс-прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі, асуджаны ў Грузіі завочна па крымінальных справах аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў і злоўжыванні імі. Саакашвілі абвінавацілі таксама ў незаконным перасячэнні мяжы.
Грузінская апазіцыя раней заявіла, што выбары могуць расцэньвацца як рэферэндум: калі «Грузінская мара» набярэ менш за 43 працэнты галасоў, у краіне павінны прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары. Такая ўмова было часткай пагаднення па выхадзе Грузіі з палітычнага крызісу. Дакумент быў падпісаны ўвесну пры пасярэдніцтве Еўрапейскай Рады.