Германія. Піраты могуць не трапіць у Бундэстаг

Вынікі апошніх апытанняў сімпатый нямецкіх выбаршчыкаў зноў выклікалі інтрыгу наконт магчымага складу новага парламенту, выбары ў які адбудуцца ў наступным годзе.



159805_skull_crossbones_original.jpg

Калі верыць выданню «Bild am Sonntag», якое правяло зандаж, не выключана, што за бортам Бундэстагу застануцца лібералы са Свабоднай дэмакратычнай партыі (FDP) і Партыя піратаў. Яны могуць не набраць на выбарах 5 працэнтаў, што патрэбныя па законе, каб мець дэпутацкае прадстаўніцтва. Калі лібералам даўно прагназуюць правал, то для «піратаў» вынікі апытання — шок. З красавіка іх рэйтынг упаў з 12 да 5 працэнтаў, як сведчыць сацыёлагі. Прычыны такой тэндэнцыі, хутчэй за ўсё, звязаныя з характарам «пірацкай» ідэалогіі, у аснове якой — абстрактная ідэя вольнага інтэрнэту. Пад такой формулай гатовыя падпісацца практычна ўсе — ад правых да левых. У выніку «піраты» не могуць прапанаваць канструктыўны падыход у шматлікіх сферах і проста выпадаюць з дэбатаў па галоўных праблемах грамадства. Што тычыцца іншых партый, то фаварытам застаецца Хрысціянска-дэмакратычны саюз з 38 працэнтамі. Праўда, з кім ён будзе будаваць кааліцыю, не зразумела. Усе іншыя партыі, якія быццам трапляюць у Бундэстаг, апаніруюць партыі Меркель. Гэта сацыял-дэмакраты (30 працэнтаў), Зялёныя (11 працэнтаў) і Левыя, за якіх гатовыя галасаваць 8 працэнтаў выбаршчыкаў.
Паводле нямецкай прэсы