ФСБ паведаміла ўладам Тайланда пра падрыхтоўку нападаў на расіян

ФСБ Расіі хоча зачыніць для расіян яшчэ і Тайланд, — так каментавалі чытачы навіну пра тое, што расійскія спецслужбы паведамілі ўладам Тайланда пра магчымыя тэракты.  



map_thailand.jpg

www.el-mar.ru
Паліцыя Тайланда атрымала ад расійскіх спецслужбаў інфармацыю пра тое, што рыхтуюцца напады на расійскіх грамадзян, якія адпачываюць на тайскіх курортах, паведамляе ВВС.

Паводле ФСБ Расіі, экстрэмісцкая арганізацыя "Ісламская дзяржава" паслала для выканання тэракту групу з дзесяці баевікоў, грамадзян Сірыі.

Шасцёра накіраваліся на папулярныя ў расійскіх турыстаў курорты Патайе і Пхукет. Двое іншых баевікоў, па звестках ФСБ, знаходзяцца ў Бангкоку, месцазнаходжанне яшчэ дваіх невядома.

Тайская паліцыя пакуль не можа пацвердзіць уезд у краіну баявікоў-ісламістаў.

Усяго ў кастрычніку ў Тайланд прыехаў 231 грамадзянін Сірыі. З іх 21 чалавек застаецца ў краіне, аднак у паліцыі не знайшлі ніякіх доказаў іх датычнасці да "ІД". Як паведамляе выданне Bangkok Post, улады асцерагаюцца, што нападам могуць падвергнуцца жыхары іншых краін, якія ўдзельнічаюць у аперацыях у Сірыі, — ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Швецыі і Аўстраліі.

У самым Тайландзе дзейнічае шэраг груповак, якія змагаюцца за стварэнне "ІД" на тэрыторыі паўднёвых правінцый краіны. Самыя буйныя з іх — рух маджахедаў Патайе, а таксама Арганізацыя вызвалення Патайе. Да гэтага часу абедзве не былі заўважаныя ва ўсталяванні сувязяў з "ІД", адзначае espreso.tv.