ФРГ. Кожны немец павінен наведаць канцлагер
Маштабную палеміку выклікала ў Германіі прапанова берлінскіх эсдэкаў абавязаць кожнага немца наведаць канцлагеры часоў Гітлера, якія цяпер ператвораныя ў мемарыялы.
Візіты ў канцлагер, быццам, дапамогуць спыніць рост ксенафобскіх і антысеміцкіх настрояў у нямецкім грамадстве. Акрамя таго лічыцца, што экскурсіі ў Дахау або Саксенхаўз пазітыўна паўплываюць на прадстаўнікоў апошняй хвалі мусульманскай іміграцыі.
Прапануецца, што на першым этапе абавязковыя візіты ў канцлагеры будуць для вучняў. Ідэя большасці каментатараў не спадабалася. Яны лічаць, што прымусовае патрабаванне наведаць канцлагер будзе выклікаць у дзяцей адмоўную рэакцыю.
Супраць выступілі нават посткамуністы з партыі «Левыя», чый імідж шмат у чым базуецца на эксплуатацыі спадчыны антыгітлераўскага супраціву.
Па словах спікера «Левых», практыка абавязковага наведвання вучнямі мемарыялаў ахвяраў нацызму дзейнічала ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы, аднак эфект ад прымусовай педагогікі быў вельмі нізкі.
Паводле нямецкай прэсы