First pet — першы сабака Штата

Для шматлікіх амерыканцаў, асабліва маленькіх, пытанне, якога сабаку абярэ прэзідэнт Барак Абама, каб забраць яго ў Белы Дом, застаецца больш важным, чым вайна ў Газе або эканамічны крызіс. Гэта гісторыя пачалася 4 лістапада 2008 года, калі Барак Абама выступаў на мітынгу ў Чыкага. На той час ужо была відавочная ягоная перамога над рэспубліканскім кандыдатам Джонам Маккейнам. Абама выступіў з дастаткова доўгай святочнай прамовай, аднак 60-тысячнай аўдыторыі больш за ўсё запомніліся словы, якія будучы прэзідэнт адрасаваў сваім абедзвюм дочкам. «Малія і Саша, я вас люблю так, што вы не здольны нават уявіць і, мяркую, вы заслужылі права на тое, каб атрымаць маленькага сабаку, якога возьмеце з сабой ў Белы дом». Гэтыя словы, з аднаго боку, былі экспромтам, з другога — данінай традыцыі. Амаль кожны гаспадар будынка на Пенсільванія Авеню 16 (тут у Вашынгтоне знаходзіцца Белы дом) меў сабаку. У Амерыцы нават існуе цэлы інстытут first pet — хатняя жывёла № 1.



93db85ed909c13838ff95ccfa94cebd9.jpg

Для шматлікіх амерыканцаў, асабліва маленькіх, пытанне, якога сабаку абярэ прэзідэнт Барак Абама, каб забраць яго ў Белы Дом, застаецца больш важным, чым вайна ў Газе або эканамічны крызіс.

Гэта гісторыя пачалася 4 лістапада 2008 года, калі Барак Абама выступаў на мітынгу ў Чыкага. На той час ужо была відавочная ягоная перамога над рэспубліканскім кандыдатам Джонам Маккейнам. Абама выступіў з дастаткова доўгай святочнай прамовай, аднак 60-тысячнай аўдыторыі больш за ўсё запомніліся словы, якія будучы прэзідэнт адрасаваў сваім абедзвюм дочкам. «Малія і Саша, я вас люблю так, што вы не здольны нават уявіць і, мяркую, вы заслужылі права на тое, каб атрымаць маленькага сабаку, якога возьмеце з сабой ў Белы дом». Гэтыя словы, з аднаго боку, былі экспромтам, з другога — данінай традыцыі. Амаль кожны гаспадар будынка на Пенсільванія Авеню 16 (тут у Вашынгтоне знаходзіцца Белы дом) меў сабаку. У Амерыцы нават існуе цэлы інстытут first pet — хатняя жывёла № 1.

Гісторыя, праўда, не захавала мянушак любімых сабакаў першых кіраўнікоў ЗША — Джорджа Вашынгтона і Джона Адамса. Аднак тое, што яны мелі сабак, даказана. Інакш іспанскі кароль не паслаў бы ў якасці падарунка Джорджу Вашынгтону менавіта шчаня. Аднак пачынаючы з трэцяга прэзідэнта гісторыкі пачалі больш уважліва ставіцца да факту наяўнасці сабак у Белым доме і іх мянушак. Зараз гісторыкі са спасылкай на архіўныя дакументы могуць абсалютна аўтарытэтна заяўляць: акрамя арыстакратычнага Чэстэра Артура, які кіраваў Штатамі з 1881 па 1885 год, кожны прэзідэнт краіны меў любімага сабаку, якога трымаў у Белым доме.

Тыя сабакі часам станавіліся героямі медыя. Найбольш папулярнымі сярод first pet былі Паўліна — сабака прэзідэнта Уільяма Тафта (1909–1913), Фала — Франкліна Рузвельта, Хім — Лінды Джонсан. Апошні быў настолькі славуты, што выяву яго пыскі апублікавалі на вокладцы вядомага часопіса Life. Джэральд Форд, калі яго ратвейлер патрабаваў прагулкі, прыпыняў усе дзяржаўныя справы. Барні, сабака прэзідэнта Джорджа Буша-малодшага, быў героем спецыяльнай перадачы. У адной з іх зняўся былы кіраўнік кабінету Вялікабрытаніі Тоні Блэр. Пасля гэтай праграмы да яго, дарэчы, і прыляпілася агідная мянушка — «любімы пудзель Буша».

Некаторыя сабакі адыгралі вялікую ролю ў палітыцы. Напрыклад, Пушынка — дачка сабакі па мянушцы Стрэлка, якую кіраўнік савецкіх касмічных праграм Сяргей Каралёў разам з Белкай запусціў у космас напярэдадні палёту Гагарына. Пушынка была падараваная Мікітай Хрушчовым прэзідэнту Джону Кенэдзі пасля заканчэння Карыбскага крызісу як сімвал міру паміж народамі ЗША і СССР.

У Вашынгтоне нават існуе музей прэзідэнцкіх сабак. Там утрымліваецца інфармацыя пра 400 сабак, якія на працягу двух стагоддзяў жылі ў Белым доме.

У гэтым кантэксце няма нічога дзіўнага ў тым, што пытанне, якога сабаку абярэ Барак Абама, стала сапраўднай забаўкай для нацыі. Узнік нават асаблівы тэрмін «Сабака Абамы» (Obama’s dog). Праблеме выбару аптымальнага сабакі былі прысвечаныя артыкулы самых аўтарытэтных часопісаў. Лепшыя кінолагі давалі свае рэкамендацыі. Па падліках спецыялістаў, 56 мільёнаў чалавек пакінулі на інтэрнэт-форумах свае думкі на гэты конт.

У тым жа інтэрнэце ішлі шматлікія галасаванні наконт кандыдатаў сярод розных парод. Уся Амерыка гадала і гадае: прадстаўнік якой пароды — пудзель, лабрадор або такса — пераможа ў гэтым экзатычным конкурсе на тытул first pet? Адны патрабавалі, каб Абама знайшоў шчаня з добрай радаслоўнай. Іншыя лічылі, што апошні выбар маюць мець самі Саша і Малія. Аднак без дапамогі спецыялістаў тут не абышлося. Справа ў тым, што Малія мае алергію на сабачую поўсць. Таму кола кандыдатаў было скарочана.

American Kennel Club — самая вядомая кіналагічная арганізацыя краіны — арганізавала сваё галасаванне па кандыдатуры сабакі для Абамы. У фінал прайшлі пяць парод — пудзель, ірландскі тэр’ер, шнауцэр, кітайская хахлатая і балонка. У выніку галасавання, у якім бралі ўдзел 42 тысячы чалавек, перамогу атрымаў пудзель.

У сваю чаргу, сам прэзідэнт заявіў, што хацеў бы ўзяць сабаку з пітомніка для бездаглядных жывёл. Сабак без добрай радаслоўнай было, дарэчы, няшмат у Белым доме. Магчыма, самы вядомы сярод іх Хім, якога Лінда Джонсан падабраў на запраўцы ў Тэхасе. Ідэя ўзяць у Белы дом шчаня з пітомніка карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод абаронцаў жывёл. The Best Friends Animal Society — асацыяцыя сяброў жывёл — атрымала 50 000 лістоў у падтрымку такога кроку прэзідэнта. Сябры арганізацыі маюць надзею, што прыклад Абамы стане штуршком для таго, каб людзі звярнулі ўвагу на лёс пакінутых меншых сяброў чалавека. Праўда, медыкі лічаць, што Барак і Мішэль Абамы не павіны рызыкаваць. Сабака невядомага паходжання можа быць таксама небяспечным для здароўя Маліі.

Лёс новага first pet часткова быў вырашаны 11 студзеня. Сям’я Абамы, як заявіў Барак, знайшла ў сабачым пітомніку двух верагодных кандыдатаў. Адзін з іх — лабрадор. Другі — сабака партугальскай пароды. Такім чынам, засталося няшмат чакаць, каб даведацца, хто з іх стане пераможцам і пераедзе ў Белы дом. Інтрыга, пагадзіцеся, не саступае інтрызе выбараў прэзідэнта ЗША.

Напрыканцы застаецца дадаць, што сабака можа стварыць шмат праблемаў для гаспадароў Белага дому. Так Бадзі, сабака Клінтанаў, не паладзіў з іх катом Соксам. У выніку шматлікіх боек кот быў вымушаны жыць у іншым крыле прэзідэнцкай адміністрацыі.