Дзень жалобы ў Тайландзе: былы паліцэйскі забіў больш за 20 дзяцей
Масавае забойства дзяцей адбылося ў адным з дзіцячых садкоў Таіланда ў чацвер, 6 кастрычніка. Былы паліцэйскі пазбавіў жыццяў 22 дзяцей і 12 дарослых.
Сотні людзей прыйшлі сёння ў храм Сі Утхай са свечкамі і цацкамі, каб памаліцца і ўшанаваць памяць 34 ахвяр масавага забойства ў дзіцячым садку, якое адбылося ў чацвер, 6 кастрычніка.
Большасць дзяцей ва ўзросце ад двух да пяці гадоў былі зарэзаныя, калі яны спалі, дарослых нападнік застрэліў з пісталета 9 мм калібру, паведаміла мясцовая паліцыя. Забойца — былы сяржант паліцыі Бангкока, 34-гадовы Панья Кхамрамп, які быў адхілены ад службы пасля прызнання ва ўжыванні метамфетамінаў. Судовы працэс якраз праходзіў у дзень нападу. Пасля яго мужчына накіраваўся ў дзіцячы садок, каб забраць сына, але не змог знайсці сваё дзіця. Як паказала экспертыза, у дзень забойства наркатычных рэчываў у крыві Кхамрампа выяўлена не было.
Людзі запалілі свечкі перад трунамі дзяцей, на якіх стаяць вянкі з кветак і фотаздымкамі загінулых у рамках. На труне наймалодшага дзіцяці Патаравата Джамнангніда — лялечны дыназаўр і бутэлька малака. Яго маці, 40-гадовая супрацоўніца фабрыкі Даорунг Джамнангнід, сказала, што гэта было яе адзінае дзіця. Хлопчык рос быў энергічным і гаваркім, яму было 2 гады і 10 месяцаў, і ён ужо ведаў алфавіт.
Апошнімі ахвярамі былога паліцэйскага былі яго жонка і дзіця. Ён застрэліў іх дома, пасля забойства ў дзіцячым садку. Пасля накіраваў зброю на сябе.
З усёй дзіцячай групы напад перажылі толькі трое хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Усе яны на дадзены момант знаходзяцца ў лякарні.
Як піша «Reuters», гэта адно з самых страшных забойстваў дзяцей адным чалавекам.
У 2011 годзе Андэрс Брэйвік забіў 69 чалавек, у асноўным падлеткаў, у летнім лагеры ў Нарвегіі. 20 дзяцей былі забітыя ў школе Сэндзі Хук у Ньютаўне ў 2012 годзе, 16 — у Данблейне ў Шатландыі ў 1996 годзе і 19 — у школе ў Ювальдзе (ЗША) сёлета. Акрамя таго, у 2004 годзе няўдалы штурм расійцамі школы ў Беслане прывёў да смерці 186 дзяцей.