Die Welt: Сумны канец расійскай эканомікі спажывання
Расія заўсёды спадзявалася
на спажывецкі бум, які захапіў яе грамадзян. Але цяпер заробкі падаюць, а
беднасць расце. «Рускія, якія заўсёды з задавальненнем трацілі грошы,
становяцца больш эканомнымі. Спіраль пагрозліва закручваецца», — піша аўтар
артыкулу Сумны канец расійскай эканомікі неўтаймаванага спажывання» ў нямецкай Die Welt Эдуард Штайнер.
Нягледзячы на пышнае святкаванне другой гадавіны далучэння Крыма да Расіі, эйфарыя з нагоды гэтай падзеі ў насельніцтва краіны прыкметна сціхае. «Уварванне ва Усходнюю Украіну і санкцыі Захаду непасрэдным і вельмі жорсткім чынам адбіваюцца на расіянах. З аднаго боку, яны адчуваюць задавальненне ад росту знешнепалітычнай значнасці і прыросту тэрыторый, але з іншага — выразна адчуваюць, наколькі моцна пагоршылася іх эканамічнае становішча», — працягвае Штайнер.
Пра гэта сведчаць і эканамічныя паказчыкі. Па дадзеных Расстата, колькасць бедных у Расіі за мінулы год вырасла на 3,1 млн — да 19,2 млн чалавек — самы высокі паказчык за апошнія 9 гадоў. Іншымі словамі, сёмая частка насельніцтва краіны знаходзіцца за рысай беднасці.
«Разам з ізаляцыяй і санкцыямі з боку Захаду Расіі прыпадае спраўляцца са структурнымі слабасцямі і падзеннем цаны на нафту», — заўважае каментатар. У мінулым годзе ВУП скараціўся на 3,7% і ў гэтым годзе, паводле прагнозаў, у Расіі будзе рэцэсія ніяк не менш за леташнюю.
«Голыя макраэканамічныя паказчыкі — гэта адно, а рэальныя адчуванні ад крызісу — іншае, — заўважае Штайнер. — Простыя грамадзяне не адразу адчулі, наколькі моцна абвастрыліся эканамічныя праблемы. Гэта звязана і з тым, што значная частка насельніцтва ніколі не была распешчанай і нават у тлустыя гады нафтавага буму вымушана была абыходзіцца малым».
На думку Рыгора Голасава, прафесара Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, «сімвалам крызісу» стаў сярэдні клас. Так, па дадзеных РБК, інфляцыя для сярэдняга класа склала 30% — замест афіцыйных 12,9%. Менавіта сітуацыя вакол дробных прадпрымальнікаў, якія складаюць касцяк сярэдняга класа, агаліла адсутнасць плюралізму меркаванняў у асвятленні эканамічнай сітуацыі ў Расіі. Многія гады сітуацыя ўяўлялася выключна ў вясёлкавых колерах, гаворыцца ў артыкуле.
«Падобна на тое, сітуацыя пачынае развівацца па тым самым сцэнары, які палохае ўладу найбольш: некалі ахвотна трацячыя грошы расіяне зараз робяць стаўку на эканомію, — працягвае аўтар. — Згодна з апытаннямі ВЦІОМ, сем’і настроены траціць па мінімуму, пазбягаць крэдытаў і забіраць грошы з банкаў . Акрамя таго, нарастае страх страціць працоўнае месца».
Пасля рэзкага падзення коштаў на нафту ў 2014 годзе здавалася, што горшае ўжо ззаду, і да сярэдзіны 2015 года панавала ілюзія, што паступова сітуацыя ў эканоміцы выправіцца. «Аднак дэпрэсіўныя настроі ўсё ж узялі верх», — гаворыцца ў артыкуле.
«Суседзі Расіі асцерагаюцца рызык іншага плану: таго, што Пуцін, які як ніхто іншы аддае сабе справаздачу ў эканамічных пагрозах для краіны, у мэтах адцягнення ўвагі падданых пусціцца ў новую замежнапалітычную авантуру», — рэзюмуе Штайнер.