Чылійскія гісторыйкі: Пра кардыльеру Дамейкі, гару Сера-Кімаль і абезгалоўленыя вулканы
“Калі і ёсць у свеце нейкае месца, якое цалкам можа быць прызнанае антыподам Беларусі, — дык гэта менавіта тут”. Вандроўнік Павал Гарбуноў, які ў лютым выправіўся ў “Дамейкініяну” па Чылі і, дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!”, усталяваў мемарыяльную дошку-прысвячэнне Ігнату Дамейку на гары Сера-Кімаль, па вяртанні дзеліцца з намі сваімі чылійскімі гісторыйкамі. Сёння — пра самыя сухія горы ў свеце, шахту, што наведваў Чэ Гевара, і гейзеры, у якіх турысты вараць на сняданак курыныя яйкі.

На поўначы Чылі знаходзіцца кардыльера (па-нашаму хрыбет) Дамейкі. Гэты хрыбет ужо даўно вабіў мяне адной сваёй назвай.
Даўжыня кардыльеры — прыкладна 600 кіламетраў. Гэта нават больш, чым Беларусь з усходу на захад ці з поўначы на поўдзень. Мяне заўсёды ўражвала, што ж гэта трэба было зрабіць, каб такой вялізнай рэчы далі імя чалавека. Кардыльера Дамейкі — частка пустыні Атакама. Яна цягнецца з поўначы на поўдзень, з усходу яна атачае вялікую пустыню. З іншага боку кардыльеры ляжыць саланчак Салар-дэ-Атакама — другі па памерах у свеце. Як і пустыня, гэтыя горы — самыя сухія ў свеце. У іх амаль цалкам адсутнічаюць ападкі, не здольныя перабрацца сюды з Амазоніі праз Анды.
Але затое гэтыя горы і горы, што побач, багатыя на карысныя выкапні — салетра, медзь, волава, срэбра, а з азёр пустыні Атакама здабываюць літый. Напрыклад, шахта Чукікакмата, што побач, — найбуйнейшая ў свеце. Калі нехта бачыў стужку “Дзённік матацыкліста”, то Чэ Гевара наведваў менавіта яе. Саланчак Салар-дэ-Атакама трымае 27 адсоткаў усіх сусветных запасаў літыю. Па медзі і літыі Чылі — першая краіна ў свеце. Гэты раён спярэшчаны шахтамі, з якіх таксама здабываюць срэбра, салетру, волава.

Фота — imdb.com
Менавіта ў гэтых месцах наш зямляк Ігнат Дамейка 150 гадоў таму рабіў геалагічныя пошукі. Што дакладна адкрыў Дамейка, сказаць мне складана, бо людзі здабывалі тыя ж медзь і срэбра і раней. Але кажуць, што Дамейка заклаў асновы ўсёй сучаснай чылійскай геалогіі. За гэтыя і іншыя дасягненні ён і быў у свой час узнагароджаны тытулам ганаровага жыхара Чылі.
А яшчэ цяпер гэты раён “багаты на турыстаў”. Іх вабяць сюды незвычайныя краявіды — бяскрайняе плато саланчаку пустыні — выключна плоскі абшар на 50 кіламетраў у кожны бок — колькі вока хапае. Беласнежныя саляныя азёры, лагуны. Горы вышынёй да 6 кіламетраў, якія злучаюцца горнымі плато вышынёй у 2-3 кіламетры. Найпрыгажэйшыя эразійныя горныя хрыбты. Напрыклад, тут знаходзіцца знакамітая “даліна месяца”, якая, як на мяне, больш нагадвае даліну Марса. Тут ёсць і гейзеры, у якіх турысты вараць на сняданак курыныя яйкі. Ёсць і дзюны, з якіх яны гойсаюць на сноўбордах. Ралі Дакар ужо колькі гадоў праводзіцца не ў Афрыцы, а праносіцца па гэтых мясцінах. Менавіта тут заклалі буйную радыёабсерваторыю ALMA на вышыні 5 кіламетраў.
Карацей, калі і ёсць у свеце нейкае месца, якое цалкам можа быць прызнанае антыподам Беларусі, — дык гэта менавіта тут.

Кажуць, што дождж тут ідзе толькі адзін раз на год. І калі я з Дакарам “размінуўся” на тыдзень, то трапіў у гэтыя мясціны якраз у “Дзень дажджу”. Яшчэ гэты край багаты на вулканы — іх тут з паўсотні, і некаторыя актыўныя. Вулканы прыгожыя, як намаляваныя — класічнай канічнай формы а некаторыя дык нават “абезгалоўленыя”, з кратарамі.
Пра гару Сера-Кімаль і абезгалоўленыя вулканы
У той час, калі яшчэ не было тут турыстаў і тэлевізараў, у тутэйшым аазісе Сан Пэдра дэ Атакама мясцовыя вечарамі распавядалі адно аднаму бясконцыя гісторыі.
Адна з іх была пра вулканы:
На вялікім хрыбце Андаў жылі-былі тры вулканы — бацька Ласкар і два сыны. Сыны вымахалі вялікія — вышэйшыя за бацьку. Ліканкабур звалі старэйшага сына і Юрыкес — малодшага. Нораў у бацькі быў той яшчэ — грозны (гэта значыць, што вулкан час ад часу дзейнічае). А сыны выйшлі спакойныя. Гэта значыць, што не вывяргаюцца. Прыйшоў час ажаніцца. Але ні старэйшы, ні малодшы сын ніяк не маглі знайсці маладую. Ужо і валасы сівыя (гэта значыць, снег) на іх галовах з’явіліся.

Вулкан Лінканкабур (злева) і яго брат Юрыкес
Аднойчы старэйшы сын Ліканкабур пайшоў вандраваць і прывёў сабе нявесту — маладую Кімаль. Ужо і дата вяселля была прызначаная, а Ліканкабур марыў пра маленькіх вулканчыкаў. Але малодшы брат таксама паклаў вока на прыгажуню Кімаль. І гісторыя ўжо дакладна і не кажа, што ж адбылося паміж Юрыкесам і Кімаль, але нешта здарылася такое, што старэйшы брат даведаўся і не ўхваліў. А бацька так раззлаваўся, што кінуў у Юрыкеса вялікім каменем (адбылося вывяржэнне) і адбіў таму галаву (гэта значыць, атрымаўся ўЮрыкеса кратар). А дзяўчына Кімаль збегла ад гневу бацькі ў іншыя горы — гэта значыць, у хрыбет Дамейкі.
І вось да кабеты Кімаль, найвышэйшага пункту хрыбта Дамейкі, я і завітаў у госці.

Пустыня Атакама: гара Сера-Кімаль, што збегла ў хрыбет Дамейкі. Сама кардыльера Дамейкі цягнецца ў абодва бакі ад гары.

Гара Сера-Кімаль з плато кардыльеры Дамейкі