ЧССР магла стаць манархіяй
Чэшская грамадскасць святкуе незвычайны юбілей — 25 гадоў таму ўвесну 1988 года ў краіне, якая была сатэлітам СССР, паўстаў рух «Чэшскія дзеці». Яго заснавальнікамі былі маладыя артысты, студэнты, анархісты. Галоўнай мэтай руху было «аднаўленне ў краіне манархіі».
Як гаварылася ў маніфесце руху «Вернем караля»: «Неабходна вяртанне да каралеўскага дзяржаўнага ладу, каб замацавалася поўная стабільнасць». У прынцыпе, манархія, на думку “Чэшскіх дзяцей”, магла называцца «камуністычнай манархіяй».
Безумоўна, гэты рух меў абсалютна іранічны характар, што выклікала ступар сярод спецслужбаў і сістэмы. Фрагменты маніфесту нават перадрукаваў цэнтральны партыйны орган «Rude Pravo» ў якасці прыколу. Гэта дала маладым апазіцыянерам магчымасць нейкі час вольна праводзіць свае сходы, якія па сутнасці былі агітацыяй за ўдзел у жнівеньскай маніфестацыі з нагоды 20-й гадавіны інтэрвенцыі войкаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію.
Толькі напярэдадні акцыі пратэсту чэкісты зразумелі, што заклікі да рэстаўрацыі манархіі маюць сур’ёзную пагрозу для бяспекі. Прайшоў шэраг арыштаў «манархістаў», аднак сарваць дэманстрацыю пратэсту ў жніўні не ўдалося.
Хутка “Чэшскія дзеці” падаліся ў больш сур’ёзныя праекты. Сёння яны паважныя чыноўнікі, дэпутаты або прадстаўнікі інтэлігенцыі. Між тым, усе гісторыкі прызнаюць, што без «дзяцей» не ўдалося б разварушыць грамадства і падрыхтаваць падмурак аксамітавай рэвалюцыі 1989-га.
Паводле чэшскай прэсы