Беларускія праваабаронцы ў Харкаве дапамагаюць ўцекачам з Данбасу

Сёння стартавала ініцыяваная Праваабарончым цэнтрам «Вясна» гуманітарная місія ва Украіне. Асноўная яе мэта — дапамога ўкраінскім перасяленцам з зоны канфлікту.



images74.jpg

Месцам дыслакацыі місіі будзе Харкаў, дзе ўжо знаходзяцца трое беларускіх праваабаронцаў. Апроч Харкава, у якім толькі афіцыйна зарэгістравана ўжо больш за 100 тысяч перасяленцаў. Праваабарончая гуманітарная місія ва Украіне ахопіць Чарнігаў, Львоў, Чаркасы і Адэсу.

Кіраўнік ініцыятывы Зміцер Салаўёў сказаў "Радыё Свабода", што беларускія праваабаронцы-валанцёры ўжо пачалі працу на харкаўскім вакзале:

«Я і яшчэ два беларускія праваабаронцы цяпер знаходзімся ў залі чакання цэнтральнага вакзалу Харкава, дзе ёсьць пункт грамадзянскай ініцыятывы „Станцыя Харкаў“, у межах якой аказваецца інфармацыйная дапамога перасяленцам і ўцекачам. Апроч нас тут ёсць украінскія юрысты, ратавальнікі і супрацоўніца дзяржаўнай службы занятасці, якая інфармуе па пытаннях пошуку працы».

Разам са Змітром Салаўёвым у Харкаве працуюць Маргарыта Вялічкіна і Аляксей Кочын.

Зміцер Салаўёў кажа, што большасць просьбаў, з якімі перасяленцы звяртаюцца ў пункт «Станцыя Харкаў», звязаныя з напісаннем заяваў і пошукам інфармацыі пра неабходныя дакументы.

«Людзі звяртаюцца з самымі рознымі просьбамі. Напрыклад, цяпер я шукаю інфармацыю пра тое, як атрымаць пропуск у зону АТА. Трэба распрацаваць узор такой заявы, скласці спіс неабходных дакументаў, якія патрабуюцца для выдачы пропуску. Шмат руціннай метадычнай працы, на якую не хапае рук сярод украінскіх валанцёраў. Вядома, юрыдычныя кансультацыі павінны даваць украінскія юрысты, але наша дапамога ў метадычнай і арганізацыйнай працы вельмі дарэчы. Мы выкарыстоўваем свой праваабарончы досвед, у нас ёсць юрысты ў складзе місіі. Але большасць просьбаў, з якімі звяртаюцца ў пункт „Станцыя Харкаў“, — пра тое, каб знайсьі інфармацыю і напісаць заяву з просьбамі. Дзеля гэтага нават не абавязкова мець юрыдычную адукацыю, проста трэба ведаць, куды званіць і дзе шукаць».

Беларускія праваабаронцы і валанцёры цэнтру «Вясна» будуць працаваць ва Украіне паводле вахтавага метаду. Кожны будзе знаходзіцца ва Украіне два тыдні. Місія працягнецца два месяцы, увесь час будуць працаваць як мінімум 3 – 4 беларускія валанцёры.

«Галоўная наша мэта — аказанне дапамогі перасяленцам і ўцекачам. У такіх арганізацыях, як „Станцыя Харкаў“, працуюць валанцёры, якія маюць сталую працу, і таму часта не хапае працоўных рук. Наша мэта — стаць гэтымі рукамі».
 

Беларускі валанцёр Андрэй Стрыжак, які ў Чарнігаўскай вобласці арганізуе збор сродкаў для перасяленцаў і сем’яў загінулых, кажа, што юрыдычная і праваабарончая дапамога з боку беларусаў дапоўніць дапамогу ў выглядзе рэчаў, грошы на якія збіраюцца ў Беларусі:
 

«Я ведаю сітуацыю з валанцёрскімі арганізацыямі ва Украіне — там часта бывае брак людзей, якія б маглі дапамагаць з юрыдычнымі справамі. Гэта па-першае. Па-другое, гэта вельмі добрая практыка для беларускіх праваабаронцаў, бо праца ў экстраных сітуацыях загартоўвае і дае новы досвед. Спадзяюся, што мы спалучым нашы намаганні з праваабарончым цэнтрам „Вясна“ для таго, каб максімальна і шматбакова дапамагчы Украіне. Я вельмі ўсьцешаны тым, што становіцца ўсё больш публічных ініцыятываў, скіраваных з Беларусі на Украіну. Гэта паказвае стаўленне прынамсі часткі беларускага грамадства да сітуацыі, а таксама паказвае, што Беларусь не толькі можа існаваць у фарватэры Расіі, але мае сваю думку».

У красавіку Андрэй Стрыжак ды іншыя валанцёры перадалі ў Першы добраахвотны шпіталь імя Міколы Пірагова рэанімабіль, на якім брыгада медыкаў ратуе пацярпелых падчас баёў у зоне канфлікту. Цяпер, кажа грамасзкі актывіст, рыхтуецца перадача ў гэты ж шпіталь яшчэ аднаго аўто — гэтым разам джыпа.

«Зразумела, што гэта не новая машына, але яна ў добрым стане і паслужыць для ўкраінскіх медыкаў. Прыгнаны з Еўропы, гэты джып каштуе 3 000 долараў. Да нас звярнуўся ананімны дабрадзей, які сказаў, што ахвяруе на яе палову кошту, калі другую палову мы збяром самастойна. У выніку — уся сума сабраная, машына набытая. Гэты джып будзе называцца „Мая“, так пажадаў ананімны дабрадзей».

Паводле Андрэя Стрыжака, у Чарнігаве цяпер каля 2 100 перасяленцаў і ўцекачоў з зоны канфлікту, а ва ўсёй Чарнігаўскай вобласці такіх каля 10 тысяч.