«Бамбіць Варонеж»? У Расіі паведамляюць пра выбухі ў Белгарадзе, Курску і Варонежы
Расійскія СМІ паведамляюць пра выбухі і «хлапкі» ў шэрагу гарадоў у Расіі.

Адбыўся пажар на складзе боепрыпасаў у раёне вёскі Старая Нялідаўка пад Белгарадам. Пажар ліквідаваны, разбурэнняў дамоў і пацярпелых мірных жыхароў няма.
Губернатар Белгарадскай вобласці Вячаслаў Гладкоў таксама паведаміў пра чатыры выбухі. Ён расказаў, што аператыўныя службы разбіраюцца ў крыніцы гуку.
ФСБ Расіі паведаміла, што пры спробе дыверсіі на транспартным аб'екце ў Белгарадскай вобласці былі затрыманыя двое грамадзян Расіі, якія з'яўляюцца «прыхільнікамі ўкраінскага нацызму».
Таксама расійскія СМІ паведамілі пра выбухі, або хлапкі ў Варонежы. «Было два хлапкі ў раёне мікрараёна Шылава», — расказаў прадстаўнік ратавальнікаў. Таксама паведамляецца, што там быў збіты беспілотнік.
Мікрараён Шылава знаходзіцца за 200 км ад мяжы з Украінай.
Аб выбухах паведамілі і ў Курску. У раёне Курска ў ноч на сераду, 27 красавіка, паводле папярэдніх звестак, спрацавала сістэма СПА, паведаміў у Telegram губернатар Курскай вобласці Раман Старавойт. «Ахвяр і разбурэнняў няма», — напісаў ён.