Апазіцыя Венесуэлы заклікае бараніць Канстытуцыю
Як мінумум 116 чалавек былі параненыя ў панядзелак у Каракасе падчас сутыкненняў з паліцыяй, якія ўспыхнулі падчас чарговай шматтысячнай антыўрадавай маніфестацыі.
Звесткі пра колькасць параненых паведамілі на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі апазіцыйнага "Блока дэмакратычнага адзінства".
Маніфестанты кідалі ў паліцыянтаў камяні і бутэлькі з запальнай сумессю. Праваахоўнікі адказвалі слёзатачывым газам.
Пратэстоўцы спрабавалі прарвацца ў цэнтр Каракаса, дзе размешчана міністэрства адукацыі, якое па даручэнні прэзідэнта Мадура вядзе падрыхтоўку народнай асамблеі для змены Канстытуцыі.
У панядзелак у шэрагах маніфестантаў быў і апазіцыйны лідар Энрыке Капрылес:
"Я запрашаю ўсіх далучыцца да нас, каб разам абараніць нашу канстытуцыю. Усе тыя, хто галасаваў за Чавеса, хто сёння адчувае сябе нядобра, хто не давярае ўраду, хто згодны з намі ў тым, што гэтая краіна мае патрэбу ў зменах, — усіх гэтых людзей я заклікаю далучыцца да нас, каб разам абараняць нашу канстытуцыю".
Чытайце таксама:
Апошні акт венесуэльскай драмы
Напружанне ў Венесуэле не спадае з пачатку красавіка. Ахвярамі беспарадкаў і сутыкненняў з паліцыяй за гэты час сталі ўжо 37 чалавек, каля 1000 атрымалі раненні, яшчэ больш за 100 затрыманыя і знаходзяцца пад вартай.
Улады таксама мабілізуюць сваіх прыхільнікаў, якія ладзяць акцыі ў падтрымку прэзідэнта Мадура і яго палітыкі.
Паводле euronews.com