Ахвярамі тэрактаў у Парыжы сталі грамадзяне 15 дзяржаў

У выніку тэрактаў у Парыжы 13 лістапада загінулі і пацярпелі грамадзяне 15 дзяржаў.



terakt_paris.jpg

Па папярэдніх звестках, сярод загінулых два грамадзяніна Алжыра, трое бельгійцаў, адзін грамадзянін Вялікабрытаніі, два — Мексікі, адзін — Марока, два — Партугаліі, адзін — Іспаніі, два — Румыніі, адзін — Швецыі, два — Чылі, яшчэ два — Туніса і адзін грамадзянін ЗША. Ёсць таксама звесткі аб пацярпелых грамадзянах Швейцарыі і Бразіліі. Астатнія пацярпелыя і загінулыя — грамадзяне Францыі, паведамляе БелаПАН са спасылкай на The Guardian.

Раней паведамлялася аб адным пацярпелым грамадзяніне Беларусі, але пасля беларускі МЗС абверг гэтую інфармацыю.

Па апошніх дадзеных, у выніку серыі тэрактаў у Парыжы загінулі 129 чалавек, больш за 350 атрымалі раненні. У пасольстве Францыі ў Беларусі адкрыта кніга спачуванняў. Пакінуць запісы ў кнізе можна будзе з 16 лістапада з 9.30 да 12.30 і 14.30 да 17.00. Акрамя таго, выказаць словы падтрымкі французскаму народу грамадзяне Беларусі могуць, даслаўшы паведамленні на электронны адрас пасольства: www.webmestre.by@diplomatie.gouv.fr. У дыппрадстаўніцтве запэўнілі, што «ўсе прынесеныя спачуванні, запісаныя ў кнізе спачуванняў і атрыманыя па электроннай пошце, будуць перададзеныя французскім уладам».

Тым часам беларусы працягваюць несці кветкі і свечкі да пасольства Францыі ў Мінску.