Сяргей Алейнікаў: «На поўначы Італіі паніка, а ў нас футбол пры поўных трыбунах»

Адзін з самых вядомых беларускіх футбалістаў 1980–1990-х Сяргей Алейнікаў вось ужо 30 гадоў жыве і працуе ў Італіі. У гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» расказаў, як на звыклы рытм паўплывала эмідэмія каронавірусу, параўнаў узровень футболу на Апенінах і ў Беларусі, а таксама паразважаў, чаму стаў незапатрабаваным на радзіме.

Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com

Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com

Каронавірус: бацькі наводшыбе, дзеці ў эпіцэнтры

Дом Алейнікавых знаходзіцца ў Лечэ, сталіцы самай паўднёвай правінцыі гістарычнай вобласці Апулія. Адсюль рукой падаць адразу да двух мораў — Адрыятычнага і Іянічнага. Тут на пачатку 1990-х сам Сяргей гуляў у аднайменным клубе, куды перайшоў пасля трыумфальнага дэбюту ў турынскім Juventus, а пазней малодшы сын Артур, які нарадзіўся ўжо пасля ад’езду з Беларусі, займаўся ў мясцовай футбольнай акадэміі.

 

Сяргей Алейнікаў у форме каманды Juventus

Сяргей Алейнікаў у форме каманды Juventus

У Італіі колькасць хворых з дыягнаставаным каронавірусам упэўнена набліжаецца да двух тысяч, расце статыстыка памерлых, шмат дзе ўведзены каранцін.

«На шчасце, мы не ў эпіцэнтры — тут, на “абцасе” Італіі, дастаткова спакойна. Прынамсі няма такога ажыятажу ці штурму крамаў, як на поўначы, — расказаў былы футбаліст Свабодзе. — У рэгіёне Апулія — пачынаючы ад Бары і да самага нізу — ніякай панікі. Як і выпадкаў заражэння. Наогул такое ўражанне, што краіна падзялілася напалам: калі зверху бардак і хаос, то ў нашай частцы ўсё па-ранейшаму».

Адсутнасць надзвычайнай сітуацыі Сяргей Алейнікаў ілюструе звыклым для сябе футболам. У той час, як у праблемных рэгіёнах гульні ў серыі А павальна адмяняюцца ці праводзяцца без гледачоў, 1 сакавіка Lecce правёў чарговы матч чэмпіянату Італіі. Адзінае, што ў заўзятараў гасцявой каманды пры ўваходзе на стадыён Via Del Mare замяралі тэмпературу: клуб Atalanta базуецца ў горадзе Бэргама з рэгіёну Лямбардыя, дзе зафіксаваная ўспышка каронавірусу.

 

Плённы перыяд у складзе «Старой сіньёры»

Плённы перыяд у складзе «Старой сіньёры»


Гэтаксама ў Лечэ спраўна працуюць аб’екты гарадской інфраструктуры, на паліцах крамаў хапае прадуктаў.

Што сапраўды турбуе Сяргея і Наталлю Алейнікавых, дык гэта бяспека дзяцей. Абодва іхныя дарослыя сыны жывуць у Турыне. 30 гадоў таму менавіта ў турынскім Juventus пачалася замежная кар’ера беларуса. Цяпер жа гэта адзін з адрасоў хваробы. Старэйшы Арцём ужо мае сям’ю, ён інжынер-праграміст. Малодшы Артур пакуль сам па сабе, асвойвае «мірныя» спецыяльнасці: стаць прафесійным футбалістам не атрымалася, хоць досыць паспяхова пачынаў выступаць у ніжэйшых лігах.

Сам жа Сяргей Алейнікаў не можа (ці не хоча) парваць з футболам і ў свае 58 гадоў.

«Футбол — гэта ўсё маё жыццё, па-за ім сябе папросту не ўяўляю, — працягвае ён. — Відаць, наканавана цягнуць лямку да апошняга. Не так даўно мой былы аднаклубнік адкрыў тут футбольную акадэмію, вось разам з ім працуем, трэніруем дзяцей. Справа ягоная, а я яму дапамагаю. Каб было зразумела, гэта не акадэмія пры клубе Lecce, а цалкам прыватная ініцыятыва».

 

Сяргей Алейнікаў (справа) і Мішэль Плаціні падчас гульні зборных СССР і Францыі, 5 чэрвеня 1986 годуа

Сяргей Алейнікаў (справа) і Мішэль Плаціні падчас гульні зборных СССР і Францыі, 5 чэрвеня 1986 годуа

 

Кар’ера: не далі разгарнуцца агенты-махінатары

Сяргей Алейнікаў мае шэраг дасягненняў, якіх ужо не будзе ў багажы іншых беларускіх футбалістаў. Ён паспеў пагуляць за тры розныя зборныя — СССР, СНД і Беларусі. Двойчы ездзіў на чэмпіянаты свету (1986 і 1990). За каманду Савецкага Саюза правёў 77 матчаў, гэта 5-ы паказнік сярод усіх гульцоў. У яе складзе дабіўся самага важкага дасягнення ў кар’еры — стаў срэбным прызёрам чэмпіянату Еўропы 1988 году, а праз чатыры гады выступаў ужо за аб’яднаную каманду СНД.

 

За аднаклубнікам і сябрам па зборнай СССР Аляксандрам Заваравым

За аднаклубнікам і сябрам па зборнай СССР Аляксандрам Заваравым


Гэта першы беларускі футбаліст, які ў 1989 годзе падпісаў замежны кантракт — і адразу з клубам аднаго з наймацнейшых чэмпіянатаў кантыненту. Ад пачатку была размова пра італьянскі Genoa, але бакі не сышліся ў суме кантракту, затое аператыўна падаспелі менеджары Juventus. У складзе турынцаў разам з сябрам па зборнай Аляксандрам Заваравым стаў уладальнікам Кубка УЭФА і Кубка Італіі.

Аднак махінацыі футбольных агентаў і сумеснай з італьянцамі кампаніі-пасярэдніка, якая атрымала эксклюзіўныя правы на продаж гульцоў тады яшчэ саюзнай сістэмы «Дынама», вымусілі дачасна пакінуць распалажэнне «Старой сіньёры». «Прайдзісветы проста расцягнулі грошы за няўстойку», — падсумоўвае ён. Але яшчэ да 37 гадоў выступаў за італьянскі Lecce ды іншыя клубы ў Еўропе і Азіі.

Выхаванец менскай СДЮШАР-5, пачынаў у студэнцкай камандзе «Буравеснік», а ў 19-гадовым узросце быў залічаны ў сталічнае «Дынама» пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева. У першы ж сезон дэбютант стаў чэмпіёнам СССР. Праз два гады атрымаў бронзавую ўзнагароду і неўзабаве быў выкліканы ў алімпійскую, а затым і ў галоўную зборную. Нягледзячы на маладосць, у 1985-м калегі-дынамаўцы даверылі яму капітанскую павязку, якую насіў да канца менскай кадэнцыі ў 1989-м.

 

З жонкай Наталляй і сынам Арцёмам перад ад’ездам у Італію

З жонкай Наталляй і сынам Арцёмам перад ад’ездам у Італію

Сяргей Алейнікаў з’яўляецца аўтарам самых хуткіх галоў каманды СССР на чэмпіянтах свету і Еўропы. У 1986-м на 7-й хвіліне забіў Вугоршчыне, а ў 1988-м на 3-й хвіліне «распячатаў» вароты каманды Англіі. У 1990-м быў адзіным прадстаўніком СССР у сімвалічнай зборнай свету на матчы, прысвечаным 50-годдзю легендарнага бразільскага форварда Пеле.

Сем разоў уваходзіў у спіс найлепшых футбалістаў СССР, футбаліст году Беларусі 1984, 1986 і 1988 гадоў. Па выніках апытання да 50-гадовга юбілею УЕФА прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі за паўстагоддзя — праўда, віншаванняў ад Беларускай федэрацыі футболу так і не дачакаўся.

 

Беларускі легіянер серыі А

Беларускі легіянер серыі А

Імя Алейнікава носіць сімвалічны клуб для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і больш матчаў на найвышэйшым ўзроўні. Сам ён дасягнуў гэтага паказніку ў 1994-м у складзе японскага Gamba Osaka. Наогул за мяжой гулец правёў прыкладна палову сваёй спартовай біяграфіі. Акрамя Juventus і Lecce, у паслужным спісе шэраг італьянскіх клубаў ніжэйшых дывізіёнаў, а таксама шведскі Oddevold і згаданая ўжо Gamba Osaka.

Паспрабаваў сілы і ў якасці трэнера. У мінорных серыях італьянскага першынства спачатку ўзначальваў Anani Fontana, дзе завяршыў кар’еру гульца, потым былі Pontedera, Kras, падлеткавыя каманды ў акадэміях Juventus і Lecce. Ёсць у багажы не самыя ўдалыя спробы супрацы з расейскімі клубамі — маскоўскім «Торпео-Металлургом» і падмаскоўным «Видным». Апошнім месцам стала літоўская Dainava з Алітусу, якая па выніках сезону была расфармаваная.

 

Аўтабіяграфічная кніга

Аўтабіяграфічная кніга

Сваю гульцоўскую кар’еру Сяргей Алейнікаў паслядоўна апісаў у кнізе «І жыццё, і слёзы, і футбол...», якая выйшла ў суаўтарстве з журналістам газеты «Прессбол» Дзмітрыем Беленькім.

 

Дзяржава: залішняя апека вядзе да дэградацыі

У Мінску ў Сяргея Алейнікава шмат блізкіх людзей, сваякоў, сяброў. Але часта выбірацца на радзіму не атрымліваецца — апошні раз прыязджаў амаль тры гады таму. Балазе, сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць быць на сувязі, незалежна ад адлегласцяў.

 

Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com

Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com


«Напэўна, каб знаходзіўся на мапе крыху вышэй, на поўначы, было б прасцей плянаваць тыя паездкі. А так занадта далёка забраўся. Тут па самой Італіі складаная лагістыка, ужо не кажучы пра Беларусь», — усміхаецца ён.

Цікаўлюся, ці захаваўся хоць нейкі інтарэс да беларускага футболу? Ці адчуў інтрыгу ў тым, што, дзякуючы «Дынама» з Берасця, летась пахіснулася шматгадовая манаполія барысаўскага БАТЭ? Іншая справа, што ніяк не можа парадаваць роднае «Дынама», менскае, якому Сяргей аддаў плённых восем гадоў. Або ўзровень італьянскага чэмпіянату аўтаматычна апускае ўсе іншыя ў шэраг «карыкатурных»?

«Не ведаю, ці аб’ектыўнай будзе мая думка, хутчэй усё ж суб’ектыўная... Што да інтрыгі, не сказаў бы, што яна штучная, але трэба дачакацца сезону, каб паглядзець, ці будзе працяг ад Берасця. Па вялікім рахунку, у асноўным праглядаю бягучыя вынікі ды сачу за еўракубкамі. І справа не ў карыкатурнасці. У кожнага свой шлях развіцця. На жаль, у Беларусі слабая інфраструктура, адсутнічае сістэмная падрыхтоўка кадраў, адсюль і мала цікавых выхаванцаў. У Італіі таксама не ўсё ідэальна, але якасць футбалістаў іншая. Праблемы ёсць усюды, проста іх узровень розны».

Паводле Сяргея Алейнікава, у Італіі не трэба лішні раз заклікаць інвестараў укладацца сродкамі ў футбол — тут гульня № 1 і без таго на ўзроўні рэлігіі. І гэта рэзка дысануе з дзяржаўнай манаполіяй на спорт, якая ўсталявалася ў Беларусі.

«Безумоўна, фінансавыя магчымасці тут і ў Беларусі адрозніваюцца на парадак, — прызнае ён. — Але, як на мой погляд, да таго часу, пакуль спорт у сучасным свеце будзе залежаць ад дзяржавы, асаблівага развіцця чакаць не варта. Яна, вядома, павінна браць нейкі ўдзел, асабліва ў аб’ектыўна небагатых постсавецкіх краінах, аднак пакуль у клубы не прыйдуць зацікаўленыя ўласнікі, на прарыў разлічваць складана. На жаль, шлях гэты некароткі і цярністы. Але чым хутчэй пачаць пераўтварэнні, тым больш шанцаў на поспех».

 

Досвед: на радзіме паслуг легенды футболу не ацанілі

З улікам атрыманага досведу ў адной з самых моцных лігаў свету Сяргей Алейнікаў прапаноўваў свае паслугі Беларускай федэрацыі футболу. Ён мае прафесійную трэнерскую ліцэнзію, у якасці інструктара FIFA рэгулярна ўдзельнічае ў семінарах падрыхтоўкі маладых трэнераў. Колішні футбаліст далёкі ад думкі, што здольны у адзін момант выправіць сітуацыю, але функцыянеры маглі б прынамсі паспрабаваць яго выслухаць. Паабяцалі толькі адно: «Абмяркуем і ператэлефануем».

 

За сезон беларус стаў уладальнікам Кубку УЭФА і Кубку Італіі

За сезон беларус стаў уладальнікам Кубку УЭФА і Кубку Італіі


«Да гэтага часу тэлефануюць, ужо колькі гадоў, — не траціць пачуцця гумару суразмоўца. — Я не кажу, што прыйшоў бы і ўсё “разруліў”. Але нават элементарна — хоць бы паспрабаваць, чаму не? Нават не трэба далёка хадзіць па прыклады. Дастаткова ўзяць ад былых югаславаў да заходнееўрапейцаў, паглядзець, хто знаходзіцца і на чале нацыянальных федэрацый, і ля стырна клубаў. І на падставе гэтага зрабіць высновы, што маем у Беларусі. Як той казаў, no comments».

У першай палове 1990-х Сяргей Алейнікаў згуляў некалькі матчаў за толькі што ўтвораную каманду Беларусі. Агулам чатыры: адзін у 1992-м, два ў 1993-м і апошні ў 1994-м. Але і гэтага хапіла, каб разам з іншымі шчасліўчыкамі трапіць у гісторыю. У кастрычніку 1992 году на стадыёне «Дынама» ў прысутнасці 10 тысяч гледачоў беларусы правялі сваю першую афіцыйную сустрэчу. Таварыская нічыя з Украінай — 1:1.

За сабой вялі наваспечаныя легіянеры, спрактыкаваныя сябры-дынамаўцы: Алейнікаў (Lecce, Італія), Гоцманаў (Hallescher, Нямеччына), Зыгмантовіч (Groningen, Нідэрлянды), Мятліцкі (Rapid, Аўстрыя), а таксама ўжо гатовыя стартануць у іншыя чэмпіянаты Герасімец, Бялькевіч, Вялічка, Шуканаў, Гурэнка ды іншыя. А ці не было адчування, што размах дзеі ўжо не той, калі параўноўваць з выступамі за зборную СССР? Дарэчы, усе матчы Сяргея Алейнікава прайшлі пад бел-чырвона-белым сцягам, які пасля абвяшчэння незалежнасці былой савецкай рэспублікі стаў дзяржаўным.

 

Сяргей Алейнікаў перад пачаткам матчу паміж зборнымі «Зоркі СССР» – «Зоркі Свету» ў гонар 50-гадовага юбілею брамніка Рыната Дасаева, 2007 год

Сяргей Алейнікаў перад пачаткам матчу паміж зборнымі «Зоркі СССР» – «Зоркі Свету» ў гонар 50-гадовага юбілею брамніка Рыната Дасаева, 2007 год


«На жаль, з розных прычынаў я мала правёў гульняў за зборную Беларусі. Але паколькі ўсё адбывалася не так аддалена ў часе — Саюз распаўся за пару гадоў да таго — вялікай розніцы паміж тым, што было і што стала, не адчувалася. Гімн іграў стары, сцягі ўразброд. Праз дзесяцігоддзе пачуцці, мабыць, былі б іншыя, але асабіста я тыя сустрэчы не ўспрымаў, як нешта незвычайнае. Каб застаўся яшчэ гады на 2-3, пэўна, нейкія зрухі ў свядомасці адбыліся б. А так збольшага па інерцыі. Спачатку зборная СССР, потым СНД і толькі затым Беларусь. Досыць плаўны пераход».

30 апошніх гадоў Сяргей Алейнікаў жыве на Апенінах — ужо больш, чым пражыў у Беларусі. Былога футбаліста Juventus і Lecce дагэтуль пазнае на вуліцах тарсіда; журналісты звяртаюцца з просьбамі даць ацэнку той ці іншай падзеі, запрашаючы ў спартовую тэлестудыю; ён запатрабаваны як дасведчаны трэнер-інструктар FIFA і UEFA.

Жонка Наталля займаецца невялікім бізнесам з хэндмэйд-вырабамі, вядзе гаспадарку. Дзеці вучыліся ў школе разам з мясцовымі аднагодкамі, а малодшы Артур у італьянскім асяродку наогул ад першых дзён. Цяпер дарослыя сыны занятыя ўласнымі кар’ерамі. Бацькі хоць збольшага і «моўныя самавукі», але таксама свабодна гавораць па-італьянску ды пачуваюцца ў тутэйшай супольнасці абсалютна камфортна. Што яшчэ трэба для шчасця?

www.svaboda.org