Беларускім хакеістам працягнулі міжнародную ізаляцыю. Не атрымаецца адабрацца на Алімпіяду

Зборныя Беларусі і Расіі па хакеі не дапушчаны да міжнароднага сезона-2024/2025. Беларусы, такім чынам, не змогуць удзельнічаць у алімпійскай кваліфікацыі і адабрацца на Гульні 2026 года.

Фота: belarus.by

Фота: belarus.by

Падчас аднаго са сваіх рэгулярных пасяджэнняў Савет Міжнароднай федэрацыі хакея разгледзеў бягучыя рызыкі для бяспекі, звязаныя з прыцягненнем нацыянальных і клубных каманд Расіі і Беларусі да спаборніцтваў пад сваёй эгідай.

Грунтуючыся на дбайным аналізе, Савет ІІХФ, як паведамляе прэс-служба Міжнароднай федэрацыі хакея, прыйшоў да высновы, што пакуль небяспечна вяртаць расійскую і беларускую каманды ў спаборніцтвы.

Такім чынам, Расія і Беларусь не будуць удзельнічаць у спаборніцтвах ІІХФ сезона 2024/25.

Гэта рашэнне, гаворыцца ў заяве, таксама будзе распаўсюджвацца на зборную Беларусі ў дачыненні да фінальнага раўнда алімпійскай кваліфікацыі, які адбудзецца ў жніўні 2024 года.

Як гэта рабілася на працягу апошніх гадоў, Савет ІІХФ працягне сачыць за сітуацыяй, і апошняя дата, калі можна будзе вызначыць, ці бяспечна рэінтэграваць Расію і Беларусь на чэмпіянат-2025/26, будзе ў маі 2025 года на пасяджэнні Савета ІІХФ перад штогадовым Кангрэсам ІІХФ.


Глядзіце таксама

У лютым 2022 года Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) рэкамендаваў міжнародным федэрацыям не дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў да ўдзелу ў спаборніцтвах праз расійскую агрэсію ва Украіне, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымліве Крэмль. Зборныя Расіі і Беларусі па рашэнні ІІХФ пасля рэкамендацый МАК прапусцілі чэмпіянаты свету 2022 і 2023 гадоў, а таксама не выступяць на сусветным першынстве 2024 года ў Чэхіі.

Пры гэтым, варта дадаць, у большасці летніх відаў спорту беларусы і расійцы зноў дапушчаны да спаборніцтваў, але ў нейтральным статусе — без выкарыстання сцяга, герба, гімна і іншых прыкмет дзяржаўнай прыналежнасці. Адпаведна нейкая іх частка зможа ўдзельнічаць і ў сёлетняй Алімпіядзе ў Парыжы.

Разам з тым у гульнявых відах спорту (за выключэннем футбола) беларусы застаюцца ў ізаляцыі. Баскетбол, гандбол, валейбол недасяжны для ўдзелу ў чэмпіянатах свету і Еўропы праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў нападзе на Украіну.