«Залатыя праменні 25 сакавіка»

У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску пасля доўгіх абгавораў і спрэчак Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла незалежнасць Беларусі ад Расеі і выдала з гэтага поваду «Трэцюю Устаўную Грамату» да жыхарства Беларусі.

2_ustaunaja_hramata_bnr.jpg


...Усебеларускі Кангрэс, які адбыўся 5–18 снежня 1917 года (па старым стылі), абвясціў Беларусь Народнаю Рэспублікаю і абраў Раду Кангрэса і яе Выканаўчы Камітэт, якім даручыў скласці першы ўрад Беларусі і ўвайсці ў перагаворы з расійскім і ўкраінскім урадамі аб фармальным замацаванні федэрацыі з гэтымі рэспублікамі.
Выконваючы даручэнне Кангрэса, Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Кангрэса ў канцы снежня 1917 года звярнуўся да Масквы і Кіева з прапазіцыямі аб канстытуцыіраванні Федэрацыі. Але і Масква, і Кіеў, кожны з розных прычын, прапазіцыю гэтую адкінулі: Масква жадала і надалей панаваць над Беларуссю як сваёй калоніяй, а Украіна, якая толькі што абвясціла сваю незалежнасць ад Масквы, не жадала сябе звязваць ніякімі новымі дзяржаўнымі звязамі з Маскоўшчынай. Такім чынам працягнутая Беларуссю рука асталася ў паветры.
Беларускае грамадства, летуцеўшае ў той час аб Усеславянскай Федэрацыі і глядзеўшае на федэрацыю з Маскоўшчынай і Украінай як на першы крок у гэтым кірунку, — было дужа расчаравана гэткім адношаннем да прапазіцый Усебеларускага Кангрэса і змушана было зрабіць належныя вывады. I вось ужо 31 снежня 1917 года (па старым стылі, новы стыль на Беларусі ўведзены быў з 1 лютага 1918 года) на навагоднім банкеце, які адбыўся ў Менску ў Клубе «Беларуская Хатка», сябрамі Прэзідыума Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады было рашуча пастаўлена пытанне аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі. Пасля адпаведных прамоў быў пушчаны ліст з кароткай дэкларацыяй: «Хай жыве Незалежная Беларуская Народная Рэспубліка!». Ліст гэты быў падпісаны ўсімі прысутнымі на банкеце беларускімі дзеячамі.

 Аўтар эскіза бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Кастусь Езавітаў. Рыга, 1919 г.

 Аўтар эскіза бел-чырвона-белага сцяга Клаўдзій Дуж-Душэўскі і Кастусь Езавітаў. Рыга, 1919 г.

Гэты банкет і праведзенае на ім шляхам падпісання ліста папярэдняе галасаванне канчаткова вырашылі пытанне абвяшчэння Беларускае Народнае Рэспублікі незалежнаю. Аставалася толькі належным і аўтарытэтным чынам аформіць гэтую важную справу.
Разглядаючы падзеі 1917 і 1918 гадоў на Беларусі, трэба ўвесь час памятаць, што цераз усю Беларусь праходзіў нямецка-расейскі фронт, які адрэзаў Заходнюю Беларусь ад Цэнтральнай і Усходняй Беларусі, ды што ўся Цэнтральная Беларусь была набіта расейскімі вайскоўцамі і рознымі расейскімі грамадскімі арганізацыямі, абслугоўваўшымі армію. У беларускіх гарадах, асабліва ў Менску, дзе стаяў штаб Заходняга фронту, расейская прыезджая інтэлігенцыя ўваходзіла ў значнай лічбе ў гарадскія і нават земскія самаўрады, дзе мела вялікі ўплыў і ў хаўрусе з яўрэйскімі домаўласнікамі ды польскімі і расейскімі абшарнікамі ўсімі спосабамі перашкаджала працы Выканаўчага Камітэта Усебеларускага Кангрэса.
Прайшло некалькі тыдняў, пакуль Выканаўчы Камітэт і Рада Усебеларускага Кангрэса настолькі ўмацаваліся, што здолелі з дапамогай Беларускай Вайсковай Цэнтральнай Рады ўзяць уладу ў Менску ў свае рукі і стварыць першы Урад Беларусі — Беларускі Народны Сакратарыят. Здарылася гэта 19 лютага 1918 года, калі Беларуская Вайсковая Цэнтральная Рада, скарыстаў­шы абставіны і абапершыся на беларускіх вайскоўцаў і свядомую моладзь у Менску, захапіла горад і яго ваколіцы ў свае рукі і стварыла ў Менску Беларускую Камендатуру і 1-шы беларускі пяхотны полк.
Расейская армія, у якой панаваў тады поўны развал, адступіла на Усход, за Оршу, на лінію Дзвіна–Дняпро і беларусам не перашкаджала. Затое на маладую беларускую ўладу адразу ж зрабілі напад польскія абшарнікі з Паўднёвае Меншчыны, якія мелі ў раёне Бабруйска сканцэнтраваны польскі корпус генерала Даўбар-Мусніцкага. Частка гэтага корпуса адразу была кінута на Менск з паўднёвага боку, каб зліквідаваць беларускую ўладу і захапіць Цэнтральную Беларусь і беларускую сталіцу ў польскія рукі. Аднак гэтыя захопніцкія планы палякаў на той раз не ўдаліся, бо хутка ў справу ўмяшаліся немцы, якія павялі наступ на Менск з захаду і акупавалі яго.
Нямецкая акупацыйная армія спыніла беларуска-польскія сутычкі ў дужа арыгінальны спосаб: яна абяззброіла як палякаў, так і беларусаў, пры гэтым польскія вайсковыя часткі былі перавезены з Беларусі ў Польшчу, а беларускія вайскоўцы былі інтэрнаваны. Зліквідаваўшы польскую пагрозу, акупацыйная армія не спыніла працы Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, які застаўся ў Менску і нягледзячы на розныя абмежаванні і перашкоды з боку акупантаў лічыў сябе і ўважаўся ўсім жыхарствам за адзіную законную ўладу на Беларусі.
Пасля стварэння Беларускага Народнага Сакратарыята і пераходу ўлады ў рукі беларусаў расейскія і яўрэйскія партыйныя арганізацыі, а таксама Менскі гарадскі і земскі самаўрады зрабіліся больш лагоднымі і выказаліся за поўнае супрацоўніцтва з Радай Усебеларускага Кангрэса і яе арганізацыямі Выканаўчым Камітэтам і Беларускім Народным Сакратарыятам. У выніку гэтае беларускае перамогі аказалася магчымым сканструяваць Беларускі Прадпарламент, які аб’яднаў у сабе: 1) Раду і Выканаўчы Камітэт Усебеларускага Кангрэса, 2) Беларускую Цэнтральную Вайсковую Раду, 3) прадстаўнікоў ад беларускіх гарадскіх і земскіх самаўрадаў і 4) прадстаўнікоў ад усіх палітычных партый на Беларусі. Створаны на гэткім шырокім прадстаўніцтве Беларускі Прадпарламент быў названы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй былі рэпрэзентаваны ўсе краёвыя нацыянальнасці, самаўрады, кірункі і партыі, за выключэннем невялічкае групы беларускіх хрысціянаў і абшарнікаў, якія згрупаваны былі каля беларускага абшарніка Рамана Скірмунта і ўскладалі надзею на тое, што сваімі даносамі на Раду даб’юцца ад акупаваўшых Менск немцаў разгону Рады. Немцы, аднак, добра бачылі, што Рада штодзень болей набывае ў Краі папулярнасці і сімпатыяў, а таму разагнаць яе не адважваліся, хаця ж у Радзе і была непажаданая ім сацыялістычная большасць.
Хаця беларускія партыі і арганізацыі мелі ў Радзе большасць, аднак з актам абвяшчэння незалежнасці Беларусі яны не спяшаліся, бо хацелі, каб гэты акт быў вынесены як мага большаю лічбаю галасоў. З гэтай мэтай вяліся адпаведныя перагаворы з партыямі іншых нацыянальнасцяў у Радзе ды разам з тым чакаліся «беларускія рэзервы» з Заходняй Беларусі, якой таксама былі прадугледжаны 10 мандатаў у Радзе БНР.
24 сакавіка з’явіліся ў Раду прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, лічба беларускіх галасоў павялічылася, апрача таго, атрымана была згода на абвяшчэнне незалежнасці Беларусі ад некаторых расейскіх і яўрэйскіх груповак. I пытанне аб прыняцці дэкларацыі з абвяшчэннем незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі было пастаўлена ў парадак дня. Пасля доўгіх спрэчак з расейскімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, польскімі сацыялістамі і некаторымі яўрэйскімі групамі пад самую раніцу быў зроблены перапынак, а на світанні пераважнай большасцю галасоў была прынята «Трэцяя Устаўная Грамата» з абвяшчэннем незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі.
Калі абвешчаны былі вынікі галасавання, у зале запанаваў урачыста-ўзняты настрой, беларускія сацыялісты заспявалі рэвалюцыйны беларускі гімн «Ад веку мы спалі, і нас разбудзілі!..». Уся Рада ўстала і дружна падхапіла гэтую хвалюючую магутную мелодыю з яе захопліваючымі, як прысяга, словамі.
У гэты момант праз вокны ўдарылі першыя залатыя праменні наступаючага 25 сакавіка, і ўся зала афарбавалася ў нейкі містычна-ружовы колер. Захопленыя агульным уздымам, нават прадстаўнікі расейскіх сацыял-рэвалюцыянераў і яўрэі пасля адспяванага гімна зрабілі ўрачыстыя заявы, у якіх падкрэслілі, што, лічачыся з стаўшымся фактам, яны таксама ўсімі сіламі будуць падтрымоўваць Беларускую Дзяржаву.
1933 г.
***** 
Кастусь Езавітаў
— паэт, публіцыст, дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння — нарадзіўся ў 1893 годзе ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс, Латвія). Скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Пецярбургу. У чыне паручніка ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Арганізаваў у сваім пяхотным палку беларускую групу, ад імя якой быў выбраны дэлегатам на з’езд беларусаў Паўночнага фронта (Віцебск). Увайшоў у склад Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады, быў дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэса. За ўдзел у яго рабоце і за стварэнне беларускага войска ў студзені 1918 года арыштаваны ЧК. Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Менска і Менскага гарнізона і ўзначаліў беларускі полк. У сакавіку 1918 года ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнічаў у абвяшчэнні дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. У першым урадзе БНР — народны сакратар унутраных спраў, а потым — сакратар асветы. Атрымаў званне палкоўніка.

Кастусь Езавітаў

Кастусь Езавітаў

У 1919–1920 гадах узначальваў вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі. У 1920-м урад БНР прысвоіў яму званне генерал-маёра. У 1921 годзе, калі пасля Рыжскай дамовы Заходняя Беларусь перайшла ў склад Польшчы, прыняў латвійскае грамадзянства і распачаў культурна-асветніцкую працу сярод этнічных беларусаў Латвіі. Працаваў дырэктарам беларускай гімназіі ў Дзвінску, потым у Люцыне.
Паводле афіцыйнай версіі, памёр пад час судовага следства 23 мая 1946 года, па іншых звестках — быў расстраляны.

Кастусь Езавітаў

Кастусь Езавітаў

Напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, беларусазнаўстве. Аўтар лірычных вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча.