Ураджэнка Заходняй Беларусі распавяла пра жахі высылкі ў Сібір

86-гадовая жыхарка Вялікай Брытаніі выдала кнігу пра ваенны час «Дзе д'ябал кажа «Добрай ночы».



where_the_devil_says_goodbye.jpg

Альфрэда Старша-Мінішэўская з Заходняй Беларусі распавяла пра перажытае падчас Другой сусветнай вайны, калі спачатку ў яе дом пастукаліся па чарзе савецкія салдаты і гітлераўцы. Менавіта савецкія войскі прымусілі 12-гадовую дзяўчынку і ўсю яе сям'ю пакінуць дом і адправіцца ў высылку ў Сібір, піша Derby Telegraph (пераклад — charter97.org).
Альфрэда Старша-Мінішэўская напісала кнігу «Дзе д'ябал кажа «Добрай ночы», у якой распавядае пра жахі савецкай высылкі. Іх пагрузілі ў цягнік для перавозкі жывёлы і адправілі ў працоўны лагер на поўнач Расіі, да Белага мора. Там яна перажыла жудасныя холад, голад і брутальныя ўмовы. Яна перахварэла на сухоты, плеўрыт, пнеўманію, малярыю, яе пераследавалі ваўкі, мядзведзі і здзічэлыя людзі, якія жылі ў лесе. Голад прымусіў яе есці суп з рыбіных вачэй, сабачае мяса і жэле са скуранога рамяня. Але нават у самыя жудасныя моманты яна знаходзіла сілы і надзею ў дачыненнях з людзьмі, сасланымі разам з ёй у Сібір з Польшчы і Беларусі.
«Я напісала гэтую кнігу, каб захаваць успаміны пра тых, хто памёр і каб увекавечыць гераізм тых, хто адмовіўся здацца Савецкаму рэжыму», — напісала яна.
У сваіх мемуарах яна распавядае пра жахі нямецкай і савецкай акупацыі, кажучы, што абодва бакі неслі зло, і толькі мясцовыя, беларусы, заўсёды ставіліся да іх добра і не шкодзілі. Савецкія ўлады выкінулі іх з хаты ў лютым 1940 года, яшчэ да вайны, і адправілі да Белага мора, дзе было -35˚С і па вуліцах у літаральным сэнсе хадзілі белыя мядзведзі. Пасля перажытага жаху, хвароб і смерцяў у 1944 годзе яны апынуліся ва Украіне, якая здалася раем на зямлі, бо там раслі гародніна і садавіна. Дадому яна вярнулася толькі ў 1946 годзе. Цяпер яна жыве ў Дабішэры, Вялікая Брытанія.