Уладзімер Ляхоўскі: Случакі змагаліся, а дзеячы БНР сядзелі, як мышы пад венікам

Чым былі ваенныя дзеяньні на Случчыне ў 1920 годзе — паўстаньнем, збройным чынам ці фронтам БНР? Ці меў рацыю пісьменьнік Андрэй Федарэнка, назваўшы слуцкіх паўстанцаў — «нічыімі»? 



843c587e_9647_4603_b92d_ebc3e9d54685_w640_r1_s.jpg

Чым кіруецца беларуская ўлада, калі забараняе ўшаноўваць памяць удзельнікаў паўстаньня, і дзе мусіць урэшце паўстаць ім помнік?

Госьцем перадачы — гісторык Уладзімер Ляхоўскі.

— Уладзімер, спачатку давайце вызначымся з назвай. Найбольш папулярная, хадавая — Слуцкае паўстаньне. Вы зборнік дакумэнтаў назвалі — «Слуцкі збройны чын». На эміграцыі зь лёгкай рукі Юркі Віцьбіча часам пісалі — Слуцкі фронт БНР. Дык які тэрмін тут найбольш падыходзіць?

— Давайце разьбярэмся. Паўстаньне — гэта ваенная акцыя супраць дзейнай улады ці акупацыйнага рэжыму. На Случчыне на той час, калі пачалося паўстаньне, пакуль не было бальшавікоў, а палякі — сыходзілі і ўжо ня ўмешваліся ва ўнутраныя справы павету. Фронт — таксама не зусім тое. Фронт можна было назіраць у Чачні ў 1990-я гады, там чачэнцы трымалі тэрыторыю. На Случчыне франтальнага супрацьстаяньня не было. Случакі дзейнічалі з нэўтральнай зоны, гэта былі партызанскія акцыі. Я лічу, што больш адпаведная назва — Слуцкі збройны чын. Гэта збройны чын з элемэнтамі партызанкі супраць захопніцкіх бальшавіцкіх сілаў.

— А чаму гэты збройны чын адбыўся менавіта на Случчыне? Там што, былі нейкія самыя спрыяльныя перадумовы?

— Я прааналізаваў тагачасную сытуацыю ў розных рэгіёнах, ня толькі ў Беларусі, але і на Тамбоўшчыне, напрыклад, дзе паўставалі антыбальшавіцкія рухі, і прыйшоў да высновы, што жабракі не ваююць за свабоду. Слуцкі збройны чын — клясычны выпадак выступу гэтак званых «кулацкіх элемэнтаў» — заможных беларускіх сялянаў, якія не хацелі аддаваць свой хлеб, фураж бальшавікам, не хацелі ісьці ў іхняе войска. Тады яшчэ працягвалася польска-савецкая вайна, праходзіла мабілізацыя. Чаму менавіта Случчына? Заходнія раёны Беларусі вельмі пацярпелі ад бежанства падчас Першай сусьветнай вайны. Ад 40 да 60 % беларускіх сялянаў, пераважна праваслаўных, былі эвакуяваныя ці гвалтоўна выселеныя зь іх тэрыторыі і расьцярушаныя па Расеі. Калі яны вярнуліся на свае гаспадаркі, то засталі іх разбуранымі. Такія людзі не могуць паўставаць. А Случчына толькі на 4,7 % апынулася ў бежанстве. Там падчас нямецкай і польскай акупацый беларуская сялянская гаспадарка прырастала. Польскія абшарнікі, разумеючы, што адбываецца на гэтых тэрыторыях, зьяжджалі са Случчыны, за бясцэнак прадавалі свае землі беларускім сялянам, у якіх былі грошы. Случчына на той час — самы заможны рэгіён Беларусі, які ня быў спустошаны вайной. Палякі пісалі пра Случчыну: «гэта беларуская Галяндыя па ўзроўні агранаміі».

— Гэта зразумела, калі чалавек бярэцца за зброю, баронячы сваю маёмасьць, у тым ліку зямельную. А наколькі Слуцкі збройны чын можна лічыць менавіта нацыянальным супрацівам?

— У нас сацыяльны і нацыянальны чыньнікі не заўсёды супадаюць. Былі выпадкі, калі гэтыя чыньнікі супадалі, ішлі разам. Можна ўзгадаць Усебеларускі зьезд 1917 году. Слуцкі збройны чын — з той самай гісторыі. На Случчыне пачынаючы з 1917 году ствараліся беларускія гурткі — «Папараць-кветка», «Зарніца», «Кутнёўская навуковая грамада» і г.д. Спачатку яны не выходзілі за межы сваёй чыннасьці — тэатральныя пастаноўкі, асьветніцкая дзейнасьць і г.д. Але ўжо падчас польска-савецкай вайны ствараюцца эканамічныя падмуркі нацыянальнага руху: каапэратывы, спажывецкія таварыствы. Хто ў Слуцку ў 1920 годзе арганізаваў зьезд, які ўзяў курс на паўстаньне? Менавіта маладзёвыя актывісты названых гурткоў. І сацыяльная сытуацыя ў павеце наклалася на актыўнасьць нацыянальнай беларускай эліты, якая нараджалася. У нас заўсёды так было: народ падымаўся, а эліта паказвала сваю палітычную няздольнасьць. А Слуцкі збройны чын — гэта якраз той выпадак, калі сацыяльны чыньнік супаў з нацыянальным. І змаганьне адбывалася пад сьцягамі нацыянальнага вызваленьня.

 Слуцкія змагары мелі ў тыле польскае войска, якое ня так даўно перад гэтым граміла і гнала бальшавіцкія дывізіі з-пад Варшавы.Як паводзілі сябе палякі на Случчыне?

— Сёньня модны выраз — гібрыдная вайна, як ва Ўкраіне. Тое самае хацеў зрабіць і Пілсудзкі ў 1920 годзе.

— Дык гэта Пілсудзкі прыдумаў такую вайну?

— Можна сказаць — так. Давайце паглядзім на паход генэрала Жалігоўскага на Вільню. Усё выглядала так, быццам нараджэнцы гэтага краю пайшлі на Вільню, каб адбіць яе ў літоўцаў. Другі падобны выпадак — палескі паход генэрала Булак-Балаховіча, да якога палякі як быццам ня мелі дачыненьня. Яны падпісалі папярэдняе пагадненьне аб міры з бальшавікамі, і таму польскія часткі як бы ня ўдзельнічалі ў гэтых акцыях. Быў выкарыстаны гэтак званы «мясцовы элемэнт», які, зразумела, фінансаваўся, узбройваўся палякамі. Але палякі рабілі выгляд, што яны ні пры чым. Рукамі случакоў яны хацелі дамагчыся далучэньня гэтых тэрыторый да Польшчы.

— Вы тут самі сабе супярэчыце. Вашыя ж словы: «Слуцкі збройны чын адбываўся пад сьцягамі нацыянальнага вызваленьня».

— Такія былі пляны, але іх парушылі прыхільнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, найперш беларускія эсэры, якія ўзялі паўстаньне ў свае рукі, перамогшы на выбарах у Слуцкую раду. Потым, праўда, была спроба змовы супраць іх. Але ўдалыя дзеяньні Васіля Русака, які меў сувязі ў контрвыведцы Слуцкай брыгады, пасьпелі заблякаваць тых людзей, якія хацелі павесьці паўстаньне па польскіх рэйках у саюзе з Булак-Балаховічам і ў выніку далучыць гэтыя тэрыторыі да Польшчы.

gdb.rferl.org__eaf0d208_6072_4_98b525434f866dcd5e7798c78bbe20ec.jpeg

Праект помніка слуцкім паўстанцам. Скульптар Міхась Інькоў

— Цяпер сталі даступныя ў сеціве беларускія пэрыёдыкі 20-г гадоў. У віленскай газэце «Наша думка» за 27 траўня 1921 году быў надрукаваны ліст інтэрнаваных палякамі слуцкіх змагароў: «Браты-беларусы, мы ня толькі падняліся проці бальшавіцкіх камісараў, каб захаваць сваю скуру, а мы паказалі прыклад, што толькі ўзяўшыся за стрэльбу, можна збавіцца ад гвалту маскоўска-камісарскага рэжыму». Іх маральны дух і сёньня ўражвае. А ў якіх умовах утрымліваліся случакі ў польскім лягеры?

— Мне падабаецца аповесьць Андрэя Федарэнкі пра Слуцкі збройны чын «Нічые». І сапраўды, случакі пасьля паразы збройнага чыну сталі нічыімі, непатрэбнымі нікому. Беларускія эсэры, якія дзейнічалі легальна ў Менску, сядзелі як мышы пад венікам, калі бальшавікі душылі Слуцкі збройны чын. Фактычна нічога не зрабілі для случакоў Рада БНР і ўрад БНР, якія сядзелі ў Коўне. Беларускія інстытуцыі, якія дзейнічалі ў Польшчы, таксама кінулі гэтых людзей на волю лёсу. Паўстанцы ўтрымліваліся фактычна ў канцлягеры, хоць умовы там былі, вядома ж, не такія, як падчас Другой сусьветнай вайны. І ўсё ж людзі там пакутавалі, галадалі, не было цёплай вопраткі. Хто іх падтрымліваў? Усяго некалькі чалавек. Прыяжджалі іх камандзер Антон Сокал-Кутылоўскі, Васіль Русак і Лявон Дубейкаўскі. Па непацьверджаных дадзеных са Случчыны пасьля задушэньня паўстаньня зьехалі каля 15 тысячаў чалавек. Антон Сокал-Кутылоўскі і Хведар Данілюк, каб проста пракарміцца, сталі праваслаўнымі сьвятарамі. Падчас Другой сусьветнай вайны яны, ужо немаладыя людзі, сталі ў шэрагі Беларускай краёвай абароны. Сокал-Кутылоўскага схапілі сьмершаўцы на тэрыторыі Нямеччыны ў 1945 годзе. Яго асудзілі, у 1957-м ён быў вызвалены і скарыстаны дзеля таго, каб паказаць, што чалавек раскаяўся. Ён нібыта напісаў ўспаміны, што падчас Слуцкага збройнага чыну не прагучала ніводнага стрэлу, што гэта ўсё фікцыя. Але па стылістыцы ўспамінаў відно, што іх пісаў ня сам Сокал-Кутылоўскі. Ён перажыў трагэдыю і ў асабістым жыцьці. Яго сын Леанід стаў агентам НКВД, сексотам, ён некаторы час нават узначальваў у Наваградку Музэй Міцкевіча, за растраты быў пасаджаны ў турму... Доўгі час мы ня ведалі дакладнай даты сьмерці старшыні Беларускага зьезду Случчыны Васіля Русака. Выбітны наш дзеяч, ня толькі ваяр, але і выдатны прадпрымальнік, ён падчас Другой сусьветнай вайны выдаваў паштоўкі з Пагоняй, значкі, карты, якія вельмі добра разыходзіліся на тэрыторыі Беларусі і ў эміграцыі. У 1945 годзе яго, на той час ужо грамадзяніна Чэхаславакіі, сьмершаўцы гвалтоўна вывезьлі ў Савецкі Саюз, судзілі, далі 10 гадоў. Толькі нядаўна стала вядома, што памёр ён у лягеры 23 жніўня 1954 году. Апрача ўсяго Русаку павінны падзякаваць і габрэі — за тое, што ў вайну ён выратаваў дзьве габрэйскія сям’і. Ён дапамог ім атрымаць пасьведчаньні, што яны беларусы, чым фактычна захаваў ім жыццьцё.

— Сёлета была затрымная здымачная група, якая рабіла кліп пра Слуцкі збройны чын. Летась на Случчыне міліцыянты сарвалі паказ дакумэнтальных фільмаў пра паўстаньне. Беларуская міліцыя — не 16-я бальшавіцкая армія, чаму ж яна працягвае змагацца са слуцкімі паўстанцамі?

— Ва ўладных структурах ідзе пэўная ідэалягічная барацьба. Адны дазваляюць — другія забараняюць. Адзін зь фільмаў, забароненых да паказу на Случчыне, быў зьняты дзяржаўным тэлеканалам ОНТ. А людзей выгналі з клюбу, дырэктара звольнілі... Адна рука не разумее, што робіць другая. Мясцовыя ўлады перастрахоўваюцца. Аніякіх падставаў для забароны фільмаў не было.

 У паэта Міхася Кавыля (яму неўзабаве споўніцца 99 гадоў) ёсьць радкі: «Скліча сход гаспадар зямлі, / там, дзе з воямі змоўкла зброя, / шугане ў вышыню абэліск / з двума словамі: «Слуцкім героям!».Скульптар Міхась Інькоў зрабіў праект помніка слуцкім паўстанцам, які позна ці рана будзе ўсталяваны. Вызначце для яго месца.

— Мне здаецца, найлепшае месца — каля будынку, дзе праходзіў Беларускі зьезд Случчыны, на якім і было прынятае рашэньне аб зройным выступе. Гэты дом належаў Эдварду Вайніловічу, там цяпер месьціцца краязнаўчы музэй. Удзельнікі Слуцкага збройнага чыну, безумоўна, заслугоўваюць нашай удзячнай памяці, іх імёнамі павінны быць названыя вуліцы ў нашых гарадах.

www.svaboda.org