Па слядах аднаго здымка
Пасля публікацыі артыкулу «План «W». Абараніць «крэсы» патэлефанаваў наш чытач Вячаслаў Варанецкі, і сказаў, што на групавым здымку салдат Войска Польскага пазнаў свайго бацьку. Мы дамовіліся пра сустрэчу, і вось яе вынік.
На гэтым здымку Вячаслаў Варанецкі і пазнаў свайго бацьку
Жыхар памежжа
Язэп Іванавіч Варанецкі нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Душкава пад Ракавам у сялянскай сям’і. Яго бацька загінуў падчас Грамадзянскай вайны, а маці працавала аканомкай у мясцовага памешчыка па прозвішчы Булгак. Да 1935 года Язэп працаваў кавалём. Паступова сям’і Варанецкіх удалося збудаваць моцную гаспадарку, у якой у 1937 годзе было ўжо чатыры каровы і два коні. Перад самай вайной цесць Язэпа набыў у мясцовага асадніка 20 гектараў зямлі, заплаціўшы за гэта царскімі залатымі чырвонцамі.
Вёска, у якой жыла сям’я Варанецкіх, знаходзілася ў кіламетры ад савецка-польскай мяжы, а Ракаў, як вядома, быў сталіцай кантрабандыстаў. Мясцовыя спрабавалі пранесці на савецкі бок усё, што магчыма, і польскія памежнікі гэтаму асабліва не перашкаджалі. Аднойчы ў Варанецкіх укралі кароў і… перавялі іх на савецкі бок. Цесць Язэпа нават хацеў перайсці мяжу. Ён дакладна ведаў, дзе яго каровы. Аднак польскія памежнікі параілі старому не выпрабоўваць лёс: «Як трапіш да бальшавікоў, то можаш не вярнуцца», — папярэдзіў беларуса афіцэр Корпуса аховы памежжа (КАП).
Жыхары Душкава таксама ведалі, што савецкія ўлады рэпрэсіруюць усіх, хто мае сувязь са сваякамі ў Польшчы. Такія выпадкі былі ў вёсках Траскоўшчына і Вялікае Сяло. НКУС арыштоўвала цэлыя сем’і і вывозіла іх углыб СССР.
Калі Язэпу споўніўся 21 год, ён быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у 69-м палку пяхоты ў Гнезна. Пасля службы ў польскай арміі, малады беларус трапіў у Корпус аховы памежжа.
Вайсковы музыкант
Батальён КАП «Стоўбцы» складаўся з 5 памежных ротаў і ахоўваў 95-кіламетровы прамежак савецка-польскай мяжы. Усяго ў склад гэтай вайсковай адзінкі ўваходзіла 16 стражніц (памежных застаў). Язэп быў незвычайным памежнікам. Ён іграў у вайсковым аркестры. «Бацька музыцы не вучыўся. Сам неяк авалодаў ігрой на музычных інструментах, прычым на высокім узроўні», — адзначае Вячаслаў Варанецкі. «Шмат разоў ён удзельнічаў у так званых «дэфіладах» — вайсковых парадах, якія арганізоўваў батальён памежнікаў», — працягвае сын нашага героя.
Аркестр батальёна КАП “Стоўбцы”, 2 ліпеня 1939 г.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны, у жніўні 1939 года, батальён КАП «Стоўбцы» быў адмабілізаваны і ўвайшоў у склад рэзервовай 38-й пяхотнай дывізіі Войска Польскага ў якасці 1-га батальёна 96-га пяхотнага палка арміі «Малапольшча». Пасля адпраўкі асноўных частак на захад, камандаванне папоўніла шэрагі памежнікаў за кошт маладых рэзервістаў, а новы батальён «Стоўбцы» стаў часткай палка КАП «Баранавічы».
Музыкі аркестра батальёна КАП “Стоўбцы”, другі злева Язэп Варанецкі
Восень 1939-га
На досвітку 17 верасня 1939 года польскія памежныя заставы былі атакаваны часткамі Чырвонай Арміі. «Колькі іх там было, тых польскіх «капаўцаў». Усяго 5–6 на адну стражніцу. Асноўная частка батальёна была адпраўлена на Захад і змагалася з немцамі. А тут, у Заходняй Беларусі, засталася невялікая частка некалі магутнага памежнага батальёна. «Капаўцы» хадзілі па вёсках, сачылі за захаваннем святломаскіроўкі падчас налётаў нямецкай авіяцыі і з небяспекай пазіралі на ўсход», — успамінае Вячаслаў Язэпавіч.
Парад батальёна КАП “Стоўбцы”, 1939 год
Пасля таго, як савецкія часткі перайшлі мяжу, астаткі батальёна КАП «Стоўбцы» адступілі ў напрамку Навагрудку, дзе 20 верасня 1939 года ля Міру былі аточаны часткамі савецкай 6-й стралковай дывізіі і ўзяты ў палон. Хутка пасля гэтага Язэп Варанецкі вярнуўся дадому. У былым памешчыцкім маёнтку быў арганізаваны калгас, а саму сядзібу Булгакаў разрабавалі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР старая мяжа намінальна захоўвалася, аднак жыхары памежных вёсак усё роўна спрабавалі наведваць адзін аднаго.
Аднойчы жонка Язэпа пайшла на савецкі бок да цёткі. Яна жахнулася ад той галечы, якую ўбачыла ў вёсцы Траскоўшчына, што знаходзілася зусім побач ад Душкава. У савецкіх беларусаў не было нават бульбы, каб пачаставаць заходніх сваякоў.
Варанецкія вярнуліся дадому, узялі мяшок з мукой і ноччу панеслі гэта сваякам на савецкі бок. Аднойчы маладыя дзяўчыны «з Польшчы», сярод якіх была і жонка Язэпа, пайшлі на вечарыну «да Саветаў». А калі вярталіся, то трапілі на савецкі патруль. «Хто такія? Вопратка ў вас багатая. Вы напэўна дочкі памешчыкаў», — накінуліся савецкія памежнікі на дзяўчат. Але тым удалося даказаць, што яны звычайныя сялянкі і вяртаюцца да дому.
Новая вайна
У чэрвені 1941 года Германія напала на Савецкі Саюз, і хутка Беларусь апынулася пад нацысцкай акупацыяй. Аднойчы, у канцы 1941 года, у вёсцы нечакана з’явіўся былы асаднік па прозвішчы Заграйскі. Да 1939 года ён валодаў асадай пад Ракавам, аднак, калі пачалася Другая сусветная вайна, прадаў зямлю і эміграваў. Былы асаднік прыехаў паглядзець, што стала з яго маёнткам, і быў вельмі ўражаны, убачыўшы, што ўсё разрабавана. Сабраўшы вакол сябе сялян, Заграйскі сказаў: «Panowie, komunizm przejdzie po calemu światu, ale zginie nazawsze» (Камунізм пройдзе па ўсім свеце, але згіне назаўсёды). Хто мог тады ведаць, што гэтыя словы будуць прароцкімі.
У лясах з’явіліся партызаны. «Лясныя мсціўцы» забілі роднага брата Язэпа толькі за тое, што ўбачылі ў хаце яго здымак у польскай форме.
За гэты фотаздымак партызаны і забілі брата Язэпа
У 1944 годзе, калі тэрыторыя Беларусі была вызвалена з-пад нямецка-фашысцкай акупацыі, пачаўся прызыў беларускай моладзі ў Савецкую Армію. Аднак на тэрыторыі заходніх абласцей БССР у маладых хлопцаў была магчымасць трапіць і ў Народнае Войска Польскае (НВП). Варанецкі і два яго браты запісаліся ў польскую армію, аднак хлопцы былі адпраўлены на ўсход, у Горкаўскую вобласць. Замест вайсковай падрыхтоўкі беларусам давялося валіць лес. Пазней іх усё ж адправілі на фронт.
У Польшчу ці ў калгас
Салдаты Народного войска польскага (БССР)
У 1945 годзе Язэпу Варанецкаму прапанавалі застацца ў Польшчы і не вяртацца ў СССР. «Бацька распавядаў, што польскі афіцэр, відаць «з былых», сабраў іх, «крэсавякаў», і запытаў: «Czy chcecie iść do kolchozu?» (Жадаеце ісці ў калгас?). Язэп напісаў ліст цесцю і запытаўся, што яму рабіць. Той, безумоўна, не мог напісаць праўду, і вырашыў зашыфраваць свой «мэсыдж» да зяця. Былому настаўніку вясковай школы, які недалюбліваў савецкую ўладу, хапіла розуму напісаць усяго толькі адну фразу: «Калі жадаеш ісці да Вінцуся, дык вяртайся». Язэп адразу зразумеў сэнс паслання.
Старшыню калгаса ў вёсцы, дзе жылі Варанецкія, звалі Вінцэнт. Зразумела, што «ісці да Вінцуся» азначала ісці ў калгас. У выніку Язэп вырашае застацца ў Польшчы, у Гданьску. Туды павінна была выехаць і сям’я былога музыканта-памежніка.
Ужо былі падрыхтаваныя дакументы на рэпатрыяцыю, аднак свёкар у апошні момант прыняў рашэнне застацца ў БССР. Так сям’я падзялілася.
Пазней Язэп Варанецкі працаўладкаваўся ў Гданьскую палітэхніку і працаваў там майстрам вытворчага навучання да самай смерці. Кожны год на Дзяды Вячаслаў Язэпавіч ездзіць у Польшчу, на магілу свайго бацькі. Вось такая гісторыя сям’і, якую падзяліла вайна.
Фота з архіва аўтара