Мы за цаной не пастаім…
70 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Але дасюль не сціхаюць спрэчкі наконт таго, хто быў вінаваты ў трагедыі першых дзён вайны, чаму Чырвоная Армія не
здолела стрымаць націск фашысцкай Германіі. Прапануем вашай увазе ўрывак з даследавання гісторыка Ігара Кузняцова.
Хто вінаваты?
70 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, пачалася Вялікая Айчынная вайна. Але дасюль не сціхаюць спрэчкі наконт таго, хто быў вінаваты ў трагедыі першых дзён вайны, чаму Чырвоная Армія не
здолела стрымаць націск фашысцкай Германіі. Прапануем вашай увазе ўрывак з даследавання гісторыка Ігара Кузняцова.
Хто вінаваты?
У 1920-я — пачатку 1930-х гадоў савецкая ваенная тэорыя займала перадавыя пазіцыі ў сусветным ваенным мастацтве і значна апярэджвала канцэпцыі стратэгаў капіталістычных краін. Ваенныя
тэарэтыкі У.К. Трыандафілаў, Г.С. Ісерсан, Б.М. Шапашнікаў стварылі тэорыю «глыбокай аперацыі», у якой смела прагназавалі характар і спосабы вядзення будучай вайны з
шырокім выкарыстаннем танкаў, авіяцыі, паветрана-дэсантных войскаў.
Маршал М.М. Тухачэўскі выступаў за масавую механізацыю і матарызацыю арміі, распрацоўку і ўкараненне самай сучаснай баявой тэхнікі. Асаблівую ўвагу Тухачэўскі па-прароцку надаваў пачатковаму перыяду
вайны і заклікаў «быць асабліва моцнымі і энергічнымі» ў момант развязвання ўзброенага канфлікту. «Першы перыяд вайны, — казаў ён, — павінен быць яшчэ ў
мірны час правільна прадбачаны, яшчэ ў мірны час правільна ацэнены, і да яго трэба правільна падрыхтавацца».
Перадваенныя рэпрэсіі перакрэслілі ўсё дасягнутае ў галіне стратэгіі і аператыўнага мастацтва. Прагрэсіўныя ідэі і тэорыі былі абвешчаны шкодніцкімі. У кіраўніцтве ўзброенымі сіламі ўзяла верх
устаноўка «коннікаў» — Варашылава, Будзёнага, Куліка, Шчадэнкі, якія дагматычна чапляліся за досвед грамадзянскай вайны.
Варашылаў з трыбуны XVII з’езду партыі сцвярджаў: «Неабходна... раз і назаўсёды скончыць са шкодніцкімі «тэорыямі» пра замену каня машынай». Яму падтакваў
Шчадэнка: «Вайна матораў, механізацыя, авіяцыя і хімія прыдуманы ваенспецамі. Пакуль галоўнае — конік. Вырашальную ролю ў будучай вайне будзе адыгрываць конніца».
Спроба С.К. Цімашэнкі, які прыйшоў у 1940 годзе ў кіраўніцтва Наркаматам абароны на змену Варашылаву, адрадзіць ідэі Тухачэўскага ва ўмовах культу не магла ажыццявіцца. Сталіна абвясцілі адзіным і
бясспрэчным аўтарытэтам і ў галіне ваеннага мастацтва. Паступова распаўсюджваліся дабрадушнасць і шапказакідальніцкія настроі. Палявы статут 1939 года патрабаваў весці вайну «наступальна,
пераносячы яе на тэрыторыю суперніка» і шляхам дасягнення «рашучай перамогі малой крывёй».
Жорсткая рэчаіснасць першых дзён вайны развеяла ілюзіі. Але каса рэпрэсій настолькі грунтоўна абезгаловіла войска, што замшэлыя прыхільнікі тачанак і клінкоў і новаспечаныя генералы, учорашнія
лейтэнанты і капітаны, якія без году тыдзень камандавалі дывізіямі і арміямі, разгубіліся, не здолелі разабрацца ў абстаноўцы, а тым больш авалодаць сітуацыяй.
Сёння апублікавана шмат інфармацыі пра сталінскі тэрор ва ўзброеных сілах. Але дакладных звестак да гэтага часу няма. Лічыцца, што ў перадваенны перыяд рэпрэсавана 44 тысячы чалавек каманднага
саставу, звыш паловы афіцэрскага корпуса. Па дадзеных К. Сіманава, было знішчана 80% вышэйшых і 50% старшых камандзіраў. Генерал Д. Валканогаў сцвярджаў, што на вайне загінула 600 савецкіх генералаў,
а падчас даваенных рэпрэсій мы страцілі ў тры разы больш вайскоўцаў у званнях, прыроўненых да генеральскага.
Ва ўсякім разе, калі Сталін папракнуў Варашылава за няўдачы ў савецка-фінскай вайне, той, хоць заўсёды беспярэчна згаджаўся з правадыром, не вытрымаў і выгукнуў: «А з кім жа ваяваць?! Усе
камандзіры, здольныя думаць, расстраляныя, а новых няма!»
Асноўным аргументам Гітлера для заспакаення ўласных генералаў, якія запанікавалі перад нападам на СССР, былі словы: «Чырвоная Армія абезгалоўлена... яна саслабленая, як ніколі. Трэба
ваяваць, пакуль кадры не вырастуць зноў».
Як стала вядома ўжо пасля вайны, Гітлер, які ведаў пра рэпрэсіі, што пракаціліся па Чырвонай Арміі ў 1937–1939 гадах, запатрабаваў даклад ад сваіх органаў выведкі пра якасць каманднага
складу РККА. За паўтара месяцы да пачатку вайны, на падставе даклада палкоўніка Крэбса, ваеннага аташэ Германіі ў СССР, ды іншых звестак, фюрэру паведамілі: рускі афіцэрскі корпус саслаблены не
толькі колькасна, але і якасна... Супернік не без падставы ўключаў у лік надзвычай спрыяльных фактараў для Германіі фактычную замену цэлых звёнаў ваеннай сістэмы новымі кіраўнікамі... Гэта не проста
заахвоціла, але і наўпрост падштурхнула Гітлера да фарсіравання падзей.
Начальнік германскага генштаба генерал фон Бек у 1938 годзе пісаў: «З рускай арміяй можна не лічыцца як з ваеннай сілай, бо крывавыя рэпрэсіі падарвалі яе дух, ператварылі ў інертную
машыну».
«Першакласны склад савецкіх вышэйшых ваенных кадраў знішчаны Сталінам у 1937 годзе, — казаў Гітлер генералу Кейтэлю. — Такім чынам, неабходны розум у падрастаючай
змене яшчэ пакуль адсутнічае». А на нарадзе вышэйшых нацысцкіх генералаў з нагоды падрыхтоўкі нападу на СССР 9 студзеня 1941 года ён заявіў: «У іх няма добрых
палкаводцаў».
Нельга не пагадзіцца з К. Сіманавым і маршалам А.М. Васілеўскім. Калі пісьменнік сказаў, што без трыццаць сёмага не было б параз сарок першага, маршал адказаў, што «без трыццаць сёмага года,
магчыма, не было б наогул вайны ў сорак першым годзе: Гітлер не рашыўся б яе пачаць».
Рэпрэсіі супраць каманднага складу не толькі абезгаловілі ўзброеныя сілы, але і сур’ёзна падарвалі маральны дух і стан дысцыпліны ў арміі ў цэлым. Аўтарытэт камандзіраў рэзка пахіснуўся. Ім
не верылі, іх загады абвяшчаліся шкодніцкімі.
Квітнелі даносы, якія ўсяляк заахвочваліся. Органы НКУС умешваліся ва ўсё, падмяняючы камандзіраў. Развілося п’янства, самавольныя адлучкі, дэзерцірства.
Да пачатку вайны Чырвоная Армія і Ваенна-Марскі Флот прыйшлі з амаль цалкам знішчаным асноўным касцяком войска. У цэлым у перыяд сталінскіх рэпрэсій было знішчана вышэйшага і старшага каманднага
складу больш, чым мы страцілі за ўсе чатыры гады вайны.