Канстытуцыйны суд: перамогі і паразы

Пасля публікацыі артыкула Аляксандра Кур’яновіча «Час Суда, або Хто стаяў на варце Канстытуцыі» ў рэдакцыю звярнуўся былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Міхаіл Пастухоў. Ён адзначыў, што яму было цікава чытаць матэрыял Кур’яновіча як непасрэднаму ўдзельніку падзей, бо некаторых нюансаў ён нават не ведаў. Аднак у нечым з гісторыкам Міхаіл Пастухоў не згодны: з пэўнымі тэзамі Кур’яновіча ён хацеў бы паспрачацца і некаторыя моманты ўдакладніць.

Фота newsbel.by

Фота newsbel.by

Хто працаваў над законапраектам?

Найперш размова пра працу над законапраектам аб Канстытуцыйным Судзе. Сапраўды, бацькам-заснавальнікам, хросным бацькам, як піша Кур’яновіч, быў Дзмітрый Булахаў, старшыня камісіі Вярхоўнага Савета 12 склікання па заканадаўстве. Але ў якасці «суаўтараў» законапраекта Кур’яновіч называе Аляксандра Вашкевіча, Міхаіла Чудакова, самога Пастухова, Віктара Камянкова і Алену Дзягілеву. «Чудакоў і Камянкоў наогул не мелі дачынення да гэтага законапраекта. Камянкоў быў адным з аўтараў-распрацоўшчыкаў канцэпцыі судова-прававой рэформы, што была прынятая раней, у красавіку 1992 года», — кажа Пастухоў.

Алена Дзягілева на той час працавала ў сакратарыяце Вярхоўнага Савета і была тэхнічным работнікам, дапамагала ў пэўных тэхнічных момантах, але ў распрацоўцы законапраекта не ўдзельнічала.

«Аляксандр Вашкевіч па просьбе Булахава падрыхтаваў «рыбу» дакумента, напрацоўкі ў сферы канстытуцыйнага заканадаўства, але над праектам закона аб Канстытуцыйным Судзе ўвесь час працавалі мы з Дзмітрыем Булахавым. Булахаў удзельнічаў у гэтым не толькі як старшыня камісіі па заканадаўстве, але і як зацікаўлены юрыст, які — гэта я магу сказаць дакладна — марыў і спадзяваўся сам папрацаваць у КС. На жаль, не атрымалася, хоць ён і зрабіў для гэтага шэраг захадаў», — адзначае Пастухоў.

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

Закон і парламент

Метамарфозы, звязаныя з праходжаннем законапраекта ў парламенце, для Пастухова былі надзвычай цікавымі, бо гэтым займаўся Дзмітрый Булахаў, а сам Пастухоў не вельмі цікавіўся тым працэсам.

Аднак былы суддзя КС аспрэчвае тэзіс Кур’яновіча, што Канстытуцыйны Суд ад пачатку не збіраўся разглядаць скаргі грамадзян на парушэнне іх канстытуцыйных правоў і свабодаў. «Як распрацоўшчык дакумента адзначу, што мы нядрэнна вывучылі заканадаўства еўрапейскіх краін і іх палажэнні аб канстытуцыйных судах. І мы лічылі, што суд — на тое і суд, каб разглядаць скаргі грамадзян. Аднак на адной з сустрэчаў Булахаў сказаў: ад гэтай нормы трэба часова адмовіцца. Шэраг дэпутатаў настойліва раілі яму не ўключаць яе ў закон, бо тады Канстытуцыйны Суд стане бюро даведак, што будзе разглядаць толькі скаргі грамадзян. Маўляў, спачатку трэба вызначыць кампетэнцыю, звязаную з праверкай актаў на канстытуцыйнасць па ініцыятыве ўпаўнаважаных суб’ектаў», — распавядае Пастухоў.

Гэта была слушная заўвага, і асабіста Пастухоў на палажэнні пра разгляд скаргаў грамадзян не настойваў, мяркуючы, што яно будзе ўключанае ў закон пазней. Але «пазней» не атрымалася — і КС і сёння не ўпаўнаважаны разглядаць скаргі грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў.

Фота hb.bizmrg.com

Фота hb.bizmrg.com


Першы склад суда

Па словах былога суддзі КС, Кур’яновіч прыводзіць у артыкуле цікавыя дэталі выбараў першага складу суда. Аднак «для гісторыі» заўважае: сярод прэтэндэнтаў у суддзі КС сапраўды быў Віктар Ганчар, але ён уваходзіў у «доўгі спіс» кандыдатур.

Першапачаткова на пасаду суддзяў было каля 40 прэтэндэнтаў. Асноўным сітам па зацвярджэнні кандыдатур у суддзі быў прэзідыум Вярхоўнага Савета. Менавіта прэзідыум вызначыў спіс з 10 кандыдатур, якія ён лічыў найбольш прыдатнымі для такой працы. Цікава, што ў гэтым спісе не было і самога Міхаіла Пастухова! «Мяне выключылі на той падставе, што «малады яшчэ» — на момант галасавання мне ледзь споўнілася 36 гадоў», — пасміхаецца Міхаіл Іванавіч.

Але Булахаў настаяў, каб Пастухова ў спіс вярнулі: па-першае, як распрацоўшчыка законапраекта, па-другое — як самага маладога на той час доктара юрыдычных навук.

«Кур’яновіч піша, што суддзяў было 10, але нас было 11. 11-м быў я — па патрабаванні Булахава. З гэтага спісу не абралі Аляксандра Марыскіна, які працаваў у Вярхоўным Савеце ў сакратарыяце, і Марыну Сатоліну, якую рэкамендавала фракцыя БНФ. Яны не атрымалі неабходнай падтрымкі дэпутатаў», — згадвае Пастухоў. У «шорт-лісце» дакладна не было Анатоля Красуцкага і Вячаслава Любавіцкага, упэўнены Пастухоў.

Такім чынам, было абрана 9 суддзяў — першы склад Канстытуцыйнага Суда. Кандыдатуру старшыні павінен быў унесці прэзідэнт, які на той момант — канец сакавіка 1994 года — яшчэ не быў абраны.

Фота 90s.by

Фота 90s.by

Чыя крэатура Ціхіня?

Пастухоў «не зусім падзяляе» меркаванне Кур’яновіча, што будучы старшыня КС Валерый Ціхіня быў у добрых адносінах з Лукашэнкам. «Я вазьму на сябе адказнасць сцвярджаць, што кандыдатура Ціхіні была, хутчэй, ад асноўнага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду — Вячаслава Кебіча. Ціхіня ішоў у суд не проста як юрыст, не проста як дэпутат, а маючы, хутчэй за ўсё, вызначанае заданне і прэтэндуючы на пэўную пасаду, — пасаду старшыні суда», — мяркуе юрыст.

Ад Лукашэнкі кандыдатам на старшыню КС быў толькі Дзмітрый Булахаў. «Наколькі мне вядома, гэта было абяцана Булахаву, калі пераможа Лукашэнка. Спроба зрабіць яго старшынёй суда была зроблена ў сакавіку 1995 года. У КС заставаліся, як я ўжо казаў, дзве вакансіі, і разлічвалі, што адна з гэтых вакансій будзе належаць Булахаву, які шмат у чым спрыяў прыходу Лукашэнкі да ўлады. Да таго ж Булахаў прэтэндаваў на пасаду чальца і старшыні КС яшчэ тады, калі толькі фармаваўся склад суда. Аднак па шэрагу прычын яго кандыдатура не была зацверджаная», — кажа Пастухоў.

Другім найбольш верагодным суддзёй мог стаць доктар юрыдычных навук Мікалай Сільчанка. Ён быў тады прафесарам юрфака Гродзенскага ўніверсітэта і адным з выбітных тэарэтыкаў права. Але нечакана з’явіліся яшчэ дзве кандыдатуры — дацэнты юрфака БДУ Аляксандр Вашкевіч і Міхаіл Чудакоў. Наколькі вядома Пастухову, у іх абранні быў зацікаўлены Ціхіня: ён у свой час быў дэканам юрфаку БДУ і карыстаўся дастатковым аўтарытэтам сярод выкладчыкаў. Можна было меркаваць, што гэтыя людзі ўмацуюць стан Ціхіні ў Канстытуцыйным Судзе.

Камуністы ў парламенце падтрымалі дзве апошнія кандыдатуры — у процівагу Булахаву і Сільчанку, якія былі моцнымі аўтарытэтнымі юрыстамі, і па ўсіх параметрах павінны былі прайсці ў КС.

Паколькі Булахаў у суд не трапіў, і на старшыню быў узгоднены Валерый Ціхіня як найбольш масціты, дасведчаны і вядомы юрыст. Аднак ужо ў той момант Лукашэнка аддаваў перавагу Рыгору Васілевічу. «Калі Лукашэнка ўносіў кандыдатуру Ціхіні ў якасці старшыні суда, было абумоўлена, што на пасаду намесніка старшыні абяруць Васілевіча. Аднак права абіраць намесніка старшыні належала суддзям, а суддзі ўжо разабраліся, хто ёсць хто, і абіраць Васілевіча намеснікам не захацелі. Яны абралі больш аўтарытэтнага і дасведчанага юрыста Валерыя Фадзеева», — адзначае Пастухоў.

Далейшыя падзеі паказалі, што Лукашэнка сапраўды прызначыў Ціхіню вымушана. Калі Канстытуцыйны Суд пачаў прызнаваць яго ўказы неканстытуцыйнымі, Лукашэнка адразу выказаўся супраць старшыні і настойваў, каб суд яго пераабраў, аддаўшы перавагу Васілевічу. Але першы склад КС выявіў прынцыповасць і адмовіўся ад прапановы, ад якой, падаецца, адмовіцца было нельга, — згодна з рашэннем суддзяў, старшынёй застаўся Ціхіня. Адносіны паміж Лукашэнкам і Ціхінем рэзка пагоршыліся, і да рэферэндуму 1996 года Ціхіня наогул не меў зносінаў з Лукашэнкам. З іншага боку, тое дало магчымасць суду праводзіць прынцыповую і самастойную палітыку пры праверцы канстытуцыйнасці заканадаўчых актаў.

Перамога і параза

Апошні раздзел артыкула «Час Суда…» тычыцца рэферэндуму 1996 года. «Слушна адзначана, што з лета 1995 года праводзілася палітыка на паслабленне суда, фармавалася «пятая калона», якую ўзначаліў Васілевіч, былі спробы дыскрэдытаваць суд. Але КС усё ж у большасці выступіў супраць новай рэдакцыі Канстытуцыі, і публічна казаў, што гэта — недапушчальная практыка, якая прывядзе да сур’ёзнага дысбалансу ў падзеле ўладаў і да дыктатуры», — адзначае Пастухоў.

«Трэба аддаць належнае першаму складу КС: у вельмі складаных абставінах — гістарычных, палітычных, псіхалагічных — яму ўдалося прыняць рашэнне, што вынікі рэферэндуму па пытанні Канстытуцыі могуць мець толькі рэкамендацыйны характар. Гэта былі гіганцкія высілкі суда, які змог прыняць хаця б такое рашэнне. Спасылка на гэтае рашэнне была зроблена ў рэферэндумных бюлетэнях. Гэта было прававой гарантыяй, што новай рэдакцыі Канстытуцыі нельга надаць абавязковую сілу. Лукашэнка ж сваім указам «адмяніў» рашэнне КС ад 4 лістапада 1996 года пра рэкамендацыйны характар галасавання. Адпаведна, увядзенне ў дзеянне новай Канстытуцыі ад пачатку было незаконным — і засталося незаконным», — кажа Пастухоў.

На гэтай падставе ўсё, што адбывалася ў Беларусі пасля 1996 года, можна назваць неканстытуцыйным, незаконным, і трактаваць як незаконны захоп улады. Таму Канстытуцыйны суд апынуўся «на вышыні».

f68eada9_3341_4ec7_981b_855b8d77d5f1.jpg


Пра што не кажа Кур’яновіч?

Гісторык абмінуў увагай апошнюю справу КС — справу імпічменту Лукашэнку, або пытанне «Аб парушэнні прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Лукашэнкам А.Р. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь». 19 лістапада 1996 года ў суд ва ўмовах канспірацыі быў перададзены зварот 73 дэпутатаў Вярхоўнага савета з прапановай пачаць працэдуру імпічменту — гэта азначала праверку фактаў парушэння Лукашэнкам Канстытуцыі. Пры праверцы былі ўстаноўленыя 16 такіх фактаў. Пра 14 з іх Ціхіня казаў раней, што паказана ў матэрыяле Кур’яновіча. Пасля дадаліся яшчэ два неканстытуцыйныя распараджэнні. Прычым адно з іх — каб падначаленыя Лукашэнку органы кіравання не выконвалі рашэнні КС аб прызнанні яго ўказаў неканстытуцыйнымі.

Паводле меркавання Пастухова, галоўная параза суда менавіта ў тым, што справа аб імпічменце не была даведзеная да канца.

«Пра гэтую справу — драматычную і вельмі важную, Кур’яновіч не распавядае. Але я лічу, што гэта вельмі важна, і прапаную гісторыку працягнуць даследаванні ў гэтым кірунку», — зазначыў былы суддзя Канстытуцыйнага Суда.