«Быць альбо не быць» — гамлетаўскае пытанне для Беларусі
Сёння можна сказаць дакладна, што для беларускай дзяржаўнасці 25 сакавіка 1918 года вырашалася сапраўды гамлетаўскае пытанне — «быць альбо не быць?» Калі б лідары нацыянальнага руху не пайшлі на абвяшчэнне БНР, невядома, што было б з Беларуссю цяпер.
Нягледзячы на неспрыяльныя варункі, беларуская дзяржаўніцкая ідэя была сфармуляваная. Заява аб дзяржаўных амбіцыях беларускага народа прымусіла ўсіх па-новаму паглядзець на нашае месца ў палітыцы і гісторыі.
Пра ход падзей утварэння першай беларускай дзяржавы напісана шмат. Мы ж спынімся толькі на тых момантах, якія змянілі Беларусь і сталі для нашага пакалення добрым урокам на будучыню.
У 1918 годзе адбыўся вялікі зрух у палітычнай геаграфіі нашай краіны: Мінск упершыню быў абвешчаны сталіцай дзяржавы. З таго часу горад зрабіўся цэнтрам фармавання беларускай прасторы, фактычна забраўшы гэтую ролю ў старадаўняй Вільні. Яшчэ два стагоддзі таму Мінск займаў другараднае месца пасля Навагрудка і Мсціслава ў шэрагу павятовых цэнтраў ВКЛ.
Ідэя стварэння беларускай рэспублікі была заканамернай. Абвяшчэнне суверэнітэту Эстоніяй і Украінай натхніла “айцоў” БНР на падобныя дзеянні. Думаецца, што без прыкладу іншых краін яны наўрад ці наважыліся б на такі крок, бо ў тым бурлівым 1917 годзе пытанне незалежнасці не ставілася, а дзяржаўнікі прэтэндавалі максімум на абласную аўтаномію ў складзе Расіі. Можна правесці гістарычную паралель з пачаткам 1990-х: прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце, рэакцыя на дзеянні ДКНС (ГКЧП), выхад са складу СССР — усё гэта рабілася пасля адпаведных дзеянняў нашых суседзяў з краінаў Балтыі, з Украіны ці Расіі. З пасадай прэзідэнта беларусы таксама не спяшаліся, каб паглядзець, як там выйдзе ў суседзяў…
Бракавала заснавальнікам БНР і досведу жорсткай палітычнай барацьбы, ідэйнай салідарнасці. Разыходжанні былі не тактычнага і нават не стратэгічнага плану, а датычылі пытанняў, якія мусілі не разводзіць палітыкаў па розныя бакі, а аб’ядноўваць. Што такое Беларусь, яе дзяржаўны статус, тэрытарыяльныя межы і іншыя ключавыя пытанні не былі засвоеныя і растлумачаныя нават для сябе.
Дзяржава, на жаль, не існуе без такіх інстытутаў, як войска, паліцыя, служба бяспекі. Яе фармаванне адбываецца не толькі на культурным полі. Усе спробы БНР арганізаваць уласнае баяздольнае войска перапыняліся ўплывовымі вонкавымі сіламі, дый унутраных рэсурсаў для гэтага бракавала. Як вынік БНР не аказала шырокага ваеннага супраціву дзеля абароны сваёй незалежнасці.
Гісторыя БНР сведчыць, што спроба шукаць падтрымкі ў вонкавых сіл без трывалай апоры на ўнутраныя рэсурсы (грамадская думка, войска, фінансы, інтэлектуальны патэнцыял, чыноўніцкі досвед) асуджаная на няўдачу, нават калі гэтая ідэя сустракаецца з прыхільнасцю.
Аднак, слушная ідэя, сфармуляваная і выказаная ў патрэбны час, няхай з малымі шанцамі на жыццё, праб’е сабе дарогу! Заснавальнікі БНР здзейснілі гэты крок — самы важны для Беларусі ў ХХ стагоддзі.