Затрыманне Дашкевіча — каб не забывалі, у якой краіне жывяце

«Пасля любой лыжачкі мёду ўладамі заўсёды на дэсерт прыгатаванае вядро дзёгцю», — піша «Радыё Свабода».



Дзень Волі, 24 сакавіка ў Мінску

Дзень Волі, 24 сакавіка ў Мінску

«Ну навошта? Ну навошта гэта рабіць? Навошта было затрымліваць Дашкевіча? Асабліва цяпер, калі трэба паказаць, прадэманстраваць нацыянальную еднасць, кансалідацыю і ўлады і апазіцыі на грунце абароны суверэнітэту?»

Чую такія развагі — і думаю: як усё паўтараецца. Год за годам — усё тое самае.

Кожны раз, асабліва на фоне новага абвастрэння «пагрозы з боку Масквы», самыя розныя людзі, ад актывістаў да палітыкаў і аглядальнікаў, пачынаюць задавацца пытаннем — чаму ўлада не хоча зрабіць крок насустрач апазіцыі, незалежнаму грамадству? Бо, маўляў, трэба ж даць адказ Маскве, паказаць, што за незалежнасць у нас большасць, што людзі гатовыя выйсці на вуліцы, што ўлада ў Беларусі не сама па сабе, а разам з грамадствам.

І таму, дзве хвіліны, прамоўленыя Лукашэнкам па-беларуску раз на пяць гадоў, раптам робяцца ў галовах многіх людзей «знакам», што вось-вось нешта зменіцца, што ўлада ўсё зразумела і нарэшце зробіць той самы крок насустрач незалежнаму грамадству і нацыянальным каштоўнасцям. Але потым праходзіць чарговая «вялікая размова» з Лукашэнкам, дзе ён не пакідае ніякіх ілюзіяў і пра Курапаты, і пра Нацыянальны ўніверсітэт, і пра беларускую мову.

Проста ў Лукашэнкі свая, урэшце, дастаткова паслядоўная логіка. Ён лічыць, што калі рабіць саступкі, то апаненты на гэтым не спыняцца, — і дзякуй не скажуць, і будуць патрабаваць новых саступак. І калі так закруціцца, то можа паўтарыцца тое самае, што здарылася з Гарбачовым і ягонай перабудовай. А Лукашэнка, як неяк заўважыў Юры Дракахруст, вельмі баіцца паўтарыць палітычны лёс першага і апошняга прэзідэнта СССР.

Таму пасля любой лыжачкі мёду ўладамі заўсёды на дэсерт прыгатаванае вядро дзёгцю. Саступкі калі і робяцца (хутчэй, праўда, дзеля Захаду, а не грамадства) — дык толькі для таго, каб адразу «для балансу» зрабіць крок у адваротным кірунку. Прапусцілі двух амаль апазіцыйных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў — і многія ўжо меркавалі, што на мясцовых выбарах прапусцяць некалькі дзясяткаў чалавек. Ды дзе там — дэпутатам не стаў ніводзін. У 2017-м 25 сакавіка быў масавы хапун і «справа патрыётаў». У 2018-м дазволілі масавы мітынг і канцэрт, — але, каб жыццё мёдам не здавалася, каб папсаваць уражанне ад свята, усё роўна пасля канцэрту пахапалі некалькі дзясяткаў чалавек. Абяцаную дошку ў гонар БНР так і не паставілі.

Сёлета арганізатараў БНР-101 мурыжылі да апошняга, каб дэ-факта сарваць масавасць і крэатыўнасць святкавання. А калі пабачылі, што адзначэнне і ў Горадні і ў Мінску прайшло даволі годна і прыстойна — дык вырашылі падкінуць таго самага дзёгцю, затрымаўшы Дашкевіча.

 

Выступ Змітра Дашкевіча, пасля якога яго затрымалі

Выступ Змітра Дашкевіча, пасля якога яго затрымалі


Для чаго? А каб раптам у шырокіх масаў грамадскасці не з’явілася рэальнага ўражання, што «горад наш», улада адступае — і перамога ідзе за перамогай. На кожную нават уяўную «перамогу» ўлады знаходзяць такі сімвалічны адказ, які хуценька павінен нагадаць, у якой краіне мы жывем і хто тут сапраўдны гаспадар.