Брутальнае падсяленне ў гістарычнай зоне Нясвіжа

Што магло здарыцца на старажытных пагорках Новага Места ў Нясвіжы? Адкуль надышоў гэты да аглушэння падступны гвалт? Я адчуў яго не адразу і не вомегам, хоць за мной штохвілінна сачыла «вока» той зламыснай пачвары.

anti_krajavid_1cb_logo.jpg

З відам на возера, або Глядзіце, хто прыйшоў

Гэтае месца за Слуцкай Брамай, за возерам, што ў рэчышчы Вушы, на левабярэжных яе пагорках, адвеку завецца Новае Места. Такое «новае», што знаны радзівілаўскі гравёр і картограф Тамаш Макоўскі пазначыў яго на мапе-малюнку Нясвіжа ажно чатырыста гадоў таму (1605).

Калі прайсці праз масток і збочыць берагам возера ўправа, глыбей, праз паўкіламетра будзем стаяць акурат на… месцы здарэння — апартаменты запэцканай цноты зеўраць грозна і ваяўніча, хоць у звыкла-будзённым раскладзе гэта папросту будоўля, будаўнічая пляцоўка. Але сказаць так — яшчэ нічога не сказаць. Тое, што бачым, — не менш як падзея-прэцэдэнт, якую гісторыкі Нясвіжа пэўна занясуць у шэраг асаблівых, эпатажных.

Перад намі будучы офіс Нясвіжскага міжраённага аддзялення Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ).

Сюды, на Новае Места, у гістарычную ахоўную зону «культурнай сталіцы», прыйшло брутальнае будаўніцтва. Неўзабаве, у маі месяцы, плануецца падсяленне. Для пачатку назавём гэтае месца так, як яно пазначана ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, — «Былы пасёлак лясніцтва». Старэйшыя жыхары памятаюць іншую назву, сваю, тутэйшую, — Дамкі (даўней, і па-польску — Domki). «Там, у Дамках…» — любілі казаць. Альбо, паказваючы рукой: «Вунь там, за Дамкамі…» Дамкі стаялі наводшыбе, досыць высока, іх было бачна і з Ратушнай плошчы, і з-пад кляштарных сцен насупраць, і з самога Радзівілаўскага палаца. Тут жа, на пагорку, за Дамкамі жыла сваім ціхім жыццём вёсачка Агароднікі, цяпер адна з мноства вуліц Новага Места на ўскрайку горада.

Пасёлак лясніцтва складаў у сабе гарманічны архітэктурны ансамбль з 5–6 будынкаў. З іх відочна пераважалі тры; сёння яны і ёсць, паводле адмысловага спісу, архітэктурнай каштоўнасцю Беларусі. У пашпарце ахоўнага аб’екта, які мне далі ў райвыканкаме, чамусьці не пазначаны архітэктурны стыль.

З відам на возера і гарадскую Ратушу. У цэнтры — будынак будучага офісу Нясвіжскага міжраённага аддзялення КДБ. Не атрымалася ў закапанскім стылі, затое… ў «белым шакаладзе» (праз месяц наваселле!). Аўтарская хроніка, красавік 2017 года.

З відам на возера і гарадскую Ратушу. У цэнтры — будынак будучага офісу Нясвіжскага міжраённага аддзялення КДБ. Не атрымалася ў закапанскім стылі, затое… ў «белым шакаладзе» (праз месяц наваселле!). Аўтарская хроніка, красавік 2017 года.

Тым часам менавіта стыль — так званы закапанскі — выдае адметнасць гэтых пабудоваў пачатку ХХ стагоддзя. Стыль, у якім да рысаў гарадскіх дамкоў і будынкаў душэўна дапасаваныя фальклорныя матывы: высокі, дэкараваны гэтак званымі «слыхавымі акенцамі» дах, дранкавы ці чарапічны, некалькі рознапамерных каміноў, чаргаванне геаметрыі вокнаў, адмысловы падмурак. І самае галоўнае, што будынкаў гэтага выразнага стылю ў Беларусі, апроч Нясвіжа, засталося зусім няшмат — лічы, адзінакропкавыя прыклады (Стоўпцы, Маладзечна, Браслаў, Глыбокае, Свіслач, яшчэ два ці тры адрасы). Дый захаванасць іх, самі ведаеце… Нясвіжскі варыянт калісьці папулярнага стылю даволі стрыманы, зусім не пыхлівы, камерны; ягоная пластыка збліжаная з традыцыйнай беларускай, найперш сядзібнай, хоць і адрозніваецца падкрэсленай рафінаванасцю ды прасторавай атмасфернасцю.

Напраўду, можна адно падзівіцца, як удала дабраў архітэктар гэтае месца, як чула спалучыў яго асаблівасці з праектам: вынес будынкі на ўзвышша, падняў над возерам, апрануў у высока-стромкія ды мудрагелістыя дахі — глядзі, любуйся, народ!

«Будынак адміністрацыйнага прызначэння», як яго пайменавалі ва ўсіх афіцыйных паперах (вось яна, службовая канспірацыя!), размясціўся на пагорку злева, брутальна заступіўшы доступ да аднаго з трох падахоўных дамкоў левага сектару — сёння ў ім месціцца зубапратэзнае аддзяленне. На сцяне побач з уваходам ахоўная шыльда: прычыненне шкоды караецца па законе...

Я адчыніў дзверы дома і, нягледзячы на спецыфіку апартаментаў, адчуў музейную атмасферу, спынены час. Вузкая стромая лесвіца злева вяла на мансарду… Загадчыца аддзялення Вольга Ратомская на маю просьбу падняцца на другі паверх катэгарычна адмовіла — толькі з дазволу галоўнага ўрача!

Пакуль будаваўся «адміністрацыйны будынак», стан культурна-гістарычнай спадчыны не паляпшаўся. Сёння ён блізкі да аварыйнага. У гэтым «дамку» шмат гадоў месціцца зубапратэзнае аддзяленне раённай паліклінікі. Аўтарская хроніка, снежань 2016 года.

Пакуль будаваўся «адміністрацыйны будынак», стан культурна-гістарычнай спадчыны не паляпшаўся. Сёння ён блізкі да аварыйнага. У гэтым «дамку» шмат гадоў месціцца зубапратэзнае аддзяленне раённай паліклінікі. Аўтарская хроніка, снежань 2016 года.


Узгорак, што трымае карону

Прайсціся ў Дамкі — адна асалода. Ад цэнтра з Ратушнай плошчай — пятнаццаць ці дваццаць хвілін няспешнай хады. За Слуцкай брамай на два бакі азёрны краявід, злева адкрываецца панарама замка. З погляду турыстыкі, якая быццам прапісалася ў Нясвіжы, гэты раён, улучна з Брамай — ці не поўная процілегласць Замкаваму комплексу. Дзесяцігоддзі акупаваны медычнымі службамі, «былы пасёлак лясніцтва» з будынкамі закапанскай архітэктуры пакуль аніяк не даступны турыстам. Пра гісторыю і яго цікавостку няшмат распавядуць і жыхары Нясвіжа. Ці не таму вока забудоўнікаў і рушыла сюды, на гэты ціхі востраў, дый інвестар, пэўна, доўга не вагаўся.

У каго з мінакоў ні пытаў, што будуецца, мне адказвалі, інтанацыйна і па сутнасці, бадай, аднолькава: «Ну што? КГБ!» Часам, праз кароткую паўзу, дадавалі: «Улада ў іхніх руках. Усё ж можна. І чаго яны сюды палезлі! У горадзе што, хіба месца няма?..»

Цікава і другое. Мне ніхто з жыхароў не сказаў: вось, маўляў, дамкоў не чапаюць, стаяць цалюткія, як стаялі, — і тое добра, чаго ты бядуеш… Так не сказаў ніхто! Кожны па-свойму ўсведамляў факт страты і выказваў расчараванне.

Я мусіў спраўдзіць гэты нюанс для сябе, каб не запасці зусім на сваё, асабістае. І прыемна запэўніўся, што звычайны шараговы чалавек, без «тэорыі» ў галаве, не маючы нейкага адмысловага светапогляду, заснаванага на філасофіі краявіду, свабодных лініях далягляду, на зялёных малюнкавых відарысах, якія патрэбны чалавеку як лекі, — лёгка рабіў выснову: будаўніцтва ў Дамках — гэта нешта не тое. Бадай, кожны задумваўся, уражаны: ці не нахабны выклік, нішчанне, псаванне прыроды і чысціні, утульнага і асталяванага асяродку, што цешыў вока? Было — а цяпер няма… і не будзе.

Цэнтральны дамок з тэрасай. Аўтарская хроніка, сакавік 2017 года.

Цэнтральны дамок з тэрасай. Аўтарская хроніка, сакавік 2017 года.

Жыхар вуліцы Горкага:

«Яшчэ пазалетась бачыў, як там прыбіраюцца здаровыя дрэвы. З нечага ж дазволу гэта рабілі! Спачатку падумаў: санітарная высечка, прыбіраецца лішняе. Але хутка стала відаць, што будпляцоўка. Мусіла вісець хоць нейкая шыльда з назвай аб’екта, але яе не было дакладна. Я арнітолаг, і наведваў гэтыя пагоркі. Тут вясёлае добрае месца, заўсёды шмат птушак».

Рабочы будоўлі:

«Мая думка?.. У раёне паўсотні будынкаў, якія пустуюць. Ёсць і ў самым Нясвіжы. Няхай бы за які браліся. Абавязкова было сюды?..»

Жыхар вуліцы Зарэчнай:

«Мне зверху добра відаць. Пытаеце, навошта… Як жа — каб была цішыня і спакой, каб ніхто побач — ні міліцыя, ні пракурор, ні Іван Іванавіч, а толькі Я. Вось чаго яны дамагаліся — гэтай поўнай ізаляцыі. І выгляд які — вось пабачыце, усё падбяруць пад сябе. Яны робяць не офіс, а рэзідэнцыю!»

Прадавец адзення ў цэнтры Нясвіжа:

«Звычайнае безгалоўе. Горшы варыянт прыдумаць цяжка. Нейкая дурасць. Або дыверсія».

Жыхар вуліцы Сыракомлі:

«Як магло здарыцца?.. А як магло здарыцца, што ў цэнтры Еўропы расквітнее дыктатура? І ўсё, што цяпер бачым?..»

Выразная панарама на пасёлак Дамкі адкрываецца з ходніку, як падымаемся на ўзгорак. Унізе, справа ад дарогі, рака Вуша з возерам Дзявочым. Аўтарская хроніка, лістапад 2016 года.

Выразная панарама на пасёлак Дамкі адкрываецца з ходніку, як падымаемся на ўзгорак. Унізе, справа ад дарогі, рака Вуша з возерам Дзявочым. Аўтарская хроніка, лістапад 2016 года.

Услед за суразмоўцамі і мне рабілася па-чалавечы шкада, што гэтак несамавіта, паспешліва разбураецца эдэмны малюнак старой часткі горада, якая тут, на паўднёва-заходнім баку, нясе ў сабе своеасаблівы арэол і карону горада.

Нягледзячы на жыллёвы сектар, што цесным кальцом аблямаваў пагорак, тры сіметрычна расстаўленыя дамкі стваралі атмасферна-піктарыяльны, карцінна-малюнкавы відагляд. Ён быў дасканалы і завершаны. Нават час, час-мастак і час-разбуральнік, не парушыў яго абрысаў, не здаў аніякім абставінам на гвалт і знявагу. Карціна заставалася ў раме і на сваім месцы.

Цэнтральны дамок, бадай, самы даступны і прыцягальны для вока ў любую пару года. Аўтарская хроніка, студзень 2017 года.

Цэнтральны дамок, бадай, самы даступны і прыцягальны для вока ў любую пару года. Аўтарская хроніка, студзень 2017 года.

Больш за тое, менавіта ў гэтай частцы, далей за пагоркам пачаў фармавацца сацыяльна-рэкрэацыйны і аздараўляльны сектар: раённая лякарня, санстанцыя, у перспектыве (будуецца з 2012 года!) — радзільны дом і жаночая кансультацыя.

Два з трох — цэнтральны і правы будынкі архітэктурнага «трыпціху». Аўтарская хроніка, лістапад 2016 года.

Два з трох — цэнтральны і правы будынкі архітэктурнага «трыпціху». Аўтарская хроніка, лістапад 2016 года.

«План Барбароса» ў дзеянні?

Улада разумела наступствы рэзанансу, і галоўнае было — займець, як мне казалі, «все бумагі». Аднак і гэта — збіранне ўсіх неабходных папераў — не спыняла рушыць у наступ, калі папер тых неставала. На момант узгаднення праекта з Акадэміяй навук (Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы i літаратуры, лістапад 2016 года) будынак быў амаль завершаны ў вонкавай частцы. Для мяне застаецца пытаннем, як маглі акадэмічныя эксперты прыняць такія фармальна абразлівыя ўмовы супрацы, нават калі навуковыя дачыненні маюць пратакольна «рэкамендацыйны характар».

Толькі на восьмым месяцы будаўніча-мантажных работ на аб’екце з’явіўся і адпаведны пашпарт — не паводле прынятых стандартаў, ад першага забітага ў дол калка, а ў адказ на жорсткія санкцыі абласной інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам!

Затое тэмпы будоўлі ўражвалі — не раўнуючы, «план Барбароса» ў дзеянні: свядома спешны, агрэсіўны па сваёй сутнасці захоп тэрыторыі. Нашай культурна-гістарычнай плыні. Нашай памяці і нашай свядомасці.

Сённяшні будынак Нясвіжскага міжраённага аддзялення КДБ на Ленінскай, 73 Б. Аўтарская хроніка, люты 2017 года

Сённяшні будынак Нясвіжскага міжраённага аддзялення КДБ на Ленінскай, 73 Б. Аўтарская хроніка, люты 2017 года

Чыя ж сёння воля вяршыць лёс унікальнай аздобы горада? Ці ж не парадокс: сто гадоў шанавалі і бераглі, не накідалі пятлю, каб засіліць, — а тут, глядзіш, сярод белага дня, гэта значыць — маючы розныя высокія рады, міністэрскія і акадэмічныя, інспекцыі і экспертызы, — раптам пляжым і заварочваем, псуем, руйнуем, зыначваем у нішто. Нават — не паверыце — пад персанальным навуковым кіраўніцтвам!

Пад персанальным навуковым кіраўніцтвам!

З архітэктарам Вадзімам Дражынам (менавіта ён прызначаны Міністэрствам культуры за навуковага кіраўніка «рэканструкцыі» ў гістарычных Дамках) мне карцела перамовіцца перш за ўсё. Як-ніяк, сам нясвіжскі, выхоўваўся на тутэйшых асяродках. Я спытаўся ў Вадзіма Уладзіміравіча, ці адчуваў ён свой абавязак адвесці пагрозу дзеля захавання малюнкавай цэласці асяродка, яго непарушнасці. Пытанне было нечаканым, мо, занадта нечаканым. Я перапытаў больш прамалінейна: чым ён кіраваўся, калі даваў сваю згоду на брутальнае падсяленне — руйнаванне ж краявіду было відавочнае?

Ахоўная шыльда на цэнтральным «дамку» №29. Аўтарская хроніка, красавік 2017 года.

Ахоўная шыльда на цэнтральным «дамку» №29. Аўтарская хроніка, красавік 2017 года.

«Пільнай, нават жорсткай неабходнасцю», — адказаў навуковы кіраўнік. Што стаяла за гэтымі словамі, я зразумею праз колькі дзён, калі завітаю на прыём да старшыні райвыканкама… Аднак, паказальна, што сваю пазіцыю спадар Дражын патлумачыў таксама няяснасцю перспектывы ахоўных будынкаў, вельмі скептычна выказаўся пра іхні стан як досыць запушчаны, неўладкаваны. З чым нельга не пагадзіцца: узор закапанскай архітэктуры ў Нясвіжы патрабуе іншага догляду і больш ясных вызначэнняў на заўтрашні дзень.

Разам з тым, падсяленне–2017 — ці не той «асінавы кол» у будучыню каштоўнасці, якую ніхто не адмяняў. Ці не ёсць гэта адпраўным пунктам якой-кольвек змовы — таемнай стратэгіі ўлады? Стратэгіі запаўнення і ўшчыльнення гарадской прасторы? Не толькі. Яшчэ — каб зняць адказнасць за Дамкі. Ці мала чаго ўжо нагледзеліся… Адным словам, і мясцовая ўлада, і службы-структуры, якія яе абслугоўваюць разам з «навуковым кіраўніцтвам», ці не ўскосна ставяць пытанне: якая будучыня чакае «закапанскі стыль» у культурна-гістарычным Нясвіжы? Пытанне, на якое яны ж і павінныя сёння адказаць.

Гандаль гістарычнай каштоўнасцю: прэцэдэнт, які ствараецца?

Пра ўсё гэта — і што сіметрыю не варта было рушыць, і што канторы тут не месца, і пра іншае — я даводзіў шмат каму. Але адна справа — гаварыць у Міністэрстве культуры, у Акадэміі навук, у аблвыканкаме, дзе вас стрымана паслухаюць, і зусім іншая — у раёне, на месцы. Менавіта тут, жывучы ў непасрэднай блізкасці гістарычных сцен, каранёў, паветра, — і можна адчуць рэальнасць страты.

Таму, калі сустрэўся са старшынёй раённай вертыкалі Іванам Крупко, пачаў з такой вось сентэнцыі: «Хачу ведаць, адкуль узялося гэтае зло, хто яго спарадзіў і хто абслугоўвае — як такое магло здарыцца: ваш горад, вашае ўсё — і раптам: будынак КДБ у гістарычнай зоне, калі ласка, з відам на возера! Ці ж да твару гэта Нясвіжу…»

Не адразу, але слова за слова Іван Іванавіч «раскрыў карты». Дзесьці, слухаючы, я пагаджаўся і падтакваў. Ну, разумеў, што для насельніцтва раёна патрэбны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, а яго, паўнавартаснага, няма. Пабудаваць — сума з бюджэту, дый немалая. Вось, маўляў, і намалявалася схема для выйсця. Структура дзяржбяспекі аддае свой будынак для «сацыяльна абароненых», а сама будуе новы офіс над возерам. У… закапанскім стылі.

Намагаюся ўявіць працэдуру гэтае здзелкі-абмену. На натуру пэўна ж прыязджалі самі начальнікі. Магчыма, нават самыя высокія. Глядзелі, узважвалі. А ці думалі пра наступствы? Няўжо адно пра тое, які від адкрыецца з вакна кабінета?

Навабуд з панарамай Палаца-паркавага комплексу. Аўтарская хроніка, студзень 2017 года

Навабуд з панарамай Палаца-паркавага комплексу. Аўтарская хроніка, студзень 2017 года

Рашэнне рады, дазвол міністэрства…

Даводжу і за гэта адказваю: галоўная правіннасць ляжыць на Міністэрстве культуры. Менавіта тут падтрымалі фантазмы нясвіжскіх чыноўнікаў, якія пайшлі на размен культурнай спадчыны, — далі зялёны калідор. Спачатку спрычынілася навукова-метадычная Рада міністэрства, потым само ж ведамства падпісала згоду-дазвол на будаўніцтва.

Доктар архітэктуры, педагог і даўні сябар міністэрскай рады Армэн Сардараў лёгка прыпамінае тое абмеркаванне: так, «былі ў Нясвіжы, глядзелі на месцы…»

Пытаюся пра сумненні, спрэчкі прынцыповага кшталту — адносна магчымасці самога падсялення. Ці скажа архітэктар пра захаванасць краявіду, пра небяспекі наступстваў, якія, пэўна ж, мусілі неяк адчуць эксперты, стоячы на месцы ахоўнай зоны?

«Месца я добра помню — прыгожае, над возерам», — сказаў Сардараў. Праз паўзу дадаў, што забудоўнікам былі дадзены рэкамендацыі, найперш, каб новы (адміністрацыйны! — В.Д.) будынак адпавядаў стылю гістарычных сядзібаў і не асабліва ўзвышаўся, не засціў краявід, не псаваў агульны малюнак, упісваўся сваім сілуэтам у статусны асяродак.

Вось жа не веру. Ні ў добрыя пажаданні, ні ў добрыя рэкамендацыі. Яны для паперы, для пратакола. Нежывыя і няпраўдападобныя. Перспектыва, рэальна бязрадасная, вырастала, паўставала перад чальцамі рады наўзвоч — а яе не ўбачылі. Ды яе нельга было не ўбачыць! Ці эксперты былі з завязанымі вачыма?.. Я ледзь не збіўся на крык.

Ход будаўніча-мантажных работ на восьмым месяцы. Аднак будоўля не мае пашпарта аб’екта і дазволу райвыканкама. Аўтарская хроніка, снежань, 2016 года

Ход будаўніча-мантажных работ на восьмым месяцы. Аднак будоўля не мае пашпарта аб’екта і дазволу райвыканкама. Аўтарская хроніка, снежань, 2016 года

Армэн Сяргеевіч мяне даслухаў. Прагледзеў здымкі маёй фатахронікі, вярнуў флэшку і ахвотна паабяцаў: «Трэба зірнуць у пратакол Рады: што канкрэтна прадпісана, якія зададзены параметры — па вышыні, па адлегласці. Я вазьму гэты пратакол, ён жа нікуды не дзеўся, спадзяюся. Трэба глянуць, злічыць з тым, што сёння маем. І тады можна будзе сказаць, ёсць парушэнні альбо няма…»

Праз колькі дзён я патэлефанаваў. Сардараў зачытаў рэкамэндацыі-фармулёўкі, якімі павінны былі кіравацца забудоўнікі. «Бачыце, бракуе канкрэтыкі, прывязак да мясцовасці. Запіс такі, што няма за што і прычапіцца, нават у выпадку парушэнняў», — падвёў архітэктар.

Пісьменнік і краязнаўца, ураджэнец нясвіжскага краю, былы міністр Анатоль Бутэвіч — таксама, як і Армэн Сардараў, сябра Рады Мінкультуры. А да ўсяго, і ганаровы жыхар Нясвіжа, хоць жыве ў Мінску. І ён выязджаў на месца, каб прыняць або не прыняць ініцыятыву мясцовай улады.

Пытанне — ці варта было даваць дазвол на падсяленне ў архітэктурным комплексе? — не ставіць суразмоўцу ў тупік. «А чаму не?» Маўляў, калі не чапаць старыя будынкі, па-людску абысціся з ландшафтам, не высякаць дрэваў — дык і няхай, калі ласка! — упэўнена-бадзёра зрэагаваў спадар Бутэвіч.

«І не шкада было мясціны? Праз год-два яе будзе не пазнаць… Урэшце пра тое, што гэта авантурныя нездаровыя планы, што справа будзе скандальная, — і пра гэта радоўцы не думалі?»

Здалося, мы — яшчэ жывыя людзі — раптам як перастаём жыць у гэтым часе, у сваім грамадстве і гаспадарстве, быццам атрымалі від на жыхарства ў нейкім іншым, бесклапотна бяспечным свеце, дзе і за правіны ніхто не спытае, і адказу не папросіць.

Цэнтральны «дамок». Тэраса. На другім плане: злева будаўніцтва адміністрацыйнага будынка, пасярэдзіне — рэшткі незавершанай будоўлі з «цёмнай» гісторыяй. Аўтарская хроніка, сакавік 2017 года

Цэнтральны «дамок». Тэраса. На другім плане: злева будаўніцтва адміністрацыйнага будынка, пасярэдзіне — рэшткі незавершанай будоўлі з «цёмнай» гісторыяй. Аўтарская хроніка, сакавік 2017 года

Ці ўся праўда, што за Слуцкай брамай «акапаліся» спецслужбы?

Чаму пра гэта пішу? Бо гэта абраза. Як анучай па твары. Магчыма, і нечым больш цвёрдым. Не адчуваць гэта хоць бы для прафілактыкі, а моўчкі зносіць — значыць, даваць хамаўладнаму асяроддзю прыйсці заўтра ці паслязаўтра ў наш агарод, у наш кветнік і распачаць тут чарговы гнюсны здзек. Нават калі гэта не самае вялікае зло, якое чыніцца ў дачыненні да культурных асяродкаў наогул і Нясвіжа ў прыватнасці — трэба крычаць: «Людзі, гвалт!»

Не ведаю, ці будзе пастаўлена станоўчая кропка на задуманым варыянце. Чым далей асэнсоўваю сітуацыю, тым больш падаецца яна авантурнай яшчэ і гэтым, другім сваім бокам — каму тут урэшце быць-гаспадарыць? Ну ніяк не паварочваецца мой розум, каб у Дамках за Слуцкай брамай акапаліся спецорганы. Бо гэта, як для мяне, калі не спецаперацыя, дык «сон розуму» дакладна.

Слуцкая Брама. Справа за возерам, на маляўнічых пагорках Новага Места, «былы пасёлак лясніцтва» Дамкі. Аўтарская хроніка, красавік 2017 года

Слуцкая Брама. Справа за возерам, на маляўнічых пагорках Новага Места, «былы пасёлак лясніцтва» Дамкі. Аўтарская хроніка, красавік 2017 года

Каб запэўніцца, звярнуўся ў Нясвіжскае міжраённае аддзяленне КДБ і папрасіў пракаментаваць дачыненне да названай будоўлі. На жаль, адказу не атрымаў. Начальнік Павал Сопат у тэлефоннай размове нервова пахіліў убок і ўрэшце параіў мне звярнуцца да яго «начальства» ў Мінску. Запыт я накіраваў у той жа дзень, 1 сакавіка, на адрас Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. І пачаў чакаць адказ. Хоць і не цешыў сябе надзеяй, але і не думаў, што атрымаю адпіску. Матывацыя «вяду расследаванне» ў дачыненні падначаленай структуры альбо ўласна «сябе любімых» хоць трошачкі ўзбуджае і ўразумляе.

І апошняе. Маю «ахоўную грамату» — рукатворны мастацкі зварот у раённую пракуратуру — з першай спробы не ацанілі. Адказ я мусіў абскардзіць у вышэйшую інстанцыю. На даручэнне Мінскай абласной пракуратуры была праведзена паўторная праверка законнасці будаўніцтва, якая засведчыла парушэнне тэрмінаў і ўчыненне самавольных будаўніча-мантажных работ.

Прыйшоў адказ і з Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Ён паказальны, нават сімвалічны. На маю просьбу пракаментаваць дачыненне да навабуду ў Нясвіжы мне адказалі, што пытанне «не адносіцца да кампетэнцыі органаў дзяржаўнай бяспекі».

Дачакаемся наваселля?

Фота аўтара