БагатаДата 20–26 ліпеня
Вы ведаеце, калі адзначаецца Сусветны дзень мозгу і Міжнародны дзень боксу? А што звязвае Warner Brothers з Беларуссю? Іншыя цікавосткі — у нашым аглядзе.
20 ліпеня
Міжнародны дзень шахматаў і Міжнародны дзень торта.
1994. Адбылася інаўгурацыя першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Ён заступіў на пасаду і прынёс прысягу ў Авальнай зале Дома ўраду пад бел-чырвона-белым сцягам на трыбуне з гербам «Пагоня» па-беларуску.
21 ліпеня
Дзень металурга (адзначаецца ў Беларусі ў трэцюю нядзелю ліпеня).
1994. Дэпутаты Вярхоўнага Савета зацвердзілі кандыдатуры ўрадаўцаў, якія прапанаваў Лукашэнка. Прэм’ер-міністрам стаў былы кіраўнік «Белаграпрамбанку» Міхаіл Чыгір, Міністэрства ўнутраных спраў узначаліў Юрый Захаранка, МЗС — Уладзімір Сянько. Першым указам Лукашэнкі было акурат прызначэнне прэм’ер-міністра.
22 ліпеня
Сусветны дзень мозгу і Міжнародны дзень боксу.
1914. У Оршы нарадзіўся савецкі кінасцэнарыст і паэт-песеннік Барыс Ласкін. Фільмы на яго сцэнары: «Дайце кнігу скаргаў», «Карнавальная ноч». Песні на яго словы: «Спяць курганы цёмныя», «Тры танкісты», «Эх, шлях-дарожка франтавая». Дом, дзе нарадзіўся Ласкін, быў знесены ў Оршы ў 2008 годзе, калі горад упарадкавалі да «Дажынак». Хаця краязнаўцы прапаноўвалі зрабіць там музей творцы і музей яўрэяў.
23 ліпеня
1884. Нарадзіўся Альберт Уорнер, адзін з братоў-заснавальнікаў знакамітай амерыканскай кінастудыі «Уорнер Бразэрс». Бацька братоў прыехаў за акіян з Браслаўшчыны.
24 ліпеня
1934. У вёсцы Глыбачка Ушацкага раёна на Віцебшчыне нарадзіўся акцёр Купалаўскага тэатра (з 1962 да смерці ў 2018 годзе), народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Ролі ў спектаклях: Сымон («Раскіданае гняздо»), Зёлкін («Хто смяецца апошнім»), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца»), Андрэй Буслай («Парог»), Добчынскі («Рэвізор»). Ролі ў кіно: бацька Ганны («Людзі на балоце»), старэйшы сын Андрэй Ходас («Белыя Росы»), Пятрок («Знак бяды»).
25 ліпеня
Дзень пажарнай службы ў нашай краіне.
1959. У Алі-Байрамлы ў Азербайджане нарадзіўся Анатоль Куляшоў, міністр унутраных справаў Беларусі ў 2009–2012 гадах.
1984. У Мінску на 54-м годзе жыцця памёр класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч («Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха» і іншае).
1984. Савецкая касманаўтка Святлана Савіцкая першай у свеце з жанчын выйшла ў адкрыты космас. Яна мае повязь і з Беларуссю. Яна не з беларускімі каранямі, як першая касманаўтка Валянціна Церашкова, але муж Святланы Савіцкай, Віктар Хаткоўскі, лётчык, родам з Мінска.
26 ліпеня
Дзень штучнай мовы эсперанта, якую прыдумаў Людвік Заменгоф (родам з Беластоку, некалькі гадоў жыў і працаваў у Гродне).
1944. У Каменску Палтаўскай вобласці Украіны нарадзіўся Васіль Стражаў, доктар фізіка-матэматычных навук, міністр адукацыі Беларусі з 1994 па 2001 гады, а пазней рэктар Белдзяржуніверсітэта.