Зрабіць увесь дзяржаўны апарат запэцканымі рэпрэсіямі — важны сэнс цяперашняй кампаніі тэрору

Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра сутнасць рэжыму ў сённяшніх умовах, калі месцазнаходжанне і стан Бабарыкі невядомыя.

Фота РІА «Новости»

Фота РІА «Новости»

— У абарону Віктара Бабарыкі выступілі Сьвятлана Ціханоўская і афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу. А ўлады, як звычайна, усяляк утойваюць інфармацыю, — піша Карбалевіч. — Чаму?
Сытуацыя, калі ў былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта ў выніку знаходжаньня за кратамі жыцьцё апынулася пад пагрозай, яскрава адлюстроўвае палітычны стан краіны.
Мы назіраем агульны трэнд на «зачыстку» грамадзтва ад усялякага іншадумства. Канвэер рэпрэсій ня толькі не спыняецца, а наадварот, набірае хаду. Штодня прыходзіць інфармацыя пра новыя арышты, суды, ператрусы. Узмацняюцца катаваньні палітвязьняў. Краіна крок за крокам, пасьлядоўна ператвараецца ў сучасны ГУЛАГ.
Многія экспэрты разважаюць, у чым палітычны сэнс такога маштабнага тэрору. Бо рэальнай пагрозы аднаўленьня пратэстаў сёньня няма. Таму гадаюць на тэму мэтазгоднасьці і практычнай неабходнасьці такіх дзеяньняў для самога рэжыму.
Даецца шмат правільных адказаў на гэтае пытаньне. Калі адсутнічае зваротная сувязь улады з грамадзтвам, то пагроза паўтарэньня пратэстаў перабольшваецца. Мадэль крэпасьці ў аблозе патрабуе пастаяннай мабілізацыі ў барацьбе з ворагамі. Нарэшце, працягваецца элемэнтарная помста за траўму 2020 году.
Але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Лукашэнка імкнецца прадэманстраваць усім — прыхільнікам і праціўнікам — незваротнасьць таго курсу, які быў узяты пасьля 2020 году, фатальную наканаванасьць існаваньня цяперашняга рэжыму, немагчымасьць ніякай альтэрнатывы.
Зрабіць увесь дзяржаўны апарат (а найперш сілавыя структуры) запэцканымі рэпрэсіямі — важны сэнс цяперашняй кампаніі тэрору.
Сымбалем такой незваротнасьці стала кувалда, падораная Лукашэнкам Рыгору Азаронку. Кувалда і аўтазак зь дзяржаўным сьцягам — гэта сапраўдныя сымбалі лукашэнкаўскага рэжыму.
А фігура Віктара Бабарыкі — гэта якраз сымбаль альтэрнатывы. Усе, хто цікавіўся палітыкай у 2020 годзе, разумелі, што гэты чалавек — самы рэальны прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта. Ягоная папулярнасьць цягам кароткага часу павялічвалася ў геамэтрычнай прагрэсіі.
Невыпадкова Лукашэнка запанікаваў і арыштаваў яго яшчэ да афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў. І кінуў Бабарыку за краты на 14 гадоў.
Але ўсе разумеюць, што Бабарыка і дагэтуль самы папулярны палітык у краіне. Людзі, якія сядзелі ў наваполацкай калёніі, расказваюць, што гэта ўсьведамляюць нават ахоўнікі, супрацоўнікі гэтай пэнітэнцыярнай установы.
Лукашэнка адчувае, што ўсьведамленьне незваротнасьці ягонай улады і ў асяродзьдзі намэнклятуры, і ў грамадзтве знаходзіцца пад сумневам прынамсі да таго часу, пакуль сымбаль альтэрнатывы жывы-здаровы. Гэта як ружжо, якое вісіць на сьцяне, але ў любы момант можа стрэліць.
Мала таго, Бабарыка не зламаўся, паводзіць сябе годна, адмовіўся эміграваць, не прызнаў віны, ня каяўся на відэа, ня просіць памілаваньня.
І ўлады разумеюць, што з усім гэтым трэба нешта рабіць. Вось і робяць. Кувалдай!