Журналіст на ўмоўнай свабодзе
Журналіст Андрэй Пачобут асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. З яго знялі абвінавачванне ў абразе прэзідэнта, але прызналі вінаватым у паклёпе ў дачыненні
да прэзідэнта. Андрэя вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Андрэй Пачобут ад пачатку красавіка знаходзіўся пад вартай, ён быў гатовы да жорсткага прысуду. Да горшага варыянту рыхтаваліся і сям’я, і грамадскасць. Таму, калі Андрэй з’явіўся
на ганку суда без канваіраў і аховы, людзі сустрэлі яго воклічамі радасці, жонка Аксана ледзьве стрымлівала слёзы радасці.
Журналіст Андрэй Пачобут асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады. З яго знялі абвінавачванне ў абразе прэзідэнта, але прызналі вінаватым у паклёпе ў дачыненні
да прэзідэнта. Андрэя вызвалілі з-пад варты ў зале суда.
Андрэй Пачобут ад пачатку красавіка знаходзіўся пад вартай, ён быў гатовы да жорсткага прысуду. Да горшага варыянту рыхтаваліся і сям’я, і грамадскасць. Таму, калі Андрэй з’явіўся
на ганку суда без канваіраў і аховы, людзі сустрэлі яго воклічамі радасці, жонка Аксана ледзьве стрымлівала слёзы радасці.
Андрэя Пачобута суддзя Ленінскага суда Гродна Віталь Лецка апраўдаў па частцы 1 артыкула 368 (абраза прэзідэнта Беларусі) і прызнаў вінаватым па частцы 1 артыкула 367 (паклёп у дачыненні да
прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. Пракурор Аляксандр Южык прасіў суд пакараць журналіста пазбаўленнем волі на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму.
Суд над карэспандэнтам вядомай польскай «Gazety Wyborczaj» быў закрытым ад самага пачатку. Не пускалі на судовае пасяджэнне і генеральнага консула Польшчы ў Гродна Анджэя Хадкевіча.
Нават на вынясенні вердыкту дазволілі прысутнічаць толькі сямі асобам, але без журналістаў.
На працягу судовага працэсу міліцыя ўсяляк перашкаджала Андрэю нават праз плот ля будынка суда пабачыцца з сям’ёй. Жонцы Аксане заставалася толькі кожны раз, калі мужа тварам да зямлі вёў
канвой, караскацца на плот і крычаць яму «Анджэй!» у спадзеве, што пачуе, зразумее, што не кінуты ў самоце.
Апошняе слова журналіста Андрэя Пачобута доўжылася менш за хвіліну. Ён толькі заявіў, што не прызнае ні сваёй віны, ні правамоцнасць гэтага суда.
* * *
Сям’я Андрэя — жонка Аксана, адзінаццацігадовая дачка Яна і гадавалы сын Яраслаў. У чаканні прысуду некалькі гадзін журналістка НЧ правяла разам з дачкой Пачобута Янай. Дзяўчынка
ўжо добра разумее, за што судзяць тату: «Бо Лукашэнка не хоча праўды, якая падрывае давер да яго». Расказвае пра апошнія палітычныя навіны Беларусі і свету, пра сваю сям’ю,
пра тату. «Ён любіць плаваць, любіць гэтую фізічную нагрузку, і калі яе няма, то кажа, што нядобра пачуваецца», — распавядае Яна. Менавіта тата запісаў яе ў гурток па
плаванню, і цяпер яна ўжо добра ўмее трымацца на вадзе.
Дачка таксама хоча стаць журналістам, застацца жыць у Гродна і працягваць справу бацькі. Дзяўчынка некалькі разоў узгадвае пра арышты Андрэя, але не як пра нешта надзвычайнае, а хутчэй як пра
асаблівасці прафесіі. І хаця Андрэй Пачобут папярэджваў дачку, што прафесія журналіста няпростая, ды і Яна бачыць, што тата ўвесь час у раз’ездах, у працы — «у яго адзін
выходны, і той ён часта праводзіць за кампутарам, рыхтуючы матэрыялы», — дзяўчынка ў сваім выбары пакуль не сумняваецца. Але пісаць на «жаночыя» тэмы пра
сукенкі-касметыку не хацела б, бо гэта «не цікава». З бацькамі Яна нямала падарожнічала. «Мінск вялікі і сумны, — дзеліцца сваімі ўражаннямі дзяўчынка. —
Мне падабаецца Горадня, маленькія гарады».
Настаўнікі ў школе ведалі пра арышт Янінага таты, але нейкіх зменаў у адносінах да сябе яна не заўважыла. Распавядае пра ананімныя лісты і званкі невядомых «добразычліўцаў» з
пагрозамі і са здзеклівымі словамі. Аднак мама і родныя да гэтага ставяцца з гумарам: «Мы пасмяяліся і ўсё», — рэзюмуе Яна.
* * *
Сваё вызваленне Андрэй Пачобут называе вынікам вялікай міжнароднай салідарнасці. «Вынесены прысуд — гэта вынік ціску на рэжым Лукашэнкі, вынік увядзення эканамічных санкцый у
дачыненні да рэжыму, менавіта гэтага і баіцца Лукашэнка», — заявіў Андрэй на ганку судовага будынку. Хваля салідарнасці напраўду была вялікай. Вызвалення Андрэя Пачобута патрабавалі
беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і Польшчы. У Польшчы ладзілася адмысловая інфармацыйная кампанія ў падтрымку журналіста.
Цягам бліжэйшага тыдня Андрэй Пачобут будзе бавіць час з сям’ёй. Першае, што ён зрабіў пасля свайго вызвалення, — узяў на рукі гадавалага сына. «Сын вельмі вырас за гэты
час, быў зусім маленькі, калі мяне забіралі… А потым буду, як і раней, працаваць карэспандэнтам «Gazety Wyborczaj», буду сябрам Саюза палякаў. На маю дзейнасць і погляды
турма ніяк не паўплывала. Хіба што я стаў яшчэ больш жорсткі ў некаторых ацэнках».
Пачобут мае намер абскардзіць вынесены яму прысуд. «Пакуль ёсць хоць нейкія магчымасці для гэтага, буду абскарджваць. Гэты працэс быў не судом, а судзілішчам», — заявіў
журналіст. Варта нагадаць, што ўмоўны тэрмін мае свае абмежаванні. Пасля ўступлення прыгавору суда ў законную сілу Андрэю можа быць забаронены выезд за мяжу, у выпадку адміністрацыйных парушэнняў
— дастаткова дарогу перайсці ў непатрэбным месцы — могуць быць прымененыя карныя санкцыі. Праз два гады зноў мусіць адбыцца суд, які будзе вырашаць, ці стаў непакорны журналіст на
шлях выпраўлення.
Андрэй Пачобут супакоіў сваіх калег, што катаванні, фізічны гвалт да яго не прымяняліся. Але зазначыў: «Турма ёсць турмой, і там свае асаблівасці. Нават у няволі трэба змагацца за свае
правы». У дзень абвяшчэння прысуду адвакаты Андрэя заўважылі на шыі пачырваненні. «Калі мяне вёў судовы канвой у залу суда, — патлумачыў Андрэй, — адзін з
канваіраў так моцна закруціў мне рукі за спіною, што я проста не ўтрымаўся і ўпаў тварам на падлогу. Гэта адбылося, калі мяне выводзілі з аўтазака».
З прымяненнем фізічнай сілы перастараліся не толькі ў дачыненні да Андрэя. Каля будынку суда невядомыя ўсюдыісныя людзі ў цывільным перашкаджалі працы фотажурналістаў самым брутальным спосабам. Ад іх
удараў у фатографа «Associated Press» Сяргея Грыца на перадплеччы засталіся вялікія кровападцёкі.
Крымінальная справа ў дачыненні да Андрэя Пачобута была заведзеная 28 сакавіка. У пастанове пракуратуры сказана: «Пачобут А. С. <...> у перыяд 2010–2011 года размясціў у
глабальнай кампутарнай сетцы інтэрнэт на сайтах www.wyborcza.pl, belaruspartisan.org і poczobut.livejournal.com створаныя ім тэкставыя публікацыі, пад назвай «Час закручваць гайкі»,
«Лукашэнка знайшоў чарговую мэта», «У Беларусі выбары без выбару», «Гаварыце мне бацька», «Так кіруе Лукашэнка»,
«Лукашэнка: Так, я сфальсіфікаваў выбары», «Свабода па-беларуску. Пакаяўся, то выйшаў?», «Перадвыбарчы папулізм па-беларуску», «Так
палохае беларускі КДБ», і адзін тэкст без загалоўка, які пачынаецца словамі «Дзякуй усім...» і заканчваецца словамі «...можаце выкарыстоўваць», у якіх
утрымліваюцца прыкметы публічнай абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», — нагадвае інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.
Пачобут быў затрыманы 6 красавіка за парушэнне падпіскі аб нявыездзе: ён збіраўся выехаць з Гродна ў Мінск для ўдзелу ў відэаканферэнцыі з дэпутатамі Еўрапарламента. Спачатку Пачобута затрымалі на
трое сутак, затым меру стрымання змянілі з падпіскі аб нявыездзе на ўтрыманне пад вартай.