«Запыталі тлумачэнні адносна слоў Лукашэнкі». МЗС Украіны выклікала кіраўніка амбасады Беларусі
Часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Украіне Кірыла Камышава выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Украіны ў сувязі з заявамі, агучанымі Аляксандрам Лукашэнкам на прэс-канферэнцыі 9 жніўня. Пра гэта паведамілі ў МЗС Украіны, піша «Еўрапейская праўда».
Дыпламата папярэдзілі, што заява Лукашэнкі пра гатоўнасць прызнаць расійскі суверэнітэт над часова акупаваным украінскім Крымам з'яўляецца раўназначнай саўдзелу ў злачынстве Крамля супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны, з усімі звязанымі міжнародна-прававымі наступствамі.
«Ад беларускага боку мы запыталі тлумачэнні адносна
слоў А.Лукашэнкі, якія могуць сведчыць аб усё ж допуску беларускім бокам на
сваю тэрыторыю самазваных "пракурораў" з часова акупаванага Луганска
для допыту Рамана Пратасевіча. У выпадку пацверджання, гэта будзе супярэчыць
раней атрыманаму ўкраінскім бокам афіцыйнаму адказу ад МЗС Беларусі, якім гэты
факт катэгарычна адмаўляўся», — адзначаюць у МЗС.
Заяву Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта падрыхтоўку Украінай
баевікоў і перакідку зброі ў Беларусь у МЗС назвалі «безадказнай і далёкай
ад рэалій прапагандай».
«Відавочна, гэта з'яўляецца прадуктам штучна створанага
крамлёўскімі прапагандыстамі у асяроддзі А.Лукашэнкі вобразу Украіны як "варожай" да Беларусі і беларускага народу, што абсалютна не адпавядае
рэчаіснасці. Фэйкамі аб знешніх пагрозах дзяржаўнасці Беларусі з боку Украіны і
іншых заходніх дзяржаў А.Лукашэнка спрабуе апраўдаць свае рэпрэсіўныя метады і
абмежаванні правоў і свабод грамадзян Беларусі», — адзначае МЗС.
Таксама ўспомнілі пагрозы Аляксандра Лукашэнкі разам з
прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным «паставіць Украіну на калені».
«Беларускаму дыпламату паказалі на тое, што гэтыя словы
з'яўляюцца праявай слабасці Беларусі, а не дэманстрацыяй сілы. Пуцін не змог
паставіць Украіну на калені, таму надзеі Лукашэнкі на яго з'яўляюцца
пройгрышнай стаўкай», — адзначылі ў Міністэрстве замежных спраў.