«Уседзець на двух крэслах нельга». У Крыме адказалі Лукашэнку наконт прызнання паўвострава расійскім
Словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Мінск прызнае Крым і Севастопаль часткай Расіі, толькі «калі апошні алігарх у Расіі прызнае Крым і пачне пастаўляць туды прадукцыю», «не наблізяць Лукашэнку да Еўропы», распавёў дэпутат Дзярждумы ад Крыма Руслан Бальбек. У гутарцы з «Газетой.Ru» ён растлумачыў, што ў Лукашэнкі не атрымаецца «ўседзець на двух крэслах».
На думку
парламентарыя, такая пазіцыя нявыгадная для Беларусі і можа выклікаць толькі
«здзіўленне расіян ад такіх паводзін саюзніка».
«Прэзідэнт Беларусі ўжо нелігітымны ў вачах заходняй
супольнасці — ён такой заявай спадзяецца прыбраць гэты бар'ер? Уседзець на двух
крэслах не атрымаецца, а вось абразіць расіян ужо атрымалася», — сказаў
парламентарый.
Раней Лукашэнка ў
эфіры тэлеканала «Беларусь 1» распавёў, калі беларускі бок прызнае Рэспубліку
Крым і Севастопаль часткай Расіі.
«Калі апошні
алігарх у Расіі прызнае Крым і пачне пастаўляць туды прадукцыю — за мной справа
не заржавее», — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ад прызнання Крыма расійскім яго абмяжоўвае, як мяркуецца, «Будапешцкі мемарандум» (Лукашэнка назваў яго «дэкларацыяй») аб ядзерным раззбраенні, у якім была замацавана адмова Беларусі ад ядзернай зброі і які дэ-факта быў абвешчаны яшчэ ў 1993 годзе.