З Польшчы выдалілі беларускага дыпламата

Вайсковага аташэ амбасады Беларусі ў Польшчы папрасілі пакінуць польскую тэрыторыю. Контрвыведка Агенцтва ўнутранай бяспекі сабрала доказы таго, што ягоная праца перавысіла дыпламатычную місію.



poland_belarus.jpg

Паводле wyborcza.pl, вайсковага аташэ Беларусі злавілі працаўнікі контрвыведкі з Агенцтва ўнутранай бяспекі, як той фатаграфаваў вайсковыя аб'екты ў Быдгашчы. Як даведалася Радыё «TOK FM», гэтыя аб'екты з'яўляюцца навучальным цэнтрам НАТО.

«Ён (дыпламат з Беларусі — belsat.eu) зашмат сабе дазваляў», — пачулі карэспандэнты газеты «Dziennik», калі папрасілі пракаментаваць гэты выпадак прадстаўнікоў сілавых міністэрстваў.

«Беларусы і расейцы супрацоўнічаюць у сферы выведкі. Няма ніякіх сумневаў, што гэтая інфармацыя праз Мінск трапляла ў Маскву», — патлумачыў адзін з прадстаўнікоў сілавых ведамстваў Польшчы. 

Вайсковы аташэ Беларусі — гэта адзін з двух выяўленых у Польшчы шпіёнаў, пра якіх паведамлялася раней. Іншы шпіён быў затрыманы значна раней.

Ён трапіў у рукі Службы ваеннай выведкі Польшчы два гады таму. Ужо тады Апеляцыйная пракуратура выставіла яму абвінавачанне ў шпіянажы. З таго часу беларус застаецца пад арыштам. Пра гэтую гісторыю ведала толькі вузкае кола людзей у Польшчы, адзначыў прадстаўнік сілавых ведамстваў. Толькі цяпер, калі ў суд трапіў акт абвінавачання, стала вядома больш падрабязнасцяў. 

Паводле дзвюх крыніцаў газеты «Dziennik», сітуацыя са шпіёнамі з Беларусі — вельмі нетыповая, таму праца польскіх службаў і пракуратуры над абвінаваўчымі высновамі доўжылася больш за два гады. Праблема палягала на тым, падае выданне, што грамадзянін Беларусі раней супрацоўнічаў з расфармаванай некалькі гадоў таму Вайсковай інфармацыйнаю службаю Польшчы.

Кіраўніцтва аддзелу, што займалася выведкаю, лічыла яго сваёй крыніцаю ў беларускіх спецслужбах, а яго самога разглядала як каштоўнага супрацоўніка, які перадаваў вельмі істотную інфармацыю пра беларускую армію. За свае паслугі ад польскага боку ён атрымліваў шчодрыя ўзнагароды — да некалькіх сотняў тысяч долараў.

«Насамрэч ён быў дэзінфарматарам», — распавёў адзін са следчых. У польскай Службе вайсковай выведкі, якая паўстала пасля роспуску Вайсковай інфармацыйнай службы, па-новаму прааналізавалі інфармацыю, якую даваў беларус. З часам узніклі падазрэнні, што насамрэч ён выконваў заданні для спецслужбаў Беларусі.

belsat.eu, паводле wiadomosci.dziennik.pl