Выйшаў — плаці: брэсцкаму блогеру Сяргею Пятрухіну прысудзілі чарговы штраф
Суд Ленінскага раёна Брэста разгледзеў адміністрацыйную справу мясцовага блогера і актывіста Сяргея Пятрухіна. За ўдзел у акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода цяпер ён мае выплаціць 45 базавых штрафу на карысць дзяржавы.
Сяргея Пятрухіна і Канстанціна Астапука затрымалі 30 верасня, калі ў Брэсце праходзіў чарговы мірны пратэст супраць сумеснага беларуска-кітайскага праекта завода па вытворчасці акумулятараў. Да суда яны былі змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
На ўдзельнікаў акцыі былі складзены пратаколы па ч. 3 арт 23.34. КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пятрухін на папярэднім пасяджэнні суда заявіў аб недаверы суддзі і запатрабаваў адваката, таму справа была перанесена на 4 кастрычніка.
У выніку суд пастанавіў Сяргею Пятрухіну выплаціць на карысць дзяржавы 45 базавых велічынь штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.