Віктар Бабарыка і яго «наіўная вера ў тое, што мы можам нешта памяняць»

Тры гады таму затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка штабу палітыка. На той момант, згодна з апытаннямі, у Бабарыкі была найбольшая падтрымка ў грамадстве. 

Віктар Бабарыка. Фота з сайта belinstitute.com

Віктар Бабарыка. Фота з сайта belinstitute.com

Тры гады таму, 18 чэрвеня 2020 году, экс-старшыню «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка перадвыбарчага штабу Эдуарда Бабарыку, затрымалі, калі яны накіроўваліся ў ЦВК, каб здаць сабраныя подпісы за вылучэньне Бабарыкі-старэйшага кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, нагадвае «Свабода».

Паводле сацыялягічных апытаньняў, былы банкір меў найвышэйшы электаральны рэйтынг сярод усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2020 году, уключаючы Лукашэнку.

Віктару Бабарыку ў ліпені 2021 году прысудзілі 14 гадоў калёніі. Больш як месяц таму стала вядома, што яго шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка. З таго часу пра месцазнаходжаньне палітвязьня і стан ягонага здароўя нічога не вядома.

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс па крымінальнай справе Эдуарда Бабарыкі, якому пагражае 20 гадоў турмы.


118379775_309144626972883_8151794893153883532_n_logo_3.jpg

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч добра памятае, як шмат надзеяў ускладалі многія людзі на Віктара Бабарыку падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 году. Яна гэта бачыла і чула падчас шматлікіх сустрэчаў і размоваў зь людзьмі на перадвыбарчых пікетах на Камароўцы.

— Для іх гэта быў зусім новы чалавек, не зьвязаны з палітыкай. Палітыкі нашы, апазыцыйныя ў тым ліку, у той час ужо ня мелі такога моцнага аўтарытэту, а тут раптам прыйшлі новыя людзі, і грамадзтва адклікнулася на іх. Я ведала Віктара, мы нават крыху пасябравалі. Ён некалькі разоў прыходзіў да мяне, памятаю нашы вельмі сяброўскія размовы пра ўсё. Было бачна, што пасьля страты жонкі ён шукаў нейкі сэнс жыцьця. Ён казаў: «Усё, што я ёсьць, зрабіла мая жонка зь мяне, і я б хацеў нешта дзеля яе памяці зрабіць, ня здрадзіць ні ёй, ні сабе». Такое ня часта пачуеш ад нашых мужчын, увогуле ад мужчын.

Сьвятлана Алексіевіч падкрэсьлівае, што гэта была ініцыятыва Віктара Бабарыкі, каб «Белгазпрамбанк» вылучыў грошы на пераклад на беларускую мову і выданьне яе пяці кніг.

— Кнігі былі ўжо надрукаваныя, і Віктар хацеў перадаць іх у розныя бібліятэкі краіны. У Горадзенскай і Гомельскай абласьцях сказалі, што ў іх кніг Алексіевіч дастаткова. Потым высьветлілася, што там і дзясятка кніг не набярэцца. Мяне ўражвала, што ў яго была нейкая нават наіўная вера ў тое, што мы можам нешта памяняць.


Нобэлеўская ляўрэатка добра памятае адказ Віктара Бабарыкі на пытаньне журналісткі, пра што б ён запытаў Лукашэнку, калі б яны сустрэліся.

— «Я б яго запытаў, ці любіў ты каго-небудзь», — адказаў Віктар Бабарыка. У яго былі гуманітарныя ўяўленьні пра жыцьцё. Будучы чалавекам банкаўскай сыстэмы, у той жа час ён быў шырока гуманітарным чалавекам. Гэтае пытаньне і адказ сьведчаць і пра таго, хто пытаецца, і пра таго, хто адказвае. Каб зрабіць з нашым грамадзтвам тое, што было зроблена пасьля 2020 году, трэба не любіць яго, трэба быць вельмі несучасным чалавекам. Нехта сказаў, што гэта вайна старых. Мы аказаліся ў палоне людзей старых уяўленьняў, старога сьветапогляду. Адрозна ад Віктара Бабарыкі. Дагэтуль многія людзі зьвязваюць зь ім надзеі. Напэўна, праз гэта ўлады спрабуюць яго нэўтралізаваць любым спосабам. Мы дагэтуль ня ведаем, дзе ён і што зь ім, але ўсе памятаюць пра яго. 

Валянтэрка штабу Бабарыкі: Тое, што зь ім робяць за кратамі, сьведчыць пра тое, што ён і ў зьняволеньні не ідзе на кампрамісы з уладамі

Псыхоляг Натальля Скібская кажа, што Віктар Бабарыка зьмяніў яе лёс.

— Удзел у працы ягонага штабу і тое, што я вельмі натхнілася гэтай постацьцю, прывялі да таго, што я была вымушаная зьехаць зь Беларусі. Але я ўдзячная за тое, што гэты чалавек быў, ёсьць і, спадзяюся, будзе. Гэтая постаць стала падставай для веры ў тое, што ўсё ж магчымыя зьмены, нягледзячы на тое, што я ўдзельнічала ва ўсіх актыўнасьцях з 1996 году і расчараваньня было шмат ужо.

Натальля Скібская была валянтэркай у штабе Бабарыкі.

— Я вывозіла людзей пасьля маршаў на сваёй машыне, валянтэрыла на Акрэсьціна і шмат чаго рабіла. А вымушаная была зьехаць пасьля таго, як 12 лютага 2021 году ў мяне канфіскавалі машыну за налепку з сэрцайкам і надпісам «Віктар Бабарыка». Тады ў Менску праходзіў Усебеларускі народны сход, і мяне спынілі за гэтую налепку. Такім чынам вымушаная была зьехаць менавіта праз налепку зь Віктарам Бабарыкам, а не праз тое, што ўдзельнічала ў ягонай кампаніі.

Натальля перакананая, што ўлады па-ранейшаму баяцца Віктара Бабарыкі, пра што сьведчыць тое, што зь ім адбываецца за кратамі.

— Гэта сьведчыць пра маштаб і ўплыў гэтай асобы. Улады адчуваюць, што ён па-ранейшаму небясьпечны для іх. Гэта сапраўды вялікі чалавек, які можа павесьці за сабой вялікую колькасьць людзей, які можа аб’яднаць самых розных людзей. Гэта чалавек, які ўмее размаўляць і ўмее слухаць, які можа быць лідэрам для вялікай колькасьці самых розных людзей, нават тых, хто ніколі ня быў актыўным раней. Ён не палярызуе грамадзтва. Тое, што зь ім робяць за кратамі, сьведчыць пра тое, што ён і ў зьняволеньні не ідзе на кампрамісы з уладамі.

 

Глеб Германчук: Мы па-ранейшаму патрабуем інфармацыі пра Віктара Дзьмітрыевіча, патрабуем, каб да яго дапусьцілі адвакатаў і родных

Прэсавы сакратар Віктара Бабарыкі Глеб Германчук паведаміў Свабодзе, што каманда Бабарыкі працягвае адвакацыю ўсіх беларускіх палітзьняволеных.

— Вельмі хочам, каб пра нашых палітвязьняў чулі, каб іх галасы чулі ва ўсім сьвеце, таму працягваем працаваць найперш у гэтым ключы ў міжнародным фармаце. Мы вядзем працу з нашымі актывістамі ў рамках партыі «Разам», якая працягвае ў рэжыме аргкамітэту сваю дзейнасьць. Пра Віктара Дзьмітрыевіча Бабарыку няма інфармацыі больш за паўтара месяца. Пазыцыя нашай каманды не зьмянілася, мы па-ранейшаму патрабуем інфармацыі пра Віктара Дзьмітрыевіча, патрабуем, каб да яго дапусьцілі ягоных адвакатаў, ягоных родных. Тое, што цяпер адбываецца, гэта беспрэцэдэнтнае самавольства. Гэта тычыцца ня толькі Віктара Дзьмітрыевіча, але і Марыі Калесьнікавай, Міколы Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага ды іншых. Што да інфармацыі датычна зьбіцьця Віктара Дзьмітрыевіча, якая да нас даходзіла. Мы хочам яго бачыць, хочам ведаць, што зь ім усё ў парадку.