Валер Карбалевіч: Магчыма, свой гістарычны шанец на трансфармацыю Беларусь ужо страціла

У Беларусі няма перадумоў для змены ўлады. Такую думку выказаў падчас канферэнцыі ў Варшаве ва ўніверсітэце Лазарскага "Беларусь на авансцэне Еўразіі: паміж Масквой і Кіевам" палітолаг, эксперт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Валер Карбалевіч.



karbalevich.jpg

Аляксандр Лукашэнка прапануе ідэалагічны канструкт, элементы якога ён бярэ ў масавай свядомасці. Беларусы цяпер ёсць нацыяй спажыўцоў, аб’ядноўвае іх дзяржава, а галоўны інстытут у ёй — правадыр. І кіраўнік дзяржавы сам шматкроць публічная заяўляў гэтую думку: “Сыду я і ўсё разваліцца ў краіне”.

—  Пасля ўкраінскіх падзеяў паўстала ў поўны рост пытанне выжывальнасці гэтага канструкту, яго  магчымасці супрацьстаяць выклікам часу і абставінам. І адназначнага адказу на гэта пакуль няма, — адзначыў Валер Карбалевіч.

Эксперт таксама агучыў сваё назіранне наконт зменаў у структуры і светапоглядах беларускага грамадства. Як то, грамадзянскай супольнасці ў заходняй трактоўцы гэтага тэрміну ў Беларусі няма, бо беларускі трэці сектар — цалкам па-засістэмная з’ява, што знаходзіцца ў палітычным гета і займаецца абслугоўваннем сябе, а не ўплывам на палітычную сітуацыю.

— Трагедыя Беларусі ў тым, што наша незалежнае грамадства, апазіцыя не ўплываюць на перамены, не ёсць суб’ектам палітыкі. Таму і ўздзеянні іх на грамадска-палітычнае жыццё мінімальныя, — гаворыць Карбалевіч. — Самае цікавае, у краіне назіраецца працэс рэгенерацыі, узнаўлення грамадства, што ўзнікла ў Беларусі ў 1990-я гады. Па ўзроўні палітычнай культуры мы цяпер знаходзімся ў сярэднявеччы. Для мяне паказальна, як беларускае грамадства адрэагавала на ўкраінска-расійскі канфлікт. Расійскія тэлеканалы атрымалі ашаламляльную перамогу, бо, паводле, аднаго з даследаванняў, 60 % беларусаў падтрымалі анексію Крыма. Сённяшняя падтрымка Лукашэнкі не харызматычная, а рацыянальная, бо залежыць ад цэнаў, заробкаў, іншых сацыяльных паказчыкаў. Але пасля падзей ва Украіне гэты эканамічны чыннік перастаў адыгрываць першасную, галоўную ролю. Цяпер яна належыць фактару бяспекі, беларусы спужаліся анархіі, хаосу, што пабачылі ва Украіне. Падвысіўся запыт на стабільнасць, цвёрдую руку.

Валер Карбалевіч адзначае, што Беларусь усё больш зацягваецца ў расійскі абшар у эканамічным, ваенна-палітычным аспекце. І выйсця з гэтага пакуль не прадбачыцца. “І я не выключаю, што свой гістарычны шанец на трансфармацыю Беларусь ужо ўпусціла, бо ў нас было 25 год — вялізны адрэзак па цяперашніх мерках — і мы гэтым не скарысталіся”, — песімістычна рэзюмуе палітолаг.

Яшчэ адзін фактар, што гаворыць не на карысць хуткіх пераменаў, несфармаванасць сярэдняга класу. У заходніх краінах галоўнай сілай пераменаў ёсць сярэдні клас. У Беларусі за гэты час з’явіўся сацыяльны слой, які можна ў беларускім разуменні назваць сярэднім класам — яны вырашылі для сябе праблему выжывання і для іх ужо важная якасць жыцця. Але гэтыя людзі не ёсць фактарам пераменаў, бо яны завязаныя на дзяржаву, гэта сілавікі, бізнэсоўцы пад дзяржаўным дахам, чыноўнікі. І ў іх няма свайго інтарэсу ў змене дзяржаўнага ладу, свой даход атрымліваюць акурат ад цяперашняга ладу.

— Я не чакаю вялікіх пераменаў, пакуль існая сістэма не выпрацуе свой мотарэсурс. А менавіта калі большасць грамадства пачне разумець,  што сістэма не працуе.