Вадзім Мажэйка: Лукашэнка робіць усё, што ад яго хоча Крэмль

Пакіньце прапагандзе наратыў, што Лукашэнка гераічна супраціўляецца ціску Крамля, прапануе палітолаг Вадзім Мажэйка.

79477737_450420505661309_4806854469138513920_n_logo_1.jpg

Візіт Шайгу і нарада з Хрэніным чарговым разам выклікалі хвалю размоў пра тое, як Крэмль нібыта «цісне» на Лукашэнку. У непразрыстай сітуацыі пацвердзіць або абвергнуць гэта немагчыма, і ў выніку алармісты збіраюць лайкі, дэ-факта працуючы на беларускую прапаганду.

Наратыў пра тое, што Крэмль нібыта цісне на Лукашэнку, каб той задзейнічаў беларускае войска ў баявых дзеяннях, а ён супраціўляецца — абсалютна ілжывы і прапагандысцкі. Няма ў яго ні аднаго доказу. Пакуль мы бачым, што Масква атрымлівае ад Лукашэнкі ўсё, што хоча: усю лагістычную, медыцынскую і не толькі дапамогу для расійскіх вайскоўцаў. Цяпер беларускія вайскоўцы дапамагаюць на сваёй тэрыторыі і з выкарыстаннем сваёй інфраструктуры расіянам у навучанні і трэніроўках мабілізаваных.


Усе гэтыя мілітарысцкія і антынатаўскія заявы Лукашэнкі, якія ён, па сутнасці, паўтарае за расійскай прапагандай, прамаўляючы розныя пагрозы — гэта, на мой погляд, якраз адзін з прыкладаў таго, што ён робіць усё, што ад яго хоча Крэмль.

На дадзены момант мы не бачым ніякіх канкрэтных доказаў або сігналаў, што Крэмль настойвае на ўдзеле беларускага войска ў вайне. Мне здаецца важным гэты наратыў не распаўсюджваць, пакінуць яго прапагандзе.