Узламаны блог Віталя Рымашэўскага на сайце «Беларускі партызан»
Узламаны блог сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага на сайце «Беларускі партызан». Ад яго імя напісаны артыкул «Стоит ли верить, что Поротников не агент КГБ?».
Размяшчэнне гэтага матэрыялу з’яўляецца правакацыяй. У рэдакцыю "Беларускага Партызану” і асабіста Паўлу Шарамету дасланы ліст з патрабаваннем тлумачэнняў і з просьбай размясціць інфармацыю з абвяржэннем дадзенага матэрыялу.
"Бяздоказна абвінавачваць некага ў супрацы з КДБ могуць толькі самі спецслужбы. Усялякія дыскусіі на канспіралагічныя тэму маюць на мэце пасеяць варожасць паміж дэмакрытычнымі сіламі і скіраваць іх дзейнасць на змаганне адзін з адным. Я перакананы што архівы КДБ неўзабаве будуць адчыненыя пры прыходзе дэмакратаў да ўлады, і ўсё патаемнае стане вядомым. Пакуль жа меркаваць пра кожнага чалавека ці палітычныя сілы мы можам толькі па пладах іх працы. Ні з самім даследаваннем Паротнікава, ні з яго інтэрв’ю "Беларускаму Партызану" я не знаёмы. Застаецца толькі здагадвацца, каму спатрэбіўся гэты матэрыял. Мне абсалютна ўсё роўна, з’яўляецца Паротнікаў агентам КДБ ці не. Калі нехта публічна ці патаемна бароніць рэжым, лабіюе яго інтарэсы у Беларусі і замежжы — той з’яўляецца супрацоўнікам рэжыму незалежна ад таго, працуе ён на КДБ ці не”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.