Увайсці ў зону кампетэнтнасці

Апазіцыя павінна рабіць стаўку на палітычную праблематыку, а не на сацыяльна-эканамічныя пытанні. Такое меркаванне выказаў філосаф і метадолаг, старшыня рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч.



mackievic.jpg

«Я думаю, што палітычнай апазіцыі якраз і трэба ставіць палітычныя пытанні. Толькі на палітычных пытаннях яны маюць шанец выклікаць давер, няхай не ў большасці, але хаця б у думаючай часткі грамадства. Бо праблемы беларускай апазіцыі не ў тым, што яна не мае падтрымкі большасці — яна не мае падтрымкі ўласнага электарату, тых людзей, якія ўжо разабраліся, адкуль нашы праблемы. То бок беларуская апазіцыя не карыстаецца падтрымкай менавіта таму, што кажа пра тое, чаго не можа рабіць і на што не можа паўплываць», — адзначае старшыня рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь».

Усе апошнія сацыялагічныя даследаванні фіксуюць высокую папулярнасць ідэі пераменаў у Беларусі. Так, паводле дадзеных зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, кардынальных пераменаў у Беларусі хацелі б 51,9% грамадзян, а падтрымка рынкавых рэформаў яшчэ вышэй — 63,2%.

Яшчэ больш высокая падтрымка пераменаў была зафіксавана Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS, Вільнюс) у ходзе даследавання грамадскай думкі ў рамках праекта «Рэфорум». На пытанне «Ці патрэбныя ў Беларусі рэформы?» станоўча («так» і «хутчэй так») адказалі 76% беларусаў, пры тым, што сярод дзяржслужачых Беларусі ідэю рэформаў падтрымліваюць 86%, а сярод прадстаўнікоў дзелавога асяроддзя — 98%.

Аднак сацыялагічныя даследаванні фіксуюць і іншую асаблівасць: пад рэформамі беларусы разумеюць амаль выключна сацыяльныя і эканамічныя змены, прычым часцяком у самым прымітыўным сэнсе — павышэнне заробкаў і пенсій. Палітычныя ж пераўтварэнні беларусы лічаць значна менш важнымі і не ўвязваюць наўпрост эканамічныя рэформы з палітычнымі.

З пункту гледжання Уладзіміра Мацкевіча, такое становішча тлумачыцца не апалітычнасцю беларусаў, а палітычнай, грамадзянскай і прававой непісьменнасцю значнай часткі насельніцтва.

«Гэтая непісьменнасць старанна культывуецца СМІ. Дарослыя людзі не ходзяць у школу, не наведваюць публічныя лекцыі і семінары, большую частку інфармацыі яны чэрпаюць са СМІ. А гэтыя СМІ часцяком ствараюць ілжывую, скажоную карціну рэчаіснасці, гэта значыць, папросту хлусяць», — падкрэслівае Уладзімір Мацкевіч.

Пры гэтым папулярнае меркаванне, згодна з якім у сваёй працы з насельніцтвам апазіцыя павінна рабіць стаўку на сацыяльна-эканамічную праблематыку, адсоўваючы на другі план пытанні палітычныя, бо менавіта такая расстаноўка прыярытэтаў характэрная для большасці беларускіх грамадзян.

Уладзімір Мацкевіч лічыць такі пункт гледжання памылковым. «Той, хто кажа, што не можа зрабіць штосьці, чаго ён не кантралюе, натуральна, не выклікае даверу. Я магу разважаць пра тое, як правільна арганізоўваць палёты ў космас, але паколькі я не спецыяліст у гэтай галіне, то чаго вартыя мае выказванні? Калі прадстаўнікі апазіцыі, людзі, якія маюць фізічную або гуманітарную адукацыю, пачынаюць разважаць пра тое, як кіраваць эканомікай, чаму выбаршчык павінен ім давяраць?» — задае ён пытанне.

Па словах Уладзіміра Мацкевіча, пра эканамічныя праблемы павінны гаварыць спецыялісты, паспяховыя прадпрымальнікі і банкіры. У вуснах жа апазіцыі такога кшталту развагі ўспрымаюцца проста як пустыя размовы.

«Іншая справа — прафсаюзныя лідары, яны маглі б падымаць сацыяльна-эканамічныя пытанні. Але для таго, каб прафсаюзныя лідары маглі быць пераканаўчымі, за імі павінны стаяць пэўныя сілы. У Беларусі ж прафсаюзы былі заціснутыя яшчэ ў другой палове 1990-х гадоў», — лічыць Мацкевіч.

Рабіць ж стаўку на эканамічную праблематыку, не маючы рычагоў уплыву ў гэтай сферы, бессэнсоўна.

«Так, вострыя тэмы трэба падымаць, але ў якім выглядзе і на што можа разлічваць чалавек, які іх падымае? Апазіцыя, якая адрэзаная ад улады, ад усялякага ўплыву, можа іх падымаць не больш як пустыя размовы», — перакананы Уладзімір Мацкевіч.

belmarket.by

Пераклад НЧ