Усе чакаюць, што здарыцца на полі бою. Аналітык пра ліст Макея ў ЕС

Аналітык Пётр Кузняцоў разважае ў сваім тэлеграм-канале аб тым, чаму беларускія ўлады звярнуліся да еўрапейцаў.

756133241236600.jpg


Ліст Макея еўрапейцам, які ўсплыў учора і актыўна абмяркоўваецца ў сацсетках, датаваны 6-м красавіка. Гэта значыць, што ён напісаны да візіту Лукашэнкі да Пуціна на Далёкі Усход. І, калі гісторыя з лістом сапраўдная, размовы пра фэйкавую Бучу і абавязковых у будучыні сумесных палётах у космас былі ўжо пасля таго, як стала ясна, што станоўчай рэакцыі ініцыятыва МЗС на Захадзе не выклікала.
Прынамсі, неадкладнай пазітыўнай рэакцыі.
Тым не менш многія мяркуюць, і, падобна, справядліва, што сам факт — сведчанне таго, што па ходзе ваенных дзеянняў да Мінска дайшло, што ў глабальным сэнсе Масква прайграе. І, магчыма, прыходзіць час перагледзець прыярытэты і арыенціры, пакуль яшчэ не зусім позна.
Зусім ці не зусім — пытанне адноснае. Калі б вось прама зараз, у гэтую секунду, і Украіна, і яе партнёры маглі б атрымаць 100-працэнтныя жалезабетонныя гарантыі таго, што з беларускага флангу больш ніякія сюрпрызы немагчымыя, то напярэдадні чаканай бітвы за Данбас гэта дазволіла б Кіеву вызваліць сур'ёзныя рэсурсы, патрэбныя для перамогі. А Захаду ў цэлым дало б дадатковы аргумент хаця б у якойсь ступені паглядзець на Мінск як на самастойнага гульца. Аднак усе разумеюць, што пакуль у Беларусі застаюцца хаця б нейкія расійскія войскі, гэта немагчыма.
Наогул кажучы, агульная сітуацыя цяпер такая, што падобны ліст з беларускага боку, трэба прызнаць, быў відавочным фальстартам (зноў жа, калі ён усё ж быў). Усе палітычныя працэсы відавочна пастаўлены на паўзу. Замер перамоўны працэс, млява працягваючыся, па афіцыйных паведамленнях, у фармаце відэаканферэнцыі. Еўропа абмяркоўвае ўвядзенне эмбарга на расійскую нафту, аднак, як пішуць СМІ, канчатковая пастанова будзе прынятая толькі пасля другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Францыі (які па часе павінен супасці з бітвай на Данбасе). Так што і адсутнасць еўрапейскай рэакцыі на мінскія сігналы — таксама цалкам вытлумачальна: усе чакаюць.
Усе чакаюць, што здарыцца на полі бою. Абодва бакі з усіх сіл рыхтуюцца да маштабнага з часоў Другой сусветнай сутыкнення. Аб тым, як рыхтуецца Расія, кажуць на брыфінгах прадстаўнікі разведак і пішуць сусветныя СМІ. Пра тое, як рыхтуецца Украіна, адкрытых звестак вельмі мала, і гэта моцна нагадвае сітуацыю самага пачатку, калі ўсе бачылі армаду, вельмі яе баяліся, а на паверку аказалася, што Украіна — гатовая, і армада гэтая, увогуле, не так і шмат можа. Можа, і шмат, але не столькі, колькі хоча.
Хоць, аб тым, у якой форме гатовы ўступіць у бітву ўкраінскі бок можна меркаваць шмат па якіх ускосным прыкметах, акрамя рэлізаў штабоў разведак. Удар і знішчэнне крэйсера "Масква" выключае дэсантную аперацыю, пакідае без прыкрыцця Чарнаморскі флот і, па некаторых меркаваннях, — Херсонскую групоўку. Кіеў усё гучней і настойлівей дамагаецца паставак цяжкіх узбраенняў і па некаторых напрамках мае поспех (а, можа, і па ўсіх напрамках, толькі мы гэтага не бачым). Цяжкія ўзбраенні, між тым, па-сапраўднаму патрэбныя ў выпадку магчымага контрнаступлення — абараняцца, і паспяхова, можна і на тых запасах і тым арсенале, які ва Украіны ёсць і так.
Серыю паведамленняў расійскіх СМІ пра ўдары па расійскай тэрыторыі таксама не варта цалкам спісваць або ігнараваць. Гэта могуць быць правакацыі. А могуць быць і сапраўды ўдары па аб'ектах ваеннай інфраструктуры, месцаў навалы войскаў, што перабрасываюцца для падмацаванняў. Вайна — гэта занадта сур'ёзна для таго, каб усё ў эфіры ад усіх СМІ і каналаў былі праўдай, аб большай частцы працэсаў даводзіцца здагадвацца альбо даходзіць да іх шляхам высноў.
Як бы тое ні было, цяпер усё кажа за тое, што ўсе бакі зрабілі свае стаўкі і чакаюць пэўнага выніку. Які, з улікам характару і маштабаў як падрыхтовак, так і атрыманых у апошнія дні Расіяй удараў, можа аказацца вельмі непрадказальным.
Ці будуць камусьці пасля гэтага патрэбныя сігналы з Мінска і навошта  — гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя.