Украінскі дэпутат, якога разам з кумам Пуціна абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, знаходзіцца ў Беларусі
Народны дэпутат Украіны Тарас Козак, супраць якога праваахоўныя органы Украіны завялі крымінальную справу паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе, знаходзіцца на лекаванні ў Беларусі.
«Я ведаю, дзе знаходзіцца народны дэпутат Тарас Козак. Ён
знаходзіцца на лекаванні ў Беларусі», — паведаміў ягоны аднапартыец Віктар
Медвядчук, якога сёння кіеўскі суд адправіў пад хатні арышт з нашэннем
электроннага бранзалета.
11 траўня, нагадвае «Свабода», генеральная пракурорка Украіны Ірына Венядзіктава
і старшыня Службы бяспекі Украіны Іван Баканаў паведамілі аб крымінальных
справах, заведзеных у дачыненні да Віктара Медвядчука і Тараса Козака.
Тады ж Іван Баканаў паведаміў, што Тарас Козак «праз Расію
адправіўся ў адпачынак і не плануе вяртацца».
Згодна з дэкларацыяй аб даходах у 2020 годзе, Тарас Козак
трымае свае актывы ў двух беларускіх банках — у «Абсалютбанку» Мікалая Вараб’я
8 211 225 долараў і 8 796 786 еўра, а ў «МТБ-банку» Аляксея Алексіна — 1 024
712 долараў.
Адметна, што Тарас Казак у 2020 годзе патраціў у Беларусі
амаль 300 мільёнаў грыўняў на аплату паслуг (абмен валюты, арэнда маёмасці,
авіяпаслугі і інш.), у тым ліку 806 641 грыўню за навучанне (імаверна, ягоная
дачка Марыя вучыцца ў Беларусі) і 422 082 грыўні за адпачынак у лютым. У
лістападзе 2020-га ён заплаціў 349 412 грыўняў за «рухомую маёмасць», набытую
для перадачы ў выглядзе дабрачыннай дапамогі. Але каму і чым дапамагаў Тарас
Казак, невядома.
Тарас Козак — адзін з найбліжэйшых бізнес-партнёраў Віктара
Медведчука.