Украіна хоча правесці Алімпіяду разам з Беларуссю
Украіна разглядае магчымасць правядзення летніх Алімпійскіх гульняў разам з Беларуссю.
Такая інфармацыя была агучана 11 лютага прэм'ер-міністрам Украіны Аляксеем Ганчаруком на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і ўдзелу ўкраінскіх спартсменаў у Алімпіядзе-2020 у Токіо.
Пра гэта паведамляе прэс-служба ўкраінскага ўрада.
Па словах Ганчарука, ідэя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб правядзенні летняй Алімпіяды ва Украіне і Беларусі заслугоўвае увагі і будзе разгледжаная.
— Гэта важны і адказны іміджавы крок, — заявіў кіраўнік украінскага ўрада.
Ён адзначыў, такія маштабныя праекты спрыяюць інфраструктурнаму абнаўленню дзяржавы, дазваляюць павысіць турыстычную прывабнасць і нацыянальны прэстыж краіны.
Прэм'ер даручыў вывучыць вопыт Беларусі па правядзенні ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года, вопыт еўрапейскіх краін у правядзенні Алімпіяд і распрацаваць план у адпаведнасці з конкурснымі патрабаваннямі Міжнароднага алімпійскага камітэта.
Нагадаем, яшчэ летам мінулага года Зяленскі даручыў пачаць падрыхтоўку да падачы заяўкі на правядзенне летніх Алімпійскіх гульняў.
Лукашэнка таксама раней выказваўся наконт сумеснага правядзення Алімпіяды: у верасні 2019 года ён прапанаваў правесці летнюю Алімпіяду разам з Украінай альбо Расеяй.
Паводле слоў Лукашэнкі, ва Украіне маецца шэраг аб'ектаў футбольнай інфраструктуры, якіх не хапае Беларусі.
Паводле belnovosti.by