У Някляева сёння быў суд наконт выкрадання і збіцця
Суд разгледзіў заяву экс-кандыдата на прэзідэнцтва Уладзіміра Някляева, якога збілі і выкралі невядомыя падчас выбараў 2010 года.
Уладзімір Някляеў дамагаецца, каб суд адмяніў пастанову пракуратуры, якая адмовілася распачынаць крымінальную справу супраць тых, хто выкраў і збіў яго. Экс-кандыдат мяркуе, што збівалі
працаўнікі спецслужбаў: тыя былі ў масках, і прысутныя міліцыянты ніяк не рэагавалі. Непрытомнага Някляева адвезлі ў шпіталь, адкуль яго выкралі і даставілі ў СІЗА КДБ.
Сёння суд Цэнтральнага раёна Менску пакінуў пастанову пракуратуры ў сіле.
Палітык распавёў «Белсату», што яшчэ падчас перабывання ў турме КДБ напісаў заяву ў пракуратуру, у якой прасіў распачаць крымінальную справу супраць вінаватых. Другую такую ж ён напісаў адразу пасля выйсця на волю. Усяго заяваў было 5. Але Някляеў штораз атрымліваў адмову. Маўляў, доказаў таго, што фізічную сілу прымянялі праваахоўнікі, не знайшлі.
Паводле спадара Някляева, на пазітыўны сыход справы ў беларускіх умовах разлічваць цяжка. Але звяртацца ў суды варта, каб папоўніць «агульную папку» дакументальна пацверджаных абвінавачанняў беларускаму рэжыму: «Калі сітуацыя зменіцца, мала будзе гучных словаў. Спатрэбяцца доказы».