У кожнага свая эфектыўнасць

У той час, як палітыкі краін Еўрасаюза збіраюцца запусціць механізм санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады, якія нясуць адказнасць за гвалтоўныя дзеянні і арышты актывістаў беларускай апазіцыі, рэдактар часопісу «Беларуская думка» і па сумяшчальніцтву праўладны палітолаг Вадзім Гігін сцвярджае, што прэзідэнцкія выбары «пацвердзілі эфектыўнасць і ўстойлівасць дзеючай у Беларусі палітычнай сістэмы».

«Улада эфектыўная»



f26df67e8110ee2b44923db775e3e47f.jpg

У той час, як палітыкі краін Еўрасаюза збіраюцца запусціць механізм санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады, якія нясуць адказнасць за гвалтоўныя дзеянні і арышты актывістаў беларускай апазіцыі, рэдактар часопісу «Беларуская думка» і па сумяшчальніцтву праўладны палітолаг Вадзім Гігін сцвярджае, што прэзідэнцкія выбары «пацвердзілі эфектыўнасць і ўстойлівасць дзеючай у Беларусі палітычнай сістэмы».

«Улада эфектыўная»
«Гэтыя выбары даказалі эфектыўнасць, стабільнасць, устойлівасць дзеючай у Беларусі палітычнай сістэмы. Давер з боку большасці грамадзян і падтрымку той палітыкі, якую праводзіць дзеючая ў Беларусі ўлада пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі», — заявіў Гігін на прэсавай канферэнцыі. Ён зазначыў, што абапіраецца на афіцыйныя звесткі, якія агучыў Цэнтрвыбаркам і місія назіральнікаў ад СНД. Альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, экзіт-пулаў з’яўляюцца, па яго словах, «элементам прапаганды».
Вадзім Гігін пагадзіўся з тым, што пратэстны электарат у краіне ёсць. «Але гэта не толькі тыя 20 працэнтаў, што прагаласавалі супраць усіх ці за альтэрнатыўных кандыдатаў. Адна з груп пратэстнага электарату, найбольш класічная, гэта — псеўда- ці ўльтранацыяналістычная група грамадзян, заідэалагізаваная, з элементамі таталітарнага мышлення, абсалютнага непрыняцця іншай кропкі гледзішча, арыентаваная на пэўную сімволіку, што была ў нас у пачатку 1990-х гадоў. Ім не важныя эканамічныя паказчыкі, сацыяльная мадэль, ім важная ідэалагема, якой яны прытрымліваюцца», — зазначыў галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка».
Наступныя пратэстныя групы, паводле Гігіна, «русафільскай скіраванасці», што падтрымліваюць інтэграцыю з Расіяй і былі незадаволеныя абвастрэннем адносінаў з усходняй суседкай. Яшчэ адной групай, што несла элемент пратэстнай настроенасці, Гігін назваў прадпрымальнікаў: «Але гэта не праяўлялася ў палітычных мерапрыемствах. У савецкія часы гэта была так званая кухонная фронда, то цяпер можна сказаць аб катэджна-асабняковай фрондзе. Людзі, выпіўшы добрага віскі, маглі трохі паныць, што крыху заціскаюць па падатках, і рэгістрацыя магла б быць больш лёгкая. Але ўсе гэтыя пратэстныя настроі для стабільнасці пагрозы не ўяўлялі. Палітыка лібералізацыі, што праводзіцца апошнія два гады, у многім садзейнічае зняццю пратэстнасці і ў гэтай невялікай часткі насельніцтва».

Вадзім Гігін


Але варта хаця б прыгадаць акцыі пратэсту прадпрымальнікаў зімой 2007– 2008 года супраць указа прэзідэнта № 760, паводле якога з 1 студзеня 2008 года ІП дазволена наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Вулічная акцыя ў студзені 2008 года таксама скончыліся разгонам і судовымі працэсамі над найбольш актыўнымі яе ўдзельнікамі з ліку моладзі.
Дзве траціны моладзі Вадзім Гігін называе апалітычнай, што ёсць «нармальным паказчыкам для стабільнага грамадства». «У Мінску пражывае 475 тысяч маладых людзей ва ўзросце да 31 года, у тым ліку каля 120 тысяч студэнтаў. У акцыях пратэсту ўдзельнічае невялікі адсотак», — рэзюмуе Гігін. Хаця ў ліку асуджаных да адміністрацыйных пакаранняў пасля мітынгу 19 снежня мінулага года пераважная большасць — маладыя людзі.
Падсумоўваючы вынікі выбараў, Вадзім Гігін назваў іх «правальнымі для беларускай апазіцыі». «Ужо сам факт рэгістрацыі вялікай колькасці альтэрнатыўных кандыдатаў стаў для апазіцыянераў вялікай нечаканасцю і разбурыў іх планы па вылучэнні адзінага кандыдата. Высокі адсотак тых, хто галасаваў супраць усіх, сведчыць, што выбарцы не ўбачылі сярод альтэрнатыўных кандыдатаў свайго лідара, за якога хацелі б аддаць голас», — мяркуе Гігін.
Галоўнае — не на Плошчы
Палітолаг Юрый Шаўцоў разынку вынікаў выбараў бачыць не ў падзеях 19 снежня і пасля, а ў калізіях знешняй палітыкі: «Мы бачылі, наколькі складанай была знешнепалітычная сітуацыя, і дзіўным чынам Беларусь змагла вытрываць і перадвыбарчую кампанію, і праблемы ў палітыцы». У якасці дасягненняў Шаўцоў называе пастаўкі венесуэльскай нафты, цудоўныя крэдытныя лінія ад Кітаю, пацяпленне адносінаў з Еўрапейскім Саюзам, максімум чаго праявіўся праз праграму «Усходняе партнёрства». Пасля падзей 19 снежня адкат адбыўся якраз па апошняму пункту. Місія назіральнікаў ад АБСЕ негатыўна ацаніла ўмовы правядзення выбараў, разгон дэманстрацыі і хвалю вобшукаў-арыштаў асудзілі ў ЕС і ЗША.

Юрый Шаўцоў


Пастаянныя прадстаўнікі 27 краін Еўрасаюза на пасяджэнні 7 студзеня ў Брусэлі запусцілі механізм падрыхтоўкі рашэння аб прымяненні санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі. «РІА Новости» са спасылкай на крыніцу ў структурах ЕС паведаміла, што палітычнае рашэнне адносна прымянення санкцый будзе прынята падчас першай планавай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрасаюза 31 студзеня. Па дадзеных з дыпламатычных крыніц, спіс беларускіх афіцыйных асобаў, у дачыненні якіх ЕС мае намер прымяніць санкцыі, можа быць пашыраны больш чым да ста чалавек.
У кастрычніку 2010 года Савет ЕС падоўжыў да 31 кастрычніка 2011 года забарону на ўезд у ЕС прэзідэнта Лукашэнкі і яшчэ 35 афіцыйных асобаў, адначасова пакінуўшы ў сіле рэжым непрымянення візавых абмежаванняў у дачыненні да іх. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2006 года ЕС увёў для Беларусі эканамічныя санкцыі, а таксама візавыя абмежаванні для беларускіх службоўцаў, у тым ліку для Лукашэнкі.
«Наўрад ці мы атрымаем адкат да той сітуацыі, што была два-тры гады таму, бо былі заключаныя важныя пагадненні з заходнімі дзяржавамі. Гэта пагадненні аб перасячэнні мяжы жыхарамі 50-кіламетровай памежнай зоны, шэраг пагадненняў па інфраструктурных праектах, найбольш яркі з іх — дамова аб транзіце венесуэльскай нафты па трубаправодзе «Адэса — Броды». Галоўным вынікам усёй выбарчай кампаніі ёсць тое, што засталося ў ценю, — Дырэктыва № 4, і ўвогуле, увесь комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку і кадравыя перастаноўкі, у межах новай эканамічнай палітыкі Беларусі. Гэтыя рашэнні ёсць фінальным этапам зацяжнога пераходнага перыяду да рынка». Эканамічныя рашэнні Шаўцоў бачыць элементамі новай сістэмы, якая — вынік жадання якраз «вялапратэстуючай моладзі» і прадпрымальніцкай супольнасці.