Туск стаў новым прэм’ерам Польшчы. Ціханоўская знаёмая з ім і ўжо павіншавала
Лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Туска з прызначэннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы.
«Паважаны спадар Туск, віншую з абраннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — Я ўдзячная вам за ўсю дапамогу, якую вы аказвалі Беларусі на працягу доўгіх гадоў. І спадзяюся на шчыльнае супрацоўніцтва, якое паскорыць дэмакратычныя працэсы ў нашай краіне. Асабліва важна для нас вызваленне ўсіх палітвязняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута.
Я ўпэўненая, што вашае лідарства і здольнасць да стратэгічнага бачання будуць моцным стымулам для ўмацавання і развіцця польска-беларускіх адносінаў».
Пра тое, што Туск зноў узначаліць урад Польшчы, стала вядома ўвечары 11 снежня. За кандыдатуру Туска прагаласавалі 248 дэпутатаў сейма, супраць — 201 чалавек. Ён другі раз стане прэм'ерам (першы тэрмін на пасадзе — у 2007-2014 гадах), змяніўшы Матэвуша Маравецкага. У планах Туска было аднаўленне адносін з ЕС.
Дональд Туск з'яўляецца кіраўніком апазіцыйнага альянсу «Грамадзянская кааліцыя». У альянс уваходзяць ліберальна-кансерватыўная партыя «Грамадзянская платформа» Туска, левацэнтрысцкая «Польская ініцыятыва», партыя «Зялёныя» і іншыя рухі.
Туск быў старшынёй Еўрапейскай Рады ў 2014-2019 гадах.
Пасля абвяшчэння вынікаў галасавання Дональд Туск звярнуўся да кіруючай партыі «Права і справядлівасць» і яе членаў: «Менавіта дзякуючы таму, што вы спрабавалі зрабіць не толькі са мной, а з дэмакратыяй, так шмат палякаў прачнуліся 15 кастрычніка (у гэты дзень прайшлі выбары ў сейм і сенат Польшчы)», — заявіў ён.
Да гэтага сейм адмовіўся выдаць вотум даверу ўраду прэм'ера Матэвуша Маравецкага. Маравецкага і яго ўрад падтрымалі 190 членаў сейма, супраць выступілі 266 дэпутатаў, тых, хто ўстрымаўся, не было (у галасаванні прынялі ўдзел 456 дэпутатаў з 460 чалавек спісачнага складу сейма).
Цяпер Туск павінен будзе сфармаваць кабінет міністраў. Яго склад і праграма ўрада павінны быць прадстаўлены ў аўторак, 12 снежня.
Чакаецца, што пры Туску Польшча памяняе свой палітычны
курс і пачне аднаўляць стасункі з Брусэлем, якія сталі напружанымі праз
рознагалоссі наконт
таго, ці выконваецца ў нацыянальным заканадаўстве
прынцып вяршэнства права. Адной з ключавых задач свайго ўрада Туск назваў
разблакіроўку замарожаных сродкаў з фонду ЕС на постпандэмійнае аднаўленне
Польшчы.