Тры ідэі, як здзівіць Лукашэнку
Зачапіла! Такую задачу паставілі чыноўнікам на месцах. Як зрабіць незгладжальнае ўражанне на чалавека, які трэці дзясятак гадоў бачыць вакол толькі пацёмкінскія гарады і вёскі?
Прэм’ер-міністр даручыў «адшукваць новыя, больш творчыя і нестандартныя падыходы і формы» пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
«Традыцыйныя формы і метады ў працы над мерапрыемствамі з удзелам кіраўніка дзяржавы не прымаюцца», — гаворыцца ў дакуменце за подпісам прэм’ер-міністра Сяргея Румаса.
Каб адказаць на пытанне, чым сёння чыноўнікі на месцах могуць здзівіць чалавека, які знаходзіцца ля руля краіны чвэрць стагоддзя, успомнім асноўны традыцыйны элемент такіх сустрэч. Магчыма, менавіта ён і надакучыў за гэтыя гады настолькі, што Адміністрацыя прэзідэнта парэкамендавала Саўміну ўключыць фантазію і крэатыўнасць.
Імя яму — паказуха. Колькі б публічна ні супраціўляўся кіраўнік дзяржавы аўральным прыборкам тэрыторыі напярэдадні яго прыезду, пусканне пылу ў вочы стала рытуальным дзеяннем. Успомнім хоць бы Гомель, які перажыў у мінулым годзе некалькі хваляў рамонтаў напярэдадні беларуска-ўкраінскага форуму.
Ёсць падазрэнне, што выгляд несабраных і непафарбаваных Докшыц ці Карэлічаў могуць зрабіць незгладжальнае ўражанне на чалавека, які трэці дзясятак гадоў бачыць вакол толькі пацёмкінскія гарады і вёскі.
Магчыма, кіраўніку краіны варта было б змяніць правіла ездзіць у паспяховых гаспадарках, а наведацца без папярэджання, да прыкладу, у «Пруднікі-Агра». Каб на ўласныя вочы пабачыць вынікі эксперыменту па захаванні стратных калгасаў любой цаной. А заадно пагутарыць з яго ахвярамі, што выжываюць на 300 рублёў у месяц.
Мы прывыклі да фатаграфій кіраўніка дзяржавы ў бліскучых сценах чарговы клінікі, які разглядае рэнтгенаўскія здымкі з выглядам вопытнага хірурга. А як наконт слуцкай паліклінікі з жудаснымі туалетамі? Або прыёмнае аддзяленне радзільні ў Маладзечна?
Вось толькі рызыкне ці хто-небудзь з чыноўнікаў арганізаваць такі прыём? Нават маючы перад вачыма подпіс Румаса.
Паводле Салідарнасці