Святлана Ціханоўская сустрэлася з сям'ёй Наталлі Хершэ
Падчас рабочага візіту ў Швейцарыю Святлана Ціханоўская сустрэлася з мужам палітзняволенай Наталлі Хершэ Робертам Штэлі і дачкой Віялетай.
У верасні Наталлю затрымалі пасля жаночага маршу. Яе прысудзілі да 2,5 гадоў турмы за тое, што яна сарвала балаклаву з сілавіка.
У студзені Наталля абвясціла галадоўку, таму што ёй перасталі аддаваць лісты. Гэта спрацавала, і лісты вярнулі. У лютым Наталлю накіравалі ў іншую калонію, не паведаміўшы пра гэта сваякам, — і яна зноў перастала атрымліваць лісты. Таму беларуска ўжо ў другі раз абвясціла галадоўку. Цяпер складана атрымаць якую-небудзь інфармацыю пра Хершэ.
Гэта была не проста сустрэча палітыка з сям'ёй пацярпелага ад рэпрэсій чалавека — як і Роберт, Святлана ўжо шмат месяцаў не бачыла свайго каханага чалавека. Ціханоўская паабяцала, што будзе дамагацца вызвалення Наталлі Хершэ і ўсіх палітвязняў. «Сем'і не павінны быць падзеленыя», — сказала яна.