Справу Алеся Бяляцкага не могуць разгледзець у ААН ужо больш за два гады

Гендырэктар Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Антуан Бернар і жонка асуджанага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук просяць Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН паскорыць разгляд скаргі, якую яны падалі ад імя Бяляцкага два гады таму.



bialiacki.jpg

Просьба змяшчаецца ў адкрытым лісце, з якім Антуан Бернар і Наталля Пінчук звярнуліся да КПЧ ААН. 
Як паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org, скарга на неправамернае пазбаўленне Бяляцкага волі была пададзена ў КПЧ 12 красавіка 2012 года. Яе аўтары інфармавалі Камітэт аб тым, што адмовы ў дзяржрэгістрацыі грамадскага аб'яднання "Вясна" ў 2007 і 2009 гадах, папярэджанне пракуратуры аб недапушчальнасці дзеяння ад імя незарэгістраванай арганізацыі, а таксама крымінальны пераслед і асуджэнне Бяляцкага ў 2011 годзе з'яўляюцца парушэннем яго правоў на асацыяцыю, на волю і асабістую недатыкальнасць і на справядлівы судовы разгляд (на падставе артыкулаў 9, 14, 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). 
"Па працэдуры разгляду справы ў камітэце, дзяржава павінна была прадставіць у адказ свае аргументы па гэтым паведамленні. Але ўжо ў ліпені 2012 года пастаянная місія Рэспублікі Беларусь пры офісе ААН у Жэневе накіравала ў КПЧ ноту, у якой адназначна заявіла пра адмову дзяржавы супрацоўнічаць з камітэтам па гэтай справе і аб спыненні далейшых камунікацый у гэтай сувязі. З таго часу дзяржава стаіць на гэтай пазіцыі, не даючы ніякіх паведамленняў па справе, хоць КПЧ накіраваў Беларусі ўжо два напамінанні з прапановай даць каментары па сутнасці", — пракаментаваў сітуацыю Валянцін Стэфановічч, намеснік старшыні ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна". 
Такой жа пазіцыі, адзначыў ён, беларуская дзяржава прытрымліваецца на працягу апошніх некалькіх гадоў і па іншых справах, якія знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ ААН. Тым самым улады Беларусі парушаюць абавязацельствы, узятыя на сябе ў межах Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. 
У сувязі з гэтым, лічаць праваабаронцы, "няма ніякіх падстаў чакаць адказу дзяржавы па справе Бяляцкага і адкладаць з гэтай прычыны яе разгляд у КПЧ ужо больш за два гады". "Той факт, што дзяржава адмовілася ад камунікацый з камітэтам, не з'яўляецца перашкодай да разгляду скаргі, і прадстаўнікі Бяляцкага звяртаюцца да камітэта з просьбай паскорыць гэты працэс", — растлумачыў Стэфановіч. 
Ён падкрэсліў, што Алесь Бяляцкі ўжо амаль тры гады "знаходзіцца ў цяжкіх умовах папраўчай калоніі". "Магчымасці яго прававой абароны ўнутры дзяржавы вычарпаны, і нават вельмі сур'ёзная міжнародная кампанія за яго вызваленне не прывяла да змянення яго становішча. Рашэнне Камітэта па правах чалавека як органа, кампетэнцыю якога Беларусь прызнала па міжнародным дагаворы, павінна даць ацэнку яго справе з пункту гледжання міжнароднага права. Калі камітэт прызнае парушэнне правоў Бяляцкага дзяржавай, то на апошнюю будзе ўскладзены юрыдычны абавязак ліквідаваць гэта парушэнне, на падставе артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — адзначыў Валянцін Стэфановіч. 
Старшыня цэнтра "Вясна", віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не было магчымым, бо "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. 
Суд таксама не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібы нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян. 
Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. Тры гады запар Алесь Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію міру.
БелаПАН