Сёння ў Маскве адбудзецца "Марш міру"

У Маскве 21 верасня адбудзецца арганізаваная апазіцыяй акцыя, накіраваная супраць вайны на Украіне і, як падкрэсліваюць арганізатары "Маршу міру", "агрэсіўнай знешняй палітыкі Расіі".



75_main.jpg

"Мы спадзяемся, што ў Маскве ў маршы прыме ўдзел не менш за 50 000 чалавек. Гэты марш стане натуральным працягам і развіццём "Марша міру", які прайшоў у Маскве 15 сакавіка. Мы патрабуем спынення безадказнай агрэсіўнай палітыкі расійскай улады", — напісалі арганізатары мерапрыемства на старонцы ў Facebook.

У апазіцыйнай акцыі плануюць прыняць удзел партыі "Яблоко", РПР-ПАРНАС, Партыя прагрэсу, "Альянс Зялёных", незарэгістраваная Партыя 5 снежня, рух "Салідарнасць" і іншыя.

У некаторых іншых гарадах — у прыватнасці, у Барнауле, Екацярынбургу і Новасібірску — улады па розных прычынах адмовілі заяўнікам у правядзенні "Маршаў міру". Аднак "Маршы" і іншыя антываенныя акцыі адбудуцца яшчэ ў некалькіх расійскіх гарадах, а таксама ў Берліне, Вене, Бургасе, Парыжы, Кіеве і Вашынгтоне.

Напярэдадні некаторыя расійскія СМІ са спасылкай на ананімную крыніцу ў маскоўскай мэрыі паведамлялі аб адмене акцыі, аднак, як піша ІТАР-ТАСС, кіраўнік дэпартамента рэгіянальнай бяспекі Масквы Аляксей Маёраў заявіў, што "мы не адмянілі ўзгаднення дэманстрацыі 21 верасня".

Паводле ВВС