Сербія праз 13 гадоў: палітычны ландшафт

«Мілошавіч сышоў, Мілошавіч застаўся». Менавіта гэтае меркаванне я пачуў ад маіх сербскіх суразмоўцаў — калег-журналістаў, навукоўцаў, экспертаў, актывістаў грамадскіх арганізацый падчас нашых працяглых сустрэч і размоў у Бялградзе.   



mil_luk_logo.jpg

Аляксандр Лукашэнка і Слабадан Мілошавіч

І гэта праз 13 гадоў пасля таго, як праз выбары і масавы вулічны пратэс у Сербіі быў зрынуты рэжым Слабадана Мілошавіча, якога ўжо ў той час на пару з яго беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам называлі апошнімі дыктатарамі Еўропы.

2_svjatlana_luk_ch_logo.jpg

Кропка адліку

Крах рэжыму Мілошавіча дадаў надзей беларускім дэмакратам. Тым больш, што ў 2001 годзе прэзідэнцкія выбары меліся адбыцца ў Беларусі.

Узгадваю словы Генадзя Карпенкі ў сакавіку 1999-га: «Гэтыя выбары — наш апошні шанец, рэжым яшчэ не набыў непрабіўной моцы». У красавіку Генадзь Дзмітрыевіч, вакол якога ў якасці адзінага кандыдата на прэзідэнты магла аб’яднацца ўся дэмакратычная апазіцыя, нечакана памёр пры нявысветленых абставінах.

Абодва рэжымы — Мілошавіча і Лукашэнкі — мелі шмат падабенства, аб чым напісаў сваё грунтоўнае доктарскае даследаванне беларускі палітолаг Віталь Сіліцкі яшчэ ў 2003 годзе. Але яго кніга «Адкладзеная свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі» была выдадзена толькі ў 2012 годзе, на вялікі сум, ужо пасля заўчаснай смерці выбітнага навукоўца.

Падаецца, што на гэтым пераможным рубяжы — змене рэжыму Мілошавіча, беларускія дэмакраты ў сваім асэнсаванні сербскага вопыту і спыніліся. Што там адбылося далей, сталася ўжо як бы не актуальным для нас, дзе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі перажыў рэжым Мілошавіча ўжо на 13 гадоў.

Але ж веданне магчымых варыянтаў развіцця «пасля дыктатуры» дае грунт для разліку сваёй стратэгіі і тактыкі «пад дыктатурай». Хаця б для таго, каб не заблытацца самім у хлуслівых абяцанках, не апусціцца ў балота ўзаемных абраз і сварак. І ўрэшце аб’яднацца і прапанаваць людзям рэалістычную, адпавядаючую іх настроям праграму перамен.

4_budinak_logo.jpg

Будынак у цэнтры Бялграда, у які трапіла бомба падчас натаўскіх бамбардзіровак у 1999 годзе. Ці то не паспелі аднавіць, ці то пакінулі як перасцярогу на будучыню. У бамбардзіроўках загінула каля 2 000 чалавек

Я ехаў у Сербію, узброены досведам Віталія Сіліцкага, але ў дакладна вызначаных ім храналагічных рамках — станаўлення і краху рэжыму Мілошавіча.

Каб даведацца, што адбылося за 13 год пасля таго, як адгрымелі фанфары перамогі. Які ён, сербскі вопыт пераходу ад аўтарытарызму да дэмакратыі? Што спраўдзілася, а што не збылося, што рэалізавана з абяцанняў дэмакратычных трыўмфатараў, а што не? І чаму?

Падобныя розныя

Памятаю, як свяціліся натхненнем вочы сербскіх дэмакратаў, калі яны падчас сустрэч з беларускімі дэмакратамі апавядалі пра свой досвед мірнай рэвалюцыі, з якім аптымізмам глядзелі ва ўласную перспектыву.

А тут, праз 13 гадоў: «Мілошавіч застаўся!» Халодны душ на рамантычныя ўяўленні з мінулага. Але і ўрокі на будучае. Будучае пасля Лукашэнкі.

Дэмакратычная палітычная сістэма мае дакладна вызначаныя як фармальныя рамкі — інстытуты і працэдуры, так і сутнасныя — сукупнасць асноўных дэмакратычных каштоўнасцей і стандартаў, правіл і інструментаў.

На жаль, у арсенале чалавецтва ёсць і практычны досвед, калі дэмакратычная форма не падмацавана дэмакратычным зместам. Імітацыйная дэмакратыя, якая прыкрывае аўтарытарную і таталітарную канструкцыю ўлады.

Рэжым Лукашэнкі — прыклад менавіта такой, на сто адсоткаў імітацыйнай, сістэмы, адбудаванай на аскепку былой савецкай сістэмы. Яшчэ і ўмацаванай адноўленымі элементамі сталінскай сістэмы.

Рэжым Мілошавіча ў параўнанні з лукашэнкаўскім меў пэўныя адрозненні, якія і спрычыніліся да яго краху. У прыватнасці, Мілошавіч абапіраўся на сваю партыю, якая мела абсалютна пануючыя пазіцыі ва ўсіх структурах сістэмы, але ж самім фактам сваёй прысутнасці дапускала і дзейнасць апазіцыйных партый.

Рэжым не здолеў адфільтраваць склад мясцовых органаў улады, там былі прадстаўнікі апазіцыі, якія ўвайшлі і ў выбарчыя камісіі. Сістэма кантролю за выбарамі і, галоўнае, механізм фальсіфікацыі вынікаў галасавання Мілошавіч яшчэ не паспеў давесці да таталітарнай кандыцыі. Гэтак жа, як і механізм кантролю над СМІ. Пэўны люфт для манеўра мелі і розныя групоўкі ўнутры сербскай уладнай эліты.

Характэрна, што нават сам факт звяржэння рэжыму Мілошавіча сёння многімі ў Сербіі ацэньваецца па іншаму. Ужо не як дэмакратычная рэвалюцыя, а «ці то рэвалюцыя, ці то наменклатурны пераварот, а хутчэй за ўсё і тое, і тое разам — і рэвалюцыя і путч», як афарыстычна выказалася Святлана Лукіч, журналіст, стваральніца і рэдактар уплывовага незалежнага радыё і сайта «Песчанік». Ацэнка прафесара Бялградскага ўніверсітэту Дубраўкі Стаянавіч была наогул адназначнай: дзяржаўны пераварот, рэалізаваны арміяй і паліцыяй.

2_svjatlana_luk_ch_logo.jpg

Святлана Лукіч

На погляд маіх суразмоўцаў, пад ціскам жорсткіх палітычных і эканамічных санкцый, пасля бамбардзіроўкі Бялграда рэжым Мілошавіча быў ужо на апошнім здыханні і мог выратавацца толькі праз увядзенне жорсткай дыктатуры. Але на гэта быў ужо не здольны. Градус незадавальнення ў грамадстве рэзка ішоў уверх. Пасля бамбёжак рознакаляровыя палітычныя сілы вельмі хутка аб’ядналіся, але не на ідэалах, а супраць Мілошавіча. Сышліся на адзіным кандыдаце на прэзідэнцкія выбары — Ваіславе Каштуніцы, які спавядаў тую ж ідэалогію, што і Мілошавіч, толькі ў мяккім варыянце, без ідэі вайны. Як адзначыла Святлана Лукіч, «гэта быў вялікі кампраміс, магчыма, нават заўчасны, магчыма, 5 кастрычніка 2000 года зарана прыйшло».

Тым не менш віна Мілошавіча пад сумненне не ставіцца. «Год таму, — іранізавала дырэктар і галоўны рэдактар незалежнага штотыднёвіка «Novi Magazin» Надзея Гачэ, — я сказала сабе, што не буду ніколі ўзгадваць імя Слабадана Мілошавіча. Па той прычыне, што упэўнена: большая частка віны за тое, што адбылося з Югаславіяй і Сербіяй, ляжыць на ім. Але за 13 гадоў, што прайшлі пасля яго, а гэта вялікі перыяд, можна было і трэба было зрабіць усё па-іншаму. Людзі, што ва ўладзе пасля Мілошавіча, ускладаюць усю віну на яго, каб зняць віну з сябе, за тое, што нічога не робяць».

Надзея Гачэ

Дэмакратычная рамка

Тут, на мой погляд, варта ўзгадаць пра агульную рысу паводзін кіроўнай групоўкі, у тым ліку ў сілавых структурах, аўтарытарных рэжымаў. Гэтыя паводзіны заўсёды вызначаюцца не прынцыпамі і мараллю, а выключна інстынктам самазахавання — сваёй улады, прывілей і багацця.

Падчас масавых сацыяльных узрушэнняў яны арыентуюцца на магчымага пераможцу і, адпаведна, схіляюцца ў той ці іншы бок. І , адпаведна ж, ці жорстка падаўляюць паўстанне, ці абдымаюцца з паўстанцамі. Бывае, памыляюцца ў выбары, бывае, расколваюцца, што абвастрае канфлікт, аж да ўзброенага сутыкнення, да грамадзянскай вайны.

Узгадваю эпізод са спробай імпічменту, які арганізавала частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання новаабранаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. У былой рэзідэнцыі ЦК КПБ, што месцілася ў завулку Фрунзэ, да ночы ішлі перамовы паміж бакамі, ініцыяванымі тройкай вышэйшага расійскага кіраўніцтва на чале з прэм’ерам Віктарам Чарнамырдзіным, што тэрмінова прыляцела ў Мінск дзеля ўратавання Лукашэнкі.

Не спалі, чакалі вынікаў той нарады дэпутаты і міністры, кабінеты якіх тады месціліся ў Доме ўраду, толькі ў розных яго крылах. Недзе бліжэй да апоўначы ў кабінеце аднаго з дэпутатаў, як бы дэмакрата, чый подпіс значыўся пад заявай аб імпічменце, прагучаў тэлефонны званок ад сябра-міністра: «Прэзідэнт перамог, збірай манаткі». У Вярхоўным Савеце яго больш не бачылі. Пабачылі ўжо ў крэсле штучна сфарміраванай прэзідэнтам Палаты прадстаўнікоў. Было б наадварот — у адстаўку б на знак пратэсту збеглі б многія міністры, з разлікам зноўку вярнуцца ў свае кабінеты па мандату новай улады.

Беларуская дэмакратычная апазіцыя мірна прайграла свой шанец. Сербская апазіцыя мірна выйграла. Што ўжо можна лічыць дасягненнем, вартым быць прыпісаным у заслугу ўсім тым палітычным сілам, што спрычыніліся да вырашэння крызісу 2000 года. У каго б яны ні пераўвасобіліся, і якія б ацэнкі ні гучалі наконт іх дзеянняў пасля.

Палітычны водападзел

Менавіта падзенне рэжыму Мілошавіча абазначае мяжу паміж дзвюма палітычнымі эпохамі ў найноўшай гісторыі Сербіі. Пры ўсім іх падабенстве. Фармальныя рамкі палітычнай сістэмы, што сфарміравалася за 13 год пасля краху персаналісцкага рэжыму Мілошавіча, нават пры ўсёй прыдзірлівасці, нельга вызначыць інакш як рамкі дэмакратычнай сістэмы. І яны не бутафорскія.

У наяўнасці ўсе галіны ўлады — парламент, прэзідэнт і ўрад, суд. У пэўнай ступені рэальным, а не на паперы толькі, падзелам функцый і адказнасці. Ёсць рэальная шматпартыйная сістэма — 18 партый, з якіх 7 прадстаўлены ў парламенце. Ёсць галоўнае — выбары з рэальным падлікам галасоў і зменай улады. Прэзідэнт абіраецца на ўсеагульных выбарах. Старшыня ўраду — парламентам, з кандыдатур прапанаваных прэзідэнтам.

Па выніках апошніх парламенцкіх выбараў, якія прайшлі ў маі мінулага года, у парламенце адбылася змена кіруючай кааліцыі. Галасы размеркаваліся наступным чынам:

Выбарчы спіс

Колькасць мандатаў

Сербская прагрэсіўная партыя

73

Дэмакратычная партыя

67

Блок партый: Сацыялістычная партыя Сербіі — Партыя пенсіянераў — «Адзіная Сербія»

44

Дэмакратычная партыя Сербіі (лідар Ваіслаў Каштуніца)

21

Ліберальна-дэмакратычная партыя

20

Аб’яднаныя рэгіёны Сербіі

16

Партыі нацыянальных меншасцяў

10

Узначальвае кіруючую кааліцыю Сербская прагрэсіўная партыя, лідарам якой з’яўляецца прэзідэнт Таміслаў Нікаліч. Гэта партыя вырасла з нацыяналістычнай Сербскай радыкальнай партыі Ваіслава Шэшаля, паплечніка Слабадана Мілошавіча. Лідар Дэмакратычнай партыі, якая саступіла кіруючыя пазіцыі — Барыс Тадзіч, папярэдні прэзідэнт Сербіі.

Крытыкі сённяшняй улады, палітыкаў і партый фіксуюць і пэўныя пазітыўныя вынікі 13 апошніх гадоў развіцця Сербіі. Гэта — мір і спакой, адсутнасць вайны і масавых беспарадкаў; выбары, магчымасць кожнаму гаварыць, што лічыць неабходным; адсутнасць палітычных рэпрэсій і пагрозы фізічнай расправы; наяўнасць некаторых дэмакратычных інстытутаў; арыентацыя на ўступленне ў Еўрасаюз. Аднак пасля кожнага з гэтага пунктаў гучала «але»…

Прывіды з мінулага

Дык дзе ж на палітычным полі Сербіі месца прывіду Мілошавіча? І хто на новенькага? Першай схованкай для зданяў з мінулага стаўся кадравы корпус Мілошавіча, люстрацыя якога новыя ўлады не правялі. Зараз гэтыя кадры, ва ўсялякім выпадку з вышэйшых звенняў, амаль усе сышлі, але новыя палітыкі заразіліся аўтарытарным вірусам і абярнулі ўладныя рычагі не на карысць краіне і людзям, а сабе. Адсюль размах карупцыі.

5_praezd_da_budinku_logo.jpg

Праезд да будынку Дома ўрада. Справа, прыкладна на тым месцы, дзе стаіць другая машына, стрэлам са снайперскай вінтоўкі быў забіты ў 2003 годзе тагачасны прэм’ер Зоран Джынджыч 

Урэшце — стан сербскага грамадства, якое з большага засталося патрыярхальным і ў традыцыі якога, па меркаванні Сешкі Станойлавіч, кіраўніка Хельсінскага камітэта па правах чалавека ў Сербіі, прысутнічае згода на аўтарытарны рэжым. Чацвёртая — ідэалогія, якая засталася з 1990-х, больш за тое, увайшла ў Канстытуцыю, у школьную праграму. Гэта ўяўленні аб страчанай Вялікай Сербіі. Сербіі як пастаяннай ахвяры, аб несправядлівай страце Косава — святой зямлі, якая палягае вяртанню, калі здарыцца зручны момант.

Па меркаванні аналітыка Дэяна Іліча, «не Мілошавіч з’яўляецца праблемай сербскага грамадства. Гэта сербскае грамадства стварыла Мілошавіча. І калі яго не стала, праблемы не вырашыліся, і кожны з новых прэзідэнтаў у пэўнай ступені паўтараў Мілошавіча». Няма прынцыповай розніцы тады, калі пры ўладзе былі Тадзіч і яго Дэмакратычная партыя і цяпер, калі на версе Сербская прагрэсіўная партыя, а яе лідар Нікаліч з’яўляецца кіраўніком дзяржавы».

3_dejan_l_ch_logo.jpg

Дэян Іліч

На сёння ў Сербіі самай моцнай і ўплывовай фігурай з’яўляецца Аляксандр Вучыч, намеснік прэм’ера. І менавіта ад яго, на погляд многіх аналітыкаў, сыходзіць небяспека ўзмацнення аўтарытарнай тэндэнцыі. У доказ — адсутнасць любой крытыкі на яго адрас, кампанія прапаганды на яго карысць, найперш на праз распачатую ім кампанію барацьбы з карупцыяй.

На маё здзіўленне — чаму ад намесніка, нават не ад прэм’ера, — дакладнага адказу я не атрымаў. Акрамя, што прэм’еру проста патрэбна была пасада, каб жыць для сябе. Глыбей — гэта ёсць персаналізаваны вынік закрытай ад публічнасці барацьбы ўнутры элітарных палітычных груповак. На погляд іншых, Вучыч — проста той, хто ўзяўся за справу, каму баліць за краіну.

Пры ўсіх зменах улады, адзначалі эксперты, аднолькава цяжкай застаецца эканамічная сітуацыя. Вялікае беспрацоўе, асабліва сярод моладзі. Сярэдні заробак у Сербіі — каля 500 долараў. Масавы ад’езд моладзі і кваліфікаваных кадраў за мяжу. Моцны рост сацыяльнай незадаволенасці насельніцтва.

«Замест таго, каб змяніць сістэму сацыяльнай абароны, — кажа Дэян Іліч, — улады пачынаюць саджаць у турму тых людзей, якія разбагацелі раней. І толькі дзеля таго, каб вызваліць месца для кагосьці са сваіх, сваёй партыі. Замест паляпшэння жыцця, справядлівага размеркавання багацця — сімвалічная эканамічная сатысфакцыя. Дакладней, бачнасць гэтай сатысфакцыі».

У тым ліку і па той прычыне, як адзначалі ўсе мае суразмоўцы, што абвінавачванні выносяцца і публікуюцца ў падкантрольных уладзе СМІ да суда. Зразумела, што барацьба з карупцыяй вітаецца насельніцтвам, і яе ўскосным вынікам з’яўляецца падвышэнне рэйтынгу палітыкаў і партый, якія яе праводзяць.

Але негатыўныя наступствы такой формы барацьбы перакрываюць яе сумнеўны пазітыў. Падрываецца прынцып вяршэнства права, незалежнасці судовай сістэмы. Менавіта адсутнасць паслядоўнай судовай рэформы ставіцца найперш у віну ўладам. Бо знікае ідэя агульнай узаемадапамогі, салідарнасці, клопату аб старых і слабых.

Парадокс шматпартыйнасці

Галоўнае, на погляд сербскіх крытыкаў рэжыму, палягае не ў тым толькі, каб змяніць асобу і нават удзельнікаў працэсу, што ёсць важным зыходным пунктам дэмакратычных перамен, але змяніць структуру грамадства, змяніць сістэму. Калі гэтага не зрабіць вельмі хутка, атрымаецца тое ж самае.

Сербскім парадоксам можна лічыць той факт, што шматпартыйная сістэма забуксавала не на форме і працэдуры змены ўлады, а на каштоўнасцях, дзеля сцвярджэння якіх патрэбныя рэформы.

Структура ўлады, дэмакратычная па форме, аформілася такім чынам, што партыі як бы страцілі адчуванне свайго лёсавызначальнага палітычнага прызначэння — архітэктараў і будаўнікоў рэальнай палітыкі ў інтарэсах усяго грамадства — з вяршэнствам права, наяўнасцю ўсяго комплексу свабодаў, высокім сацыяльным дабрабытам.

З рэек каштоўнасцей партыі саслізнулі на рэйкі змагання за ўладу як самамэту, за якой з непазбежнасцю матэрыялізаваўся монстр асабістага інтарэсу.

«Пры Мілошавічы, — разважала праваабаронца Наталля Братулевіч, — ён і партыя яго і жонкі фарміравалі ўладу. Пасля персанальная ўлада Мілошавіча пераўтварылася ў партакратычную. 18 партый падзялілі ўладу. Прычым далёка не ўсе яны былі дэмакратычнымі. Іх аб’ядноўвала адна мэта — прыбраць Мілошавіча».

Тым не менш, на скрыжаванні праблем пасля Мілошавіча ў эпіцэнтры барацьбы за дэмакратычныя рэформы аказаліся менавіта партыі. Гэта ёсць ці не найважнейшы аргумент за тое, што ў Сербіі, як бы там ні было, усталявалася дэмакратычная сістэма. Далёкая ад узору, але іншага інструментарыя няма.

6_zhiccjo_pracjagvaecca_logo.jpg


6_1_logo.jpg


Жыццё працягваецца. Рэстаран, заснаваны яшчэ ў 19 ст., папулярны ў творчых колах. Ля ўвахода фота і аўтографы знакамітых наведвальнікаў. Адносна танны. Добры абед з півам каштуе каля 10 еўра

Не выпадкова, што, нягледзячы на расчараванні ў партыях і палітыках, свае спадзяванні на далейшыя дэмакратычныя рэформы крытыкі цяперашняга рэжыму звязваюць менавіта з партыямі. Прычым з тымі ж, якія выклікалі расчараванне, канкрэтна — з Дэмакратычнай партыяй і Ліберальна-дэмакратычнай партыяй.

Паказальна таксама, што менавіта працэдура галасавання была выкарыстана апазіцыйнай часткай грамадства для аказання ўплыву на гэтыя партыі, каб развярнуць іх да каштоўнасцей, прымусіць да правядзення сапраўдных і паслядоўных дэмакратычных рэформ, паскарэння тэмпу рэформ.

У прыватнасці, на апошніх выбарах частка грамадства, што раней галасавала за гэтыя партыі, апусціла ў выбарчыя скрыні пустыя бюлетэні. Менавіта іх галасоў, прыкладна, 4–5 працэнтаў, і не хапіла Дэмакратычнай і Ліберальна-дэмакратычнай партыям для перамогі. За што яны цяпер і абвінавачваюць грамадства ў сваёй паразе. «Мы ж адказваем ім, — тлумачыць гэту тактыку Дэян Іліч, — што вы ж бачыце: без нас, без нашай падтрымкі вы не зможаце выйграць, таму мяняйцеся, бярыцеся за справу дзеля агульнага дабра. Будзем галасаваць за вас, калі вы памяняецеся».

У выніку не такой ужо змрочнай аказалася формула: «Мілошавіч застаўся» пры больш падрабязным аналізе. Гэта, хутчэй, эмацыйная форма расчаравання за няздзейсненыя чаканні, незадавальненне палітыкамі, чые памылкі і эгацэнтрызм абярнуліся страчаным часам, нерэалізаванымі магчымасцямі.

Асабліва на фоне сітуацыі ў Беларусі. «У вас так, як у нас было пры Мілошавічу, — сумна канстатавалі мае сербскія суразмоўцы. — З вашага пункту погляду, той узровень, дзе мы знаходзімся, — гэта добра. З нашага — можна на шмат лепш». Сербскія праблемы, як і шэрагу іншых посттаталітарных дзяржаў, што выйшлі на шлях дэмакратыі, — гэта праблемы нашага заўтрашняга дня.

На сённяшні дзень сербская інтэлектуальная апазіцыя ў якасці галоўнай вызначае мэту давесці дэмакратычны змест паслямілошавічскай палітычнай канструкцыі да адпаведнасці яго дэмакратычным рамкам. Паскорыць тэмп рэформ. Змяніць склад палітычных гульцоў і саму сістэму. Адкарэкціраваць ідэалогію існуючай мадэлі. Правесці рэформы судовай сісэмы і сістэмы адукацыі.